Мінскае "Дынама" атрымала ў гасцях перамогу над лідарам чэмпіянату КХЛ
На гэты раз дынамаўцы "разабраліся" з магнітагорскім "Металургам" — 4:3 — у пасляматчавай серыі булітаў. Асноўны і дадатковы час закончыўся ўнічыю — 3:3.
Ужо на другой хвіліне матча вызначыўся Дзмітрый Мялешка, які дабіў шайбу ў вароты пасля кідка Сяргея Дзямагіна. У сярэдзіне другога перыяду зноў жа Мялешка забіў гол з перадачы чэха Петара Сікоры. У канцы гэтай дваццацімінуткі гаспадары змаглі адквітаць адну шайбу. На пачатку завяршальнай трэці матча Мялешка аформіў хет-трык, але перавагу мінчанам утрымаць не ўдалося: на 48-й хвіліне на працягу 30 секунд вызначаліся гаспадары пляцоўкі — іх легіянеры Томаш Ралінек і Энвер Лісін зраўнялі лік, які не змяніўся і ў авертайме.
У серыі булітаў больш удачлівымі былі мінчане, за якіх закідвалі Дзмітрый Мялешка і Петар Сікора. У "Магніткі" вызначыўся толькі Аляксей Кайгародаў.
Галоўны трэнер мінчан, чэшскі спецыяліст Марак Сікора, быў задаволены вынікам сустрэчы:
— Гульня нам удалася, асабліва ў абароне, за выключэннем, вядома, адной хвіліны, калі мы прапусцілі двойчы. Тым не менш, прывезці з Магнітагорска два ачкі — гэта поспех. Хет-трык у выкананні Мялешкі мяне не здзівіў. Ён стараецца, і гэтыя тры закінутыя шайбы — узнагарода за ўпартую працу. І не забывайце, што ён удала выканаў і буліт, гэта таксама важна. Выпішу яму бонус!
Нагадаем, што завяршальны матч гэтага выязнога турнэ "Дынама" правядзе сёння ў Мыцішчах супраць "Атланта".
Кар. "Звязды".