Сікора застанецца з "Дынама"

Источник материала:  

Андрэй Мезін абверг чуткі пра канфлікт гульцоў і трэнера

Для сталічнага "Дынама" паўза ў чэмпіянаце КХЛ пачалася з навін у цэлым прыемных: пасля сустрэчы з кіраўніцтвам клуба, а ім, як вядома, з'яўляецца БФСТ "Дынама", аргвысновы калі і былі зробленыя, то не рэвалюцыйныя: Марэк Сікора застаецца на пасадзе галоўнага трэнера. Юрый Бародзіч даручыў в.а. генеральнага дырэктара Аляксею Тарбіну прааналізаваць сітуацыю, а яна для сталічных "бела-блакітных" несуцяшальная (з выязнога чатырохматчавага турнэ каманда прывезла ўсяго два ачкі), і шукаць спосабы выводзіць каманду са спаду.

Аляксей Тарбін у сваю чаргу заявіў, што "не выключана, што да асобных хакеістаў з ліку легіянераў могуць быць прымененыя меры фінансавага характару, а з кімсьці з нашых хакеістаў прыйшоў час развітацца. Гэта не значыць, што будуць знойдзеныя "казлы адпушчэння", тым не менш, аналіз па эфектыўнасці выкарыстання некаторых гульцоў праводзіцца". Так у панядзелак выказаўся Аляксей Тарбін. А ўжо на наступны дзень прэс-служба "Дынама" паведаміла, што ў фарм-клуб "бела-блакітных", якім з'яўляецца сталічнае "Юнацтва", накіроўваюцца Яраслаў Чупрыс і Міка Окса. Яраслаў Чупрыс выступаў за "Дынама" з першага сезона каманды ў КХЛ. Пазалетась ён набраў 25 балаў, летась — 11, а вось сёлета ў 25 гульнях — ніводнага. "Ссылку" варатара Мікі Оксы можна растлумачыць вяртаннем пасля працяглага залечвання траўмы Андрэя Мезіна.

Андрэй правёў свой першы матч у мінулую нядзелю. У інтэрв'ю афіцыйнаму сайту "Дынама" ён заявіў, што ніякіх канфліктаў паміж трэнерам і гульцамі няма:

— Вядома, хтосьці на эмоцыях можа сказаць: "Блін, дастаў трэнер!". Але гэта яшчэ не азначае, што ён не паважае Сікору ці жадае яго зняць. Я ў камандзе ўвогуле ніякіх незадаволенасцяў ці канфліктаў не заўважаў. Гэта як паспрачацца з жонкай, што бывае ў кожнай сям'і. Звычайныя рабочыя моманты.

А нам застаецца спадзявацца, што пасля паўзы мы ўбачым "Дынама" такім, якое яно было ў пачатку сезона, — з характарам і воляй да перамогі. Першы матч "бела-блакітныя" правядуць на "Мінск-Арэне" 22 снежня.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Встретимся с «Надеждой»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика