СПОРТ-ТАЙМ

Источник материала:  
Домрачава зноў трэцяя

Пасля гонкі Дар'я скардзілася на тое, што стаміліся ногі.

На этапе Кубка свету ў амерыканскім Форт-Кейне Дар'я Домрачава ў гонцы з масавым стартам заваявала бронзавы медаль. Апярэдзілі Дашу толькі дзве немкі — Магдалена Нойнер і Андрэа Хенкель. І хуткасць, і стральба на гэты раз не падвялі Домрачаву — нейкі час наша Дар'я апярэджвала Хенкель і магла прэтэндаваць на больш высокае месца.

На чатырох агнявых рубяжах у беларускі ўсяго адзін промах — столькі ж і ў суперніц на п'едэстале. А вось калі казаць пра хуткасць, то ў Дар'і ёсць прычыны быць незадаволенай сабой. Так яна адазвалася пра амерыканскую трасу: "Для дзяўчат было вельмі складана некалькі разоў праходзіць пад'ём. У мяне вельмі стаміліся ногі. Заўтра мы вернемся ў Германію, адпачнём некалькі дзён, а затым пачнём збор у Лангдорфе", — цытуе Домрачаву афіцыйны сайт ІBU. У агульным заліку Кубка свету Дар'я Домрачава займае шосты радок. Узначальвае спіс немка Андрэа Хенкель.

Кушнір выйграў маскоўскі этап Кубка свету

У выхадныя ў Маскве завяршыўся 14-ты этап Кубка свету па фрыстайле. У мужчынскім турніры па лыжнай акрабатыцы не было роўных нашаму Антону Кушніру. Украінец Станіслаў Краўчук заняў другое месца, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету кітаец Ці Гуанпю — трэцяе. Лепшым з расіян стаў Ілья Бураў, у яго шостае месца.

Арганізатары абяцалі і рэкордную для этапаў Кубка свету колькасць гледачоў. Праўда, як паведамляюць расійскія СМІ, такая колькасць гледачоў дасягалася штучна — многія школы Масквы атрымалі загад забяспечыць спаборніцтвы сваімі вучнямі ў якасці балельшчыкаў, што ў такое марознае надвор'е і падчас разгулу грыпу аказалася задачай няпростай.

Матч БАТЭ супраць "ПСЖ" пад пагрозай

Як вядома, у чацвер, 17 лютага, на мінскім стадыёне "Дынама" павінен быў адбыцца матч 1/16 фіналу Лігі Еўропы, дзе наш чэмпіён БАТЭ вырашаў бы свой далейшы еўракубкавы лёс. Да гэтага паядынку наша каманда старанна рыхтавалася, правёўшы два зборы ў Турцыі. Але гэта ў Антальі зараз плюс 18, а ў Мінску, куды каманда вярнулася ўчора, раніцай было мінус 20. І прагнозы несуцяшальныя: самай халоднай на гэтым тыдні абяцаюць ноч на сераду: да — 30 на поўначы! Паводле правілаў, матч можа быць перанесены на наступны дзень або на поле нейтральнай краіны, калі тэмпература ніжэй за 15 градусаў.

Французы адчувальныя ў плане надвор'я — гэта мы і з гісторыі з войскам Напалеона памятаем. Яшчэ ў панядзелак кіраўніцтва "ПСЖ" звярнулася да УЕФА з просьбай перанесці матч у сувязі з халодным надвор'ем, якое ўсталявалася ў Беларусі.

— Мы гатовыя гуляць у поўдзень ці ў 14 гадзін у выніку неабходнасці, — адзначыў галоўны трэнер каманды Антуан Камбуарэ. — Я спадзяюся, ва УЕФА знойдуцца адказныя супрацоўнікі, якія прымуць правільнае рашэнне ў гэтай сітуацыі, — паведамляе lequіpe.fr.

Тым часам крыніцы ва УЕФА паведамляюць, што рашэнне па пераносе матчу могуць быць прынятыя толькі ў сераду.

— Мы атрымалі запыт ад "ПСЖ", аднак рашэнне прымем у сераду, — цытуе прадстаўніка УЕФА L`Equіpe.

Трэба адзначыць, што перанесці паядынак на больш позні тэрмін даволі складана з-за насычанага календара "ПСЖ".

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Футбол. Жозе Муринью: горжусь моими игроками

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика