Украінскае свята на беларускай вуліцы

Источник материала:  

Кіеўскае "Дынама" буйна перамагло БАТЭ

Алена АЎЧЫННІКАВА

Не ісці на гістарычны матч паміж БАТЭ і кіеўскім "Дынама" было б злачынствам. Тытулаваны супернік, з якім у Кіеве барысаўчане згулялі ўнічыю, перадматчавая перапалка і страсці, якія зашкальвалі. Ну і само інтрыгуючае абяцанне пасля 2:2 Арцёма Мілеўскага: "Мы яшчэ ў Мінск прыедзем, клоўны". Ісці на гэты матч было злачынствам супраць уласнага арганізма: калі -13— -14 яшчэ можна вытрымаць, а вось з парывамі ветру гэта сапраўднае выпрабаванне. Але балельшчыкі ўсё ж прыйшлі — каля 9 тысяч на трыбунах "Дынама" назіралі матч стоячы, скачучы, выкрыкваючы "Мілеўскі — пёс!". А напрыканцы дзве фанацкія трыбуны і ўвогуле агалілі торсы: футбол — ён у любое надвор'е футбол для сапраўднага заўзятара.

Украінскае свята на беларускай вуліцы Балельшчыкі "Дынама" — гарачыя хлопцы.   І зноў сенсацыя ад БАТЭ, праўда, на гэты раз са знакам мінус: разгром у хатнім матчы 1:4. І гэта ў той час, калі мы паверылі, што наш футбол на пад'ёме, што нам па сілах любая вяршыня... Вяршыня, на жаль, у нас была ўзятая — БАТЭ з мінулага раўнда забраніраваў пуцёўку ў плэй-оф, а вось "Дынама" — якраз не. Перамога была больш патрэбна кіяўлянам — гэта мы зразумелі ледзь не з першых хвілін матчу. 0:2 у перапынку, і наш кіеўскі калега вырашыў падсаладзіць горыч маіх перажыванняў шакаладкай і словамі, што "Дынама" — яно ж такое, што і пасля 2:0 можа проста прайграць. Але і сам не верыў у гэтыя словы. А калі лік на табло быў 0:4, узнікала ўражанне, што пасля атрымання чэмпіёнства ў Бабруйску запас трываласці ў нашага клуба скончыўся. А разам з ім і шанцаванне, адведзенае на гэты сезон.

Віктар Ганчарэнка: "Расчаравання няма"

Трэці запар пройгрыш БАТЭ: у чэмпіянаце — "Шахцёру", у Кубку — брэсцкаму "Дынама", пасля такога ў Лізе Еўропы пройгрыш і не выглядае такім ганебным. Пасля матчу з брастаўчанамі Віктар Ганчарэнка раскрытыкаваў каманду: "Такое ўражанне, што футбалісты яшчэ ў кавярні адзначаюць чэмпіёнства". А зараз Віктар Міхайлавіч нікога вінаваціць не стаў:

<І>— Так, мы прайгралі, але ў мяне няма вялікага расчаравання. У нас атрымаўся вельмі добры сезон. Мы выканалі задачы: выйгралі чэмпіянат, выйшлі ў плэй-оф Лігі Еўропы. Зараз нікога не хочацца крытыкаваць. Ды і папракнуць хлопцаў няма ў чым. "Дынама" згуляла добра, а мы згулялі дрэнна. У нас выпала некалькі пазіцый. Але ўсё-такі скажу сваім хлопцам дзякуй за працу. Магчыма, прычынай паражэння стала наша стомленасць з-за складанага календара, стартавага хвалявання, і магчыма, "Дынама" хутчэй прыстасавалася да поля. Мы шмат дазвалялі Мілеўскаму. Гутара вінаваціць у паражэнні я не стаў бы. Ён варатар высокага ўзроўню і мэтанакіравана рыхтаваўся да гэтага матчу.

Вось і старшыня федэрацыі Генадзь Нявыглас, якога мы сустрэлі на стадыёне пасля матчу, вялікай праблемы ў пройгрышы не бачыць: "Чаму вы, журналісты, заўсёды шукаеце негатыў? Мы вырашылі задачу выхаду ў плэй-оф яшчэ ў мінулым раўндзе. І зараз прайгралі клубу, бюджэт якога 120 мільёнаў, а ў БАТЭ — 5 мільёнаў".

Усё гэта, безумоўна, правільна і лагічна, каб толькі не было так крыўдна. Яшчэ і Мілеўскі, які не мог не вызначыцца — 68-я хвіліна і менавіта дзякуючы яму на табло здзеклівае 4:0.

Арцём Мілеўскі: "Мы чулі, што нам крычалі трыбуны"

Пасля матчу Арцём выйшаў з раздзявальні, апрануты, у адрозненне ад астатніх гульцоў не ў касцюм кіеўскага "Дынама", а ў джынсы і футболку, вязаную шапку і шалік, з пластыкавым пакетам у руках. Мой калега нават пашкадаваў, што не прыхапіў фотаапарат: "Трэба было б сфатаграфаваць Мілеўскага ў гэтай шапцы". Арцём эмоцый не хаваў і высветлілася, што выдатна чуў, што яму крычалі з трыбун здзеклівыя фанаты, якія дагэтуль не могуць дараваць змены грамадзянства:

— Як вам гульня?

