Надзея ў коме

Источник материала:  

Два гарады калісьці адной краіны даўно разышліся ў розныя бакі. Змяніўшы свой статус з правінцыйных на сталічны, яны з'яўляюцца зараз гаспадарамі дзвюх хакейных каманд з аднолькавай назвай — "Дынама". Цяпер настаў час, калі і гэтыя каманды, нягледзячы на роднасць імёнаў, рухаюцца па супрацьлеглых напрамках. "Дынама" рыжскае ўпэўнена крочыць у плэй-оф, а "Дынама" мінскае ўсё глыбей апускаецца на дно турнірнай табліцы.

Вечарам серады каманда Марэка Сікоры правяла свой апошні гасцявы паядынак у трэцім сезоне рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Склад каманды, нарэшце, быў аптымальны, і чэшскі галоўкам рыхтаваў сваіх падначаленых у апошні штурм. У выпадку перамогі мінчане яшчэ маглі дагнаць рыжскі клуб і паспрачацца за сёмы радок Заходняй канферэнцыі. І, трэба адзначыць, "зубры" паказалі яскравую, баявую і эмацыйную гульню, вось толькі для перамогі гэтага не хапіла.

Першы перыяд прайшоў з перавагай беларусаў. "Зубры", нібы набыўшы ў рыжскім супермаркеце крылы, ляталі па пляцоўцы, на імгненне раней, чым гаспадары, паспяваючы да шайбы. Па кідках за перыяд мінскае "Дынама" абыграла свайго візаві 13:8, аднак табло высвечвала два аднолькавыя нулі. Сваіх шанцаў не выкарысталі Плат, Сікора, Глазачаў, Міхалёў.

Другая дваццаціхвілінка парадавала россыпам закінутых шайбаў. Адлік на 25-ай хвіліне распачаў Карсумс, пакінуўшы ні з чым у барацьбе на пятачку двух беларускіх абаронцаў. Праз паўтары сотні секунд лік стаў роўным: Штумпел выдаў бліскучы пас, і Фернхольму заставалася толькі трапіць па шайбе. Аднак адразу пасля гэтага непатрэбнае выдаленне ў цэнтры пляцоўкі атрымаў Мялешка, і рыжане зноў выйшлі наперад. Яшчэ праз некалькі хвілін госці закінулі трэцюю шайбу. Спруктс выкаціўся сам-насам з Робертам Эшам і не пакінуў амерыканскаму галкіперу шанцаў.

Спадзяванні на прыемны канчатковы вынік для мінчан сталі яшчэ больш утапічнымі, калі на пачатку апошняга гульнявога адрэзка той жа Спруктс зрабіў лік 4:1. Гуляць заставалася каля 13 хвілін. Надзею мінчанам падараваў Петр Сікора. Чэшскі форвард быў першым на дабіванні. "Зубры" ў гэты момант ператварыліся ў сапраўдных драпежнікаў, накінуўшыся на вароты гаспадароў, як паляўнічыя на сваю здабычу.

Яшчэ бліжэй да поспеху стала пасля шайбы Глазачава. Лік 3:4 за пару хвілін да сірэны — не самы безнадзейны вынік. Абмяняўшыся тайм-аўтамі, каманды выйшлі на апошняе ўкідванне. Шайба нават апынулася на "пятачку" ў Плата, аднак рыжскія абаронцы вынеслі Джэфа разам з ёй як мага далей ад сваіх уладанняў.

Такім чынам, улічваючы паралельную перамогу ніжагародскага "Тарпеда", цяпер у барацьбе за месца ў плэй-оф не ўсё залежыць ад беларускай каманды. "Дынама" мае на два балы больш, чым "Тарпеда" і займае пакуль восьмы радок у Заходняй канферэнцыі, аднак ніжагародцы правядуць яшчэ на тры гульні больш. Адзіная перавага — усе свае чатыры матчы "бела-блакітныя" згуляюць на "Мінск-Арэне". Думаецца, не трэба нагадваць, як у такім моманце патрэбны перамогі і падтрымка заўзятараў. Бліжэйшы паядынак своеасаблівага этапу на выбыванне ўжо заўтра, у нядзелю, супраць маскоўскага ЦСКА.

Яўген ВАРАКСА.

←Хоккей. НХЛ. Результативная передача Руслана Салея помогла "Детройту" победить "Нью-Джерси" (ВИДЕО)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика