Беларускім футбалістам не рэкамендуюць браць майкі з нумарамі 14, 18, 28, 88
На пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола прынята неадназначнае рашэнне, якое пакуль не знайшло разумення нават у трэнерскім асяроддзі. Футбалістам не рэкамендавана выкарыстоўваць на майках нумары 14, 18, 28, 88, бо яны быццам бы звязаны з экстрэмісцкай і нацысцкай сімволікай.
Чым выклікана такое рашэнне, здагадацца нескладана. Летась на матчах чэмпіянату Беларусі балельшчыкі неаднаразова вызначаліся нацысцкімі выхадкамі. За банер у падтрымку нацыста Рудольфа Геса было аштрафавана мінскае "Дынама". А на матчы другога круга ў Барысаве супраць БАТЭ фанацкі сектар "Дынама" скандзіраваў ці то "Просім-просім-адзін-чатыры", ці то "Восем-восем-адзін-чатыры". Няма сумненняў, учынкі непрыгожыя. Аднак навошта забараняць гэтыя лічбы ў нумарах на майках футбалістаў, ад гэтага больш зразумелым не становіцца.
— Не думаю, што гульцы абіраюць нумар з нейкімі экстрэмісцкімі разважаннямі. Тыя футбалісты, якія мелі такія нумары ў мінулым сезоне, увогуле пра гэта не задумваліся. Не бачу вялікага сэнсу іх забараняць, — пракаментаваў сітуацыю галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. У барысаўскім клубе пад 14-м нумарам летась выступаў абаронца Арцём Радзькоў.
— Ці забароніце вы Антону Пуцілу выступаць у зборнай пад 14-м нумарам? — спыталі ўчора ў Бернда Штанге.
— Я пра гэта нічога не ведаю. А што гэта за нумары? Мы гуляем у футбол, гэта зусім іншы раздзел. Наколькі я ведаю, лічба 88 забаронена ФІФА. Але ў нас ёсць нумары ад 1 да 50, мы з імі гуляем. Першы раз пра гэта чую. Падобнае рашэнне ў свой час было ў Аргенціне, шмат гадоў існавала забарона на лічбу 10, ніхто не хацеў браць гэты нумар... Я зараз даведаўся пра нешта новае. Калі ёсць такое рашэнне, трэба перапісаць сабе нумары, каб не нарабіць памылак...
Вось так праінфармавалі і крыху шакіравалі мы Бернда Штанге. Акрамя Антона Пуцілы пад 14-м нумарам, у зборнай пад яшчэ адным забароненым, 18-м, выступае Дзмітрый Верхаўцоў. А Сяргей Карніленка ў "Рубіне" меў 88-ы нумар. Яшчэ не ведаючы пра забарону, у інтэрв'ю парталу Gazetaby.com нападаючы выказаў жаданне атрымаць такі нумар і ў "Блэкпуле"...
На Кубку федэрацыі нашы тэнісісткі абыгралі аўстрыек і харватакНаша жаночая зборная па тэнісе ў чарговы раз імкнецца выбрацца з 1-й групы Еўра-Афрыканскай зоны, каб трапіць у плэй-оф другой Сусветнай групы. Адбываецца гэта на Кубку федэрацый, які з 2 па 5 лютага праходзіць у Эйлаце (Ізраіль). І пакуль усё для Вікторыі Азаранкі (9-я ракетка свету), Вольгі Гаварцовай (73-я), Дар'і Куставай (161-я) і Таццяны Пучак (414-я) складваецца надзвычай удала. Пазаўчора наша каманда з лікам 3:0 выйграла першы матч у зборнай Аўстрыі. Спачатку Вольга Гаварцова перайграла Патрыцыю Майр-Ахляйтнер (98) — 6:2, 6:1. Потым Вікторыя Азаранка ўзяла верх над Зюбіле Бамер (79) — 6:4, 6:1. Парная сустрэча не стала вялікай перашкодай для Таццяны Пучак і Дар'і Куставай — яны перамаглі Сандру Клеменшыц (108) і Патрыцыю Майр-Ахляйтнер (564).
Учора нашы тэнісісткі выйгралі матч і супраць зборнай Харватыі. І зноў 3:0. Вольга Гаварцова перамагла Ані Міячыку (383) — 6:2, 6:2, а затым Вікторыя Азаранка справілася з Аленай Панджыч (265) — 6:3, 6:1. Наш парны дуэт таксама перамог Сільвію Ньірыч (587) і Айлу Тамлянавіч (770) — 6:2, 6:4. Сёння нашы тэнісісткі сустрэнуцца з камандай Грэцыі. Менавіта пераможца групы і будзе змагацца за выхад у плэй-оф 2-й Сусветнай групы. Будзем спадзявацца, што ў дзяўчат атрымаецца. Тым больш што кіруе імі вядомы беларускі спецыяліст, віцэ-старшыня НАК Сяргей Цяцерын, які ў свой час з камандай Максіма Мірнага і Уладзіміра Валчкова перамагаў саміх расіян і аргенцінцаў.
Алена АЎЧЫННІКАВА.