Канстанцін Захараў: "Хакей — вось маё асабістае жыццё"
За апошнія некалькі тыдняў хакейны клуб "Юнацтва" выразна вызначыўся ў лідарах чэмпіянату Беларусі. Пасля пераможнай серыі з васьмі матчаў каманда, здаецца, гатовая распачаць новую, не менш запамінальную, серыю.
Прыйшоў час пагутарыць з адным з тых, хто робіць такія вынікі магчымымі, — Канстанцінам Захаравым.
Нягледзячы на свой "зорны" статус, — нападаючы "Юнацтва" і зборнай Беларусі, сын добра ўсім вядомага Міхаіла Захарава, а таксама лепшы сябра Міхаіла Грабоўскага, — Канстанцін уражвае сваёй адкрытасцю і шчырасцю. За ледзь не экалагічна чыстым сняданкам (як жа іначай для хакеіста ў разгары сезона!), ён расказаў пра хакей і не толькі.
— Вернемся да таго часу, калі ты толькі пачаў займацца хакеем. Гэта было тваё ці больш бацькава рашэнне?
— У хакей я пайшоў не сам. У той час мне было больш цікава з сябрамі на вуліцы бегаць. А тут прыйшлося ўставаць на трэніроўкі ў 6:30 раніцы. Каму ж такое спадабаецца? Але хутка я палюбіў спорт і люблю яго зараз.
— Калі прыйшло рашэнне зрабіць хакей сваёй прафесіяй?
— Гадоў пасля дзесяці, калі мы пачалі актыўна ездзіць, выступаць на турнірах. Тады гэта стала сапраўды цікава.
— Можа, былі іншыя варыянты з выбарам прафесіі?
— Не, бо ў школе я вучыўся не вельмі. Двоечнікам, праўда, не быў — у асноўным тройкі і чацвёркі.
— Што для цябе зараз значыць хакей?
— Хакей — гэта мая (але вельмі прыемная!) работа, ад якой я атрымліваю задавальненне. Акрамя ўсяго, спорт гартуе характар, робіць яго моцным. Такія якасці дапамагаюць і ў жыцці.
— Сочыш за іншымі чэмпіянатамі па хакеі?
— Так, мне гэта вельмі падабаецца. Ведаю, што адбываецца і ў КХЛ, і ў НХЛ. Мы і ў камандзе заўсёды абмяркоўваем: што, дзе і як.
— Калі ўявіць, што ты можаш сам выбраць любы клуб, за які б ты хацеў выступаць?
— За маскоўскае "Дынама". Не магу растлумачыць чаму, ён мне проста падабаецца. Мой сябра, Міша Грабоўскі, у свой час выступаў за гэты клуб. А калі казаць пра НХЛ, то, напэўна, "Пітсбург" ці "Каларада".
— