Дажыць да плэй-оф
Пасля невялікага перапынку, прысвечанага гульням нацыянальных зборных, рэгулярны чэмпіянат КХЛ зноў вярнуўся на лядовыя пляцоўкі чатырох краін — Беларусі, Расіі, Латвіі і Казахстана. З набліжэннем вясны кожны матч становіцца ў чымсьці вырашальным, і для выканання пастаўленай задачы камандам патрэбна выцягваць з сябе нашмат больш фізічных сіл і майстэрства, чым ёсць насамрэч.
Мінскаму "Дынама", якое працягвае барацьбу за пападанне ў плэй-оф, засталося правесці ўсяго два матчы. І калі перад паядынкам з чалябінскім "Трактарам" мінчане саступалі сваім галоўным канкурэнтам за восьмы радок Заходняй канферэнцыі, ніжагародскаму "Тарпеда" два балы, то зараз ужо "бела-блакітныя" маюць перавагу над супернікамі пры роўнай колькасці праведзеных гульняў.
А пачыналася ўсё вечарам серады не вельмі добра. "Зубры" на "Мінск-Арэне" ніяк не маглі прабіць галкіпера чалябінцаў Скота, а "Тарпеда" тым часам на дамашняй пляцоўцы ўпэўнена перамагала астанінскі "Барыс" 2:0...
Не дапамог беларусам нават прызначаны за недазволены прыём супраць Дзмітрыя Мялешкі буліт. Сам пацярпелы накіраваў шайбу над галкіперам, але тая, на жаль, трапіла ў бэльку. Першы перыяд так і скончыўся з нулямі на табло — і гэта, маючы на ўвазе ход паядынку ў Ніжнім Ноўгарадзе, пакідала дынамаўцам не вельмі добрыя шанцы.
Яшчэ горшай сітуацыя стала, калі ў сярэдзіне другой дваццаціхвілінкі нападаючы чалябінцаў Піскуноў магутным кідком прабіў "сцяну Мезіна". Адразу пасля гэтага шанц аднавіць раўнавагу меў капітан "зуброў" Андрэй Міхалёў, аднак у вароты не патрапіў. Затое яшчэ праз хвіліну Петэр Падграцкі выдатна патрапіў у вароты пасля сольнага праходу. Лік стаў 1:1, і заўзятары на трыбунах "Мінск-Арэны" прачнуліся, пачаўшы без перапынку гнаць у атаку сваіх хакеістаў.
Вырашальным стаў трэці адрэзак матча. Ужо на пятай яго хвіліне Дзямагін пасля перадач Мялешкі і Касцючонка вывеў мінчан наперад. Менш чым праз 60 секунд ужо Корса з Платам разыгралі сваю канадскую камбінацыю, і лепшы галеадор "зуброў" зрабіў лік 3:1. Праз пару абаротаў секунднай стрэлкі і другі канадзец пасля падобнай распасоўкі пакінуў сваё прозвішча на табло "Мінск-Арэны" — 4:1!
Аднак найбольшую радасць гаспадарам прынеслі нават не гэтыя шайбы, а навіны з Ніжняга Ноўгарада, дзе "Тарпеда" ўсё ж саступіла "Барысу" з лікам 3:5. І гэтай радасці не перашкодзіла нават яшчэ адна прапушчаная Мезіным шайба. У любым выпадку "бела-блакітныя" выйшлі наперад у змаганні за восьмы радок турнірнай табліцы, які дазваляе працягнуць барацьбу за Кубак Гагарына.
Цяпер дынамаўцаў чакаюць паядынкі з лідарамі турніру — уфімскім "Салаватам Юлаевым" (сёння) і магнітагорскім "Металургам" (у нядзелю). Менавіта яны стануць завяршальным этапам рэгулярнага сезону і, спадзяёмся, менавіта яны дазволяць мінчанам працягнуць барацьбу ў плэй-оф. Верым, можам, пераможам!
Яўген ВАРАСКА.