У Мінску адкрываецца традыцыйны міжнародны турнір аматараў хакея
Сёння ў Мінску распачнецца традыцыйны, сёмы па ліку, Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У ім возьмуць удзел каманды з васьмі краін. Акрамя каманды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэта дружыны Расіі, Украіны, Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі, Славакіі і Фінляндыі.
Турнір, як і раней, пройдзе на трох сталічных пляцоўках: у Палацы спорту, Лядовым палацы і на "Мінск-Арэне". На папярэднім этапе каманды згуляюць у двух квартэтах, а пасля пераможцы сустрэнуцца ў фінале. Каманды, якія зоймуць другія месцы ў групе, паспрачаюцца за бронзу. Нагадаем, што пяць разоў пераможцам Каляднага міжнароднага турніру станавілася каманда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і толькі аднойчы золата заваявалі расіяне. Але ўтрымліваць пераможныя пазіцыі нашмат складаней, чым заваёўваць упершыню, таму каманда гаспадароў надзвычай старанна рыхтавалася да турніру. І, як заверыў яе капітан Андрэй Асташэвіч, выглядае не горш, чым на папярэдніх спаборніцтвах.
Алена КРАВЕЦ.