— Мы гулялі на перамогу і дасягнулі яе. Прычым з такім лікам. На мой погляд, цалкам заслужаны вынік.

— Пасля кіеўскага матчу вы сказалі: "Пачакайце, яшчэ ў Мінск прыедзем"...

— Я ж абяцаў, і слоў на вецер не кідаю. Таму і гол сёння забіў. Мы ўвогуле здорава гулялі і забівалі галы.

— Не шкадуеце, што тады ў тэлеінтэрв'ю лаяліся матам?

— Лік 4:1 нас больш чым проста задавальняе. Мы даказалі, што мы добрая каманда, у адрозненне ад некаторых.

— Навошта вы паказвалі нейкія жэсты беларускім балельшчыкам?

— Таму што мы чулі, што нам крычалі трыбуны. Я папрасіў, каб цішэй было.

— На полі ў вас здарылася перапалка з капітанам БАТЭ Ліхтаровічам...

— Я не хачу абмяркоўваць футбалістаў, займацца нейкай палемікай. Гэта апошнія гульні, у БАТЭ скончыўся чэмпіянат, у нас таксама. Усе на нервах, плюс такое надвор'е.

— Як, дарэчы, гулялася ў такіх умовах?

— Нармальна. Спачатку думалі, што будзе горш.

— На вуліцах Мінска вас таксама абражаюць фанаты?

— Не, у горадзе я з такім не сутыкаўся. На тое яны і фанаты, каб дэманстраваць свае адносіны на стадыёне. Толькі сваім голам я даказаў, што гуляю ў камандзе, якая нашмат мацней.

— Рэплікі з трыбун дадавалі спартыўнай злосці?

— Вядома, гэта нармальная з'ява. У цэлым у мяне толькі добрыя ўражанні ад пары дзён, якія я правёў у Мінску.

— Паспелі пабываць дома?

— Не, жыў у гасцініцы разам з камандай. Толькі тата заехаў да мяне. Ён і настроіў мяне на гульню.

Яшчэ адным скандальным выказваннем вылучыўся дынамаўскі паўабаронца Алег Гусеў: "Мы даказалі, што гэта дваровая каманда. Толькі футбалісты піўзавода могуць да гульні так выказвацца, а на футбольным полі аказалася зусім па-іншаму". Паводле яго слоў, "Дынама" хацела даказаць, што абыграе БАТЭ на снезе, у пустыні, на пляжы — дзе заўгодна. Толькі чаму ж не абыграла адразу пасля рэплікі Шытава, у першым матчы, на сваім стадыёне, перад сваімі балельшчыкамі — застаецца пытаннем рытарычным.

Гэтае паражэнне стала для БАТЭ першым у сёлетнім групавым этапе Лігі Еўропы. І шанцы заняць яшчэ першае месца ў групе Е застаюцца — 15 снежня клуб сустракаецца з галандскім АЗ. У той жа дзень кіеўскае "Дынама" пастараецца перайграць тыраспальскі "Шэрыф", якому ў першым матчы ганебна саступіла.

Пакуль у нашым матчы кіпелі страсці, у другім паядынку групы мірнай нічыёй разышліся "Шэрыф" і "АЗ" — 1:1. Становішча ў групе Е:   

Акрамя групы Е, 2 снежня матчы адбыліся ў групах D, F, J, K і L. Вось іх вынікі:

"Вільярэал" (Іспанія) — "Дынама" (Загрэб, Харватыя) — 3:0, ПАОК (Грэцыя) — "Бруге" (Бельгія) — 1:1. Становішча ў групе D: "Вільярэал" — 9 ачкоў, ПАОК — 8, "Дынама" — 7, "Бруге" — 3.

ЦСКА (Расія) — "Лазана" (Швейцарыя) — 5:1, "Палерма" (Італія) — "Спарта" (Чэхія) — 2:2. Становішча ў групе F: ЦСКА — 15 ачкоў, "Спарта" — 8, "Палерма" — 4, "Лазана" — 1.

"Барусія" (Германія) — "Карпаты" (Україна) — 3:0, ПСЖ (Францыя) — "Севілья" (Іспанія) — 4:2. Становішча ў групе J: ПСЖ — 11 ачкоў, "Севілья" — 9, "Барусія" — 8, "Карпаты" — 0.

"Сцяўа" (Румынія) — "Ліверпуль" (Англія) — 1:1, "Утрэхт" (Галандыя) — Напалі (Італія) — 3:3. Становішча ў групе К: "Ліверпуль" — 9 ачкоў, "Сцяўа" — 6, "Напалі" — 4, "Утрэхт" — 4.

"Рапід" (Вена, Аўстрыя) — "Порту" (Партугалія) — 1:3, ЦСКА (Сафія, Балгарыя) — "Бешыкташ" (Турцыя) — 1:2. Становішча ў групе L: "Порту" — 13 ачкоў, "Бешыкташ" — 10 ачкоў, "Рапід" — 3, ЦСКА — 3.

 

←Пломбир на палочке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика