Лідскія алімпійскія матывы
Без сумненняў, мінулыя выхадныя сталі для Ліды сапраўдным святам спорту і алімпійскага руху — тут адбыўся семінар Нацыянальнага алімпійскага камітэта, у рамках якога прайшла акцыя "Беларусь — спартыўная краіна". Яна будзе крочыць па краіне да 16 снежня.
Стан спартыўных аб'ектаў, узровень развіцця мясцовых спартсменаў, клопаты аб дзейных алімпійцах і ветэранах — гэта далёка няпоўны спіс пытанняў у абавязковай праграме семінара. Па традыцыі яго адкрыў міністр спорту і турызму.
— Зараз, — сказаў Алег Качан, — уся падрыхтоўка да Гульняў у Лондане сфакусіравана на 110 спартсменах. Яны здольныя не толькі годна выступіць, але і змагацца за самыя высокія месцы на медальным п'едэстале ХХХ алімпійскіх Гульняў. У спартсменаў ёсць сёння і стымул. Нашым алімпійцам за "золата" дзяржава выплаціць 150 тысяч долараў, за "серабро" — 75 тысяч, за "бронзу" — 50 тысяч долараў. Уічваючы падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы абавязаны аб'яднаць намаганні і выканаць пастанову Алімпійскага сходу — заваяваць на Гульнях у Лондане 25 медалёў, з якіх 5 залатых...
За Гродзеншчыну трымаў справаздачу кіраўнік Прадстаўніцтва НАКа ў вобласці, намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Жук. Ён адзначыў, што за апошнія гады спартсменамі, якія выступалі ў нацыянальных камандах краіны, на чэмпіянатах свету, Еўропы і іншых міжнародных спаборніцтвах заваявана больш за 100 узнагарод рознай вартасці. Паводле яго слоў, за 2009—2010 гады 72 спартсмены атрымалі кватэры.
Як гаспадар семінара выступіў і старшыня Лідскага райвыканкама Андрэй Худык. Пры гэтым яго прамова не тычылася толькі спорту вышэйшых дасягненняў. Андрэй Паўлавіч расказаў аб будаўніцтве і эфектыўнасці выкарыстання спартыўных збудаванняў для падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву і аздараўлення гарадскога і сельскага насельніцтва рэгіёна. У Лідскім раёне развіваецца больш за 40 відаў спорту, у спартыўнай галіне працуе 365 чалавек, а 15 спартсменаў — прызёры міжнародных спаборніцтваў. З улікам таго, што ў Лідзе нядаўна быў адкрыты Лядовы палац, старшыня райвыканкама адзначыў: спартыўныя аб'екты ў раёне і горадзе акупляюцца. У людзей, падкрэсліў Андрэй Худык, асабліва у моладзі, ёсць жаданне займацца спортам. Планавая загрузка перавышаецца па усіх паказчыках. Таму мы вымушаны падаўжаць час работы спартыўных аб'ектаў.
Дынамічны і дзелавы характар насілі выступленні намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леаніда Цупрыка, старшыні Пінскага гарвыканкама Аляксандра Гордзіча і іншых выступоўцаў.
Вынікі семінара падвёў першы віцэ-прэзідэнт НАКа Беларусі, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігар Заічкоў. У яго выступленні была акрэслена праблема пераезду шэрагу падрыхтаваных беларускіх спартсменаў у іншыя краіны для выступлення у іх нацыянальных зборных. Таксама Ігар Мікалаевіч акцэнтаваў увагу прадстаўніцтваў НАКа Беларусі на больш эфектыўнай рабоце ў праграме "Алімпійская якасць", на выкананні жыллёвай і маркетынгавых праграм, развіцці алімпійскага руху ў пачатковых і сярэдніх навучальных установах краіны, правядзенні акцыі "Беларусь — спартыўная краіна".
Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Мінск—Ліда.