Дома прайграў "Мілан", не здолела выйграць і "Валенсія"
Прайшлі першыя матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Лёс матча паміж "Міланам" і "Тотэнхэмам" вызначыў адзіны гол, які запісаў на свой рахунак на 80-й хвіліне Пітэр Краўч. Каманды не шкадавалі ні сябе, ні суперніка, забыўшыся, праўда, на балельшчыкаў, якім замест небяспечных момантаў каля варот нярэдка прыходзілася назіраць за высвятленнем адносінў паміж супернікамі ў цэнтры поля. Міланцы то абараняліся, то запіралі англічан на іх палове поля, і вось адзін з такіх момантаў на 80-й хвіліне перарос у выніковую контратаку "Тотэнхэма". Адзіны мяч забяспечыў лонданцам добрую перавагу перад матчам у адказ, які пройдзе 9 сакавіка ў Лондане на "Уайт Харт Лэйн".
У другім матчы, дзе "Валенсія" прымала "Шальке-04", падапечныя Уная Эмеры не здолелі ўтрымаць пераможны лік. Іспанцы з пачатку гульні завалодалі ініцыятывай, і на 17-й хвіліне гэта дало вынік — мяч у вароты пераправіў Сальдада. Але на 64-й хвіліне Рауль перадаў прывітанне балельшчыкам "Валенсіі" і ўсім сваім суайчыннікам — 1:1. "Валенсія" кінулася адыгрывацца, але падапечныя Фелікса Магата памылак у абароне больш не дапусцілі.
Алена КРАВЕЦ.