Названы найлепшыя беларускія лёгкаатлеты 2010 года
Выканкам Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і галоўны трэнерскі савет вызначылі найлепшых спартсменаў і трэнераў паводле вынікаў 2010 года.
Згодна са звесткамі
Найлепшым спартсменам года стаў Андрэй Міхневіч (штурханне ядра) — чэмпіён Еўропы, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету ў памяшканні, пераможца Кубка Еўропы па кіданнях (асабісты і камандны залік), бронзавы прызёр Кантынентальнага кубка. Устанавіў рэкорд Беларусі ў памяшканні (21,81 м). У летнім сезоне паўтарыў нацыянальны рэкорд (22,09).
Найлепшы юніёр — Аляксандр Ліннік (спрынт, бар’еры) — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (200 м), чэмпіён Беларусі сярод дарослых (100 м, 200 м). Устанавіў нацыянальныя рэкорды сярод юніёраў на дыстанцыях 150 м, 50 м
Найлепшая спартсменка сярод юнакоў і дзяўчат — Алена Навагродская (кіданне молата) — сярэбраны прызёр I Юнацкіх Алімпійскіх гульняў і Еўрапейскіх адборачных спаборніцтваў да I Юнацкіх Алімпійскіх гульняў.
Каманда года: жаночая — Святлана Кудзеліч, Вольга Мініна, Святлана Коўган (бронзавыя прызёры Кубка Еўропы ў бегу на 10.000 м), мужчынская — Андрэй Міхневіч, Юрый Шаюноў, Дзмітрый Сівакоў, Анатоль Адахоўскі (пераможцы Кубка Еўропы па кіданнях).
Найлепшымі трэнерамі прызнаны: па працы з асноўным складам — Аляксандр Яфімаў (асабісты трэнер Надзеі Астапчук), па працы з юніёрамі — Віктар Мяснікоў (асабісты трэнер Аляксандра Лінніка), па працы з юнакамі і дзяўчатамі — Валерый Губкін (асабісты трэнер Алены Навагродскай).
Рашэннем БФЛА спецыяльны прыз «Сумленная барацьба» прысуджаны літоўскаму дзесяціборцу Дарыусу Драўдвіле, які на чэмпіянаце Еўропы ў Барселоне падчас скачкоў з шастом «прадэманстраваў сапернікам прынцып сумленнай барацьбы». У першай спробе ў прадстаўніка Беларусі Андрэя Краўчанкі зламаўся шост, а паколькі другога не было і ніхто з сапернікаў не пагадзіўся аддаць беларусу свой, Краўчанка прыняў рашэнне завяршыць выступленне. Тады лідар спаборніцтваў пасля сямі відаў праграмы Дарыус Драўгвіла прапанаваў яму свой шост. Паводле вынікаў выступлення на чэмпіянаце Краўчанка заваяваў бронзавы медаль, а літовец фінішаваў шостым.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН