І рэкорда было мала

Источник материала:  

"Мінск-Арэна" ўсталявала рэкорд, пераўзысці які бліжэйшым часам не атрымаецца ні ў каго, акрамя самой "Мінск-Арэны". На матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ паміж мінскім "Дынама" і маскоўскім "ЦСКА" прысутнічала 15.576 гледачоў — найбольшая колькасць за ўсю трохгадовую гісторыю лігі.

Заўзятары на трыбунах былі хіба што самай светлай плямай паядынку "зуброў" супраць гасцей са сталіцы Расіі. На працягу ўсяго матча яны падтрымлівалі сваю каманду, аднак хакейнае шчасце чарговы раз выбрала не "бела-блакітную" афарбоўку.

І рэкорда было мала

"Дынама" распачало гульню сваімі атакамі. Канадзец Корса ўжо на 5-ай хвіліне здолеў дабіць шайбу ў вароты пасля таго, як яе выпусціў з пальчаткі галкіпер гасцей. Аднак радасць была кароткачасовай: суддзя свіснуў за імгненне раней. Гаспадары працягвалі шукаць дарогу да "чужых" варот, а пра свае на некалькі секунд забыліся. І "армеец" Паршын скарыстаўся адным з нешматлікіх момантаў каля варот Мезіна. Праўда, беларусы адказалі хутка. Корабаў кідаў здалёк, Варламаў дабіваў з "пятачка" — 1:1. Другі перыяд таксама адзначыўся дзвюма, па адной у кожныя вароты, шайбамі. Спачатку "зубры" няўдала дзейнічалі ў абароне пры гульні ў меншасці і ўсё той жа Паршын добрай перадачай дазволіў Суглобаву расстрэльваць пусты вугал варот. А потым ужо "бела-блакітныя" канадцы Плат і Корса чарговы раз прадэманстравалі сваё майстэрства: галявы кідок лепшага галеадора мінчан Плата ледзь не нанёс шкоды сетцы ў варотах.

Падчас трэцяй дваццаціхвілінкі ў Мінск прыляцелі навіны аб тым, што галоўны канкурэнт "дынамаўцаў", ніжагародскае "Тарпеда", перамагло ў матчы з "Нафтахімікам". Гэта азначала, што мінчанам яшчэ больш патрэбна старацца перамагчы ў асноўны час. Аднак, нягледзячы на 13 (супраць чатырох гасцявых) кідкоў па варотах "ЦСКА" ў трэцім перыядзе, лік так і застаўся нічыйным — 2:2.

Авертайм і буліты апошнім часам беларускай камандзе не атрымоўваецца выйграць. Вось і ў нядзелю ў дадатковай пяціхвілінцы гаспадары, здавалася, толькі пачалі шукаць шанц каля варот "ЦСКА", аднак Корса непатрэбным выдаленнем прымусіў працаваць у напружаным рэжыме Мезіна. Галкіпер зборнай сваю задачу выканаў паспяхова. Выратоўваў Мезін у серыі булітаў. Са сваім калегам Валікетам яны на пару адбілі 7 кідкоў з 8. І, на жаль, адзіны прапушчаны гол прыйшоўся на долю беларуса.

Тым самым задачу выхаду ў плэй-оф "Дынама" зрабіла для сябе яшчэ цяжэйшай. "Бела-блакітныя" пакуль займаюць восьмае месца, аднак "Тарпеда" саступае толькі адзін бал. Пры тым, што ніжагародцы правялі пакуль на два матчы менш. Тры апошнія паядынкі ў рэгулярным сезоне, якія і вырашаць далейшы лёс каманды, "зубры" правядуць пасля міжнароднай паўзы, падчас якой хакеісты раз'язджаюцца па сваіх зборных.

Яўген ВАРАКСА.

←Хоккей. НХЛ. "Матч звезд". Команда Лидстрема, пропустив 10 шайб, одолела команду Стаала, MVP поединка стал Патрик Шарп

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика