СПОРТ-ТАЙМ
Уладзімір Самсонаў выйграў адкрыты чэмпіянат Польшчы па настольным тэнісе. Гэта чарговы турнір серыі "Пра Тур", дзе мінчанін заваяваў залатую ўзнагароду. У Варшаве ў вырашальным паядынку беларус (10 нумар сусветнага рэйтынгу) упэўнена перайграў прадстаўніка Германіі Дзмітрыя Аўчарова (12-я пазіцыя ў рэйтынгу) — 4:1. Нагадаем, што два тыдні таму гэтыя супернікі сустракаліся ў паўфінале Суперкубка Еўропы. Тады перамогу святкаваў Дзмітрый. Зараз наш тэнісіст узяў рэванш. У жаночым парным разрадзе беларуска Вераніка Паўловіч і расіянка Ганна Ціхамірава заваявалі бронзу.
Батутысты вяртаюцца з бронзайАдну ўзнагароду на чэмпіянаце свету па скачках на батуце заваявалі беларускі Таццяна Пятрэня і Кацярына Міронава. Планетарнае першынство праходзіла ў Метцы (Францыя). Дзяўчаты сталі ўладальніцамі бронзавых узнагарод у сінхронных скачках, набраўшы 46,800 бала. Столькі ж у нямецкага дуэта Карыны Баўмгартнер і Ганны Даганадзэ, але яны пераўзышлі беларусак па дадатковых паказчыках. Чэмпіёнкамі свету сталі расіянкі Вікторыя Вароніна і Ірына Караваева.
Упершыню без Кубка ПалессяНаша зборная ўпершыню не змагла ўзяць Кубак Палесся. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Галоўны трэнер беларускай дружыны Эдуард Занкавец выставіў нават не другі, а трэці склад на гэты турнір. У выніку наша каманда прайграла датчанам стартавы матч — 2:4. Потым выправілася і разграміла славенцаў (8:2) і выйграла ў нарвежцаў — 5:2. У выніку ў датчан першае месца, у нас — другое.
"Зеніт" — чэмпіёнПіцерскі "Зеніт" другі раз стаў чэмпіёнам Расіі. У 28-м туры датэрмінова клуб з Санкт-Пецярбурга стаў недасягальным для супернікаў, маючы 66 ачкоў. Каманда разграміла "Растоў" 5:0. Галкіпер "Зеніта" і зборнай Беларусі Юрый Жаўноў у матчы на поле не выходзіў. Паўабаронца зборнай і "Растова" Цімафей Калачоў правёў усю гульню на полі, а Антон Амельчанка і Аляксандр Кульчы на газон не выходзілі. Гэта другое чэмпіёнства "Зеніта", першае ён заваяваў у 2007 годзе.
За другое месца ў расійскім першынстве змагаецца маскоўскі ЦСКА і казанскі "Рубін". У ЦСКА 58 ачкоў, ён унічыю (1:1) згуляў са "Спартаком" з Нальчыка. Леташні чэмпіён "Рубін" адстае на два ачкі, ён таксама ўнічыю (2:2) згуляў з маскоўскім "Дынама". У складзе "Рубіна" увесь паядынак адгуляў нападаючы нашай зборнай Сяргей Карніленка.
Алена АЎЧЫННІКАВА.