Калючыя хвалі "Амура"

Источник материала:  

Безумоўна, хвалі на рацэ, якая працякае па мяжы Расіі і Кітая, яшчэ не ходзяць. І наўрад ці будуць калісьці хадзіць, нават калі хакейны клуб "Амур" пераможа ў Кубку Гагарына. А вось хакеісты з Хабараўска так незаўважна, ціхай сапай, прайшліся па абаронных радах мінскага "Дынама" і пакінулі "зубраў" з другім запар абаранкам — 3:5.

"Дынама" вечарам чацвярга само напаролася на стрэлы іншага "Амура", старажытнагрэчаскага. Толькі гэта былі не стрэлы кахання, а стрэлы паражэння. Менавіта самі напароліся, бо колькасць памылак з боку гаспадароў яўна перабольшвала сярэднестатыстычную. Ужо на другой хвіліне, скарыстаўшыся непаразуменнем паміж нашымі абаронцамі і галкіперам, Аляксей Капейкін літаральна ўнёс шайбу ў вароты. Наогул тэмп першага перыяду нельга назваць хуткім, тым больш — асэнсаваным.

Толькі ў сярэдзіне першага перыяду дынамаўцы здолелі больш-менш наладзіць наступленне. Двойчы на працягу 62 секундаў Петр Падграцкі рэалізаваў колькасную перавагу. Праўда, другую шайбу ў афіцыйным пратаколе запісалі ўсё ж на Варламава, але падчас гульні было відаць, што менавіта славацкі абаронца апошнім дакранаўся да гульнявога снараду перад тым, як той заляцеў у сетку. Шкада толькі, што як хутка гаспадары выйшлі наперад, так хутка, усяго праз 35 секундаў, госці зноў аднавілі раўнавагу. Цяпер настала чарга памыляцца Эша, які "пусціў" шайбу з сіняй лініі.

У другім перыядзе мінчане значна актывізаваліся, пачалі больш настойліва нагадваць пра сябе галкіперу гасцей, але атрымалі ў адказ дзве шайбы. Спачатку "Амур" рэалізаваў колькасную перавагу, потым дынамаўцы ўсёй камандай пашлі ў атаку і дазволілі нападаючаму хабараўцаў Закіеву ўцячы на сустрэчы сам-насам з Эшам — лік стаў 2:4. Тут бы чарговы хуткі адказ спатрэбіўся, але Спірыдонаў у вароты не пацэліў, а Чупрыс кінуў у штангу. Яшчэ больш сумна стала, калі ў пачатку трэцяга перыяду Закіеў аформіў дубль пасля памылкі Мойжыша. Усё, што атрымалася ў "бела-блакітных" за час, які застаўся, — гэта чарговае галявое падстаўленне клюшкі Падграцкім. Хет-трык абаронцы пабачыш не так часта.

Заўзятарам дынамаўцаў застаецца толькі чакаць, што хоць у сённяшнім матчы з новакузнецкім "Металургам" "зубры" змогуць іх парадаваць.

Яўген ВАРАКСА.

←Пломбир на палочке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика