Першая хатняя перамога "Рубіна", першы гол Уэйна Руні
У сераду адбылося яшчэ восем матчаў 5-га тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў. Як ні дзіўна, палова з іх завяршылася з аднолькавым лікам — 3:0.
Тур аказаўся гістарычным для расійскага "Рубіна" — каманда атрымала першую хатнюю перамогу ў групавым этапе турніру. З лікам 1:0 казанцы адолелі дацкі "Капенгаген" і маюць шанцы на плэй-оф. Праўда, той самы "Капенгаген" апярэджвае расіян на адно ачко (у "Рубіна" — 6, у "Капенгагена" — 7), а ўзначальвае турнірную табліцу з 11 ачкамі "Барселона", якая ў другім матчы групы D разграміла грэчаскі "Панацінайкас" — 3:0.
Яшчэ адзін разгром здарыўся ў паядынку групы С. "Валенсія" прадэманстравала, хто ў хаце гаспадар, турэцкаму "Бурсаспору", "вынесшы" гасцей з лікам 6:1. "Валенсія" з 10 ачкамі гарантавала сабе пуцёўку ў плэй-оф. А з першага месца ў групе ў 1/8 выходзіць "Манчэстар Юнайтэд", які дасягнуў гасцявой перамогі ў матчы з "Глазга Рэйнджарс": Уэйн Руні адзначыў вяртанне ў строй пасля траўмы дакладным ударам з пенальці.
У групе B перамога "Шальке-04" над "Ліёнам" (таксама, дарэчы, з разгромным 3:0) вывела нямецкі клуб на першае месца і заадно ў плэй-оф. Але і французы праходзяць у 1/8, дзякуючы паражэнню ў другім матчы групы "Бенфікі". Партугальцаў разграміў ізраільскі "Хапаэль" — 3:0.
Яшчэ адзін матч з папулярным 3:0 адбыўся ў групе А. "Тотэнхэм" разграміў "Вердэр". "Шпоры" з 10 ачкамі ідуць далей, "музыканты" з Брэмена застаюцца на апошнім месцы ў групе. У "Інтэра", які перайграў галандскі "Твентэ" з лікам 1:0, таксама 10 ачкоў і пуцёўка ў 1/8.
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Сяргей Бароўскі прайграў Сяргею Гурэнку
Учора адбыўся першы з двух пераходных матчаў паміж жодзінскім "Тарпеда" і СКВІЧам (Д2) за права выступаць у вышэйшай лізе на наступны год. Нагадаем, што каманда, якая ў сёлетнім чэмпіянаце заняла перадапошняе месца ў "вышцы", а гэта "Тарпеда", аспрэчвае права ў ёй застацца з другой камандай першай лігі (ім стаў СКВІЧ Сяргея Бароўскага).
Нягледзячы на тое, што напрыканцы нацыянальнага першынства ўпарта хадзілі чуткі, быццам бы СКВІЧ не гатовы прайсці ліцэнзаванне і ў вышэйшую лігу не імкнецца, Сяргей Бароўскі напярэдадні вырашальных матчаў заяўляў пра самыя сур'ёзныя намеры каманды.
Аднак, як бы мы ні сімпатызавалі амбіцыям каманды з першай лігі, абыграць у першым матчы "Тарпеда" Сяргея Гурэнкі ёй не ўдалося. Мінчане прайгралі 1:3. Паўторная сустрэча адбудзецца 28 лістапада ў Жодзіне.
Алена АЎЧЫННІКАВА.