БАТЭ стаў сяміразовым чэмпіёнам

Источник материала:  

У тым, што сёлетнім чэмпіёнам зноў стане БАТЭ, ніхто і не сумняваўся. Інтрыга ў чэмпіянаце ў барацьбе за першае месца загінула даўно, хоць яшчэ зусім нядаўна ў таго ж салігорскага "Шахцёра" тэарытычна заставаўся шанц абысці барысаўскі клуб. Аднак на практыцы перагнаць барысаўчан ва ўнутраным першынстве з іх вопытам у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы вось ужо пяць апошніх гадоў нікому не ўдаецца.

На гэты раз усяго за тур да заканчэння сёлетняга чэмпіянату яны зноў гучна скандзіравалі "Мы — чэмпіёны". Гэта сёмы па ліку (і пяты запар) выйгрыш першынства камандай БАТЭ. Клуб па гэтым паказчыку зраўняўся з калісьці рэкордам мінскага "Дынама". Трафей дадаўся да выйгрышу сёлета Кубка Беларусі і Суперкубка.

Афармлялі чэмпіёнства барысаўчане не на сваім стадыёне, а ў Бабруйску ў матчы супраць "Белшыны". Бабруйскі клуб хоць і дэбютант вышэйшай лігі, але амбіцыі прадэманстраваў зусім не дзіцячыя — каманда змагаецца за пятае месца. І здавацца лідару першынства каманда Аляксандар Сяднёва так проста не збіралася. Першымі ў матчы лік адкрылі як раз бабруйчане. На 26-й хвіліне гэта зрабіў Аляксандр Лебедзеў. Трэнерскі штаб БАТЭ вымушаны быў шукаць спосабы штосьці мяняць. Але пасля замены Аляксандра Паўлава на Паўла Няхайчыка гэта была зусім іншая гульня — барысаўчане тройчы забілі (Рэнан Брэсан з пенальці на 59-й хвіліне, а потым на 60-й Бардачоў і Няхайчык на 68-й). Як потым ахарактарызаваў матч Аляксандр Сяднёў, "калі БАТЭ скінула аковы, мы іх надзелі".

БАТЭ стаў сяміразовым чэмпіёнамДля афармлення чэмпіёнства БАТЭ у гэтым матчы дастаткова было не прайграць. І ўжо за некалькі хвілін да фінальнага свістка арбітра ўсе, хто быў у камандзе на лаўцы запасных, абняўшыся, выстраіліся каля броўкі. Каб праз некалькі хвілін разам пракрычаць "Мы — чэмпіёны!", "пагушкаць" Віктара Ганчарэнку, пааблівацца шампанскім і атрымаць Кубак, які загадзя прывёз у Бабруйск старшыня федэрацыі Генадзь Нявыглас. А потым банкет па дарозе з Бабруйска ў Мінск — у прыдарожнай кавярні вёскі Баяры.

Пятая перамога запар — і здавалася б, да гэтага ўсе прызвычаіліся. Нават святкаванне, напэўна, прыелася. Але і Віктар Ганчарэнка, і Анатоль Капскі сцвярджаюць, што зусім не.

— Кожная перамога, кожнае чэмпіёнскае званне адметнае па-свойму. Ад перамог мы не стаміліся. Да іх накіроўвае сама аўра каманды. Мы праводзім фантастычны сезон. Выйгралі абсалютна ўсё і працягваем шлях у Лізе Еўропы, — сказаў пасля гульні Віктар Ганчарэнка.

— Пачынаючы з 4 лістапада, пасля матча з АЗ, настрой выдатны, і нічога не можа яго сапсаваць. Кожнаму чэмпіёнству я не стамляюся радавацца, бо кожныя медалі — гэта новыя эмоцыі. Заўсёды так атрымліваецца, што ў камандзе новыя гульцы, для якіх гэта першыя тытулы. Я радуюся разам з імі, — расказаў Анатоль Капскі.

Сярэбраныя медалі яшчэ ў мінулым туры забяспечыў сабе салігорскі "Шахцёр". У цяперашнім туры каманда саступіла "Нёману" (0:1), які змагаецца за выжыванне ў вышэйшай лізе. Прычым забіў "Нёман" толькі ў дабаўлены да другога тайма час. З такім жа лікам выйграў яшчэ адзін прэтэндэнт на стыкавыя матчы — жодзінскае "Тарпеда". Каманда Сяргея Гурэнкі мінімальна перайграла магілёўскі "Днепр". А вось "Партызан", які вёў бескампрамісную барацьбу ў апошнім туры з "Нафтанам" (4:4), наступны сезон правядзе ў першай лізе.

Лёс бронзавых медалёў пакуль не вызначаны. У апошнім туры іх разыграюць у завочнай спрэчцы "Мінск" і сталічнае "Дынама". Зараз абедзьве каманды, якія раздзяляе ўсяго ачко, свае матчы выйгралі. "Мінск" на выездзе перайграў "Віцебск" — 3:1. "Дынама" на сваім полі выйграла ў брэсцкіх аднаклубнікаў — 2:0. У наступным туры дынамаўцы сустракаюцца з "Тарпеда", а "Мінск" — з "Нафтанам".

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Чемпион в лицах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика