Нацыянальныя шахматы: гетман, князь і княжыч

Источник материала:  
11.01.2011 14:13 — Новости Спорта
Прафесар з Гродна Алесь Астроўскі распрацаваў праект «патрыятычных» шахматаў, а журналіст Мікола Тамашэвіч увасабляе яго ў жыццё.

Мікола Тамашэвіч.

Што гэта за шахматы? Дошка памерам 9х9 замест звычайнай 8х8. Яна павінна быць у выглядзе раўнабокай піраміды: кожная наступная клетка вышэй за папярэднюю, а на вяршыні трон — цэнтральная клетка. З’явілася дадатковая фігура — княжыч. А ранейшым памянялі назвы: пешка стала ратнікам, ферзь — гетманам, кароль — князем, слон — гарматай. Перамога вядзецца не за тое, каб пабіць усе фігуры саперніка, а дабрацца і ўмацавацца на троне.

Мікола Тамашэвіч перанёс ідэю прафесара Астроўскага ў электронны варыянт. І цяпер на камп’ютары можна згуляць партыю ў беларускія шахматы.

«НН»: Чаму гэтыя шахматы павінны зацікавіць і так нешматлікіх аматараў гэтай гульні?

Мікола Тамашэвіч: Сапраўды, шахматны бум, які назіраўся ў часы Савецкага Саюза, ужо прайшоў, думаю, беззваротна. Вядома, гэтую сітуацыю трэба ўлічваць і абапірацца на адных толькі майстроў у класічных шахматах было б вельмі памылкова. Заўжды менавіта сярод адмыслоўцаў і існуе найбольш скептыкаў: маўляў, навошта гэта трэба, хіба мала таго, што ёсць?! Таму мэта, як мне падаецца, якраз у зацікаўленні звычайных аматараў, якія гуляюць рэдка альбо якія не ўмеюць гуляць зусім. Іншае пытанне, як гэта зрабіць. А тут якраз мы і маем букет адмысловых прыёмаў: прывабны дызайн, прыемная музыка, цікавыя правілы гульні. З дызайнерам Аляксеем Кульбіцкім мы спрабавалі зрабіць сучасную гульню, каб нават падлеткам, якіх сёння ўжо нічым не здзівіш, было б цікава гуляцца адно з адным. І хай нават яны адкрыюць беларускія шахматы ўсяго толькі некалькі разоў, але сярод сотні карыстальнікаў, бадай, знойдзецца некалькі, хто гэтым зацікавіцца.

«НН»: А што з «матэрыяльнай» версіяй шахматаў?

МТ: Фізічная, рэальная дошка была б нашмат больш важкім аргументам на карысць вываду гэтых шахматаў з ценю. Са стварэння самой дошкі і пачалася праца, бо што такое законы, якія дзейнічаюць на паперы. А таму я стварыў макет шахматнай дошкі ў двух станах: звыклая нам згорнутая і цэльная — як у старых княжацкіх палацах. Пасля мы спрабавалі знайсці нейкія магчымасці рэалізаваць інжынерны чарцёж у жыццё, але дарэмна. Выявілася, што ўсе класічныя шахматныя дошкі, што можна бачыць у крамах, расійскай вытворчасці, і ў Беларусі іх ніхто не робіць. Тады з’явілася адзіная надзея на прыватнікаў. Але ніхто не хацеў гэтым займацца альбо кошт на выраб аднаго камплекту атрымліваўся занадта высокі. Мы зрабілі адзін варыянт самі, handemade, але казаць пра нейкую прамысловую вытворчасць пакуль не выпадае. А варыянты могуць быць розныя: з дрэва, пластыку, шкла-мэтакрылату з умураванымі насякомымі.

«НН»: Ты лічыш, што гэта можа стаць добрым беларускім брэндам. Але ж гэта будзе надта дорага, каб зрабіць яго масавым.

МТ: Мне ўсё ж падаецца, што гэта ўжо беларускі брэнд, няхай пакуль і не надта раскручаны. Што такое брэнд? Хутчэй, нейкая асаблівасць, якая, у нашым выпадку, характарызуе пэўную краіну. А ці не робяць тое нашы шахматы? Дакладна. Бо і правілы, і назовы, і ідэя — усё цалкам беларускае, звязанае з гісторыяй і сучаснасцю нашай краіны. Менавіта таму за рэкламны лозунг мы і абралі: «Традыцыйная гульня па айчынных рэаліях». Такога няма больш нідзе. Бо ўсе іншыя мадыфікацыі шахматаў, якіх даволі шмат, абмяжоўваліся проста дадаваннем нейкіх фігурак ці пашырэннем памеру поля, а ў нас мэта — іншая гульня. А наконт дарагавізны згодны, бо, каб быць канкурэнтаздольнымі з класікай, трэба шахматныя камплекты прадаваць паўсюдна ў краіне. Пакуль няма фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы ці з боку іншых спонсараў, не будзе і шырокага продажу беларускіх шахматаў. Але гэтую праблему, на мой погляд, у часы станаўлення можа вырашыць наша камп’ютарная гульня — дзеля гэтага мы яе і стварылі.

Спампаваць гульню можна тут.

Падзяліцца навіной: 
Сяргей Макарэвіч

←Буллит в исполнении белоруса Михаила Грабовского признан голом недели в НХЛ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика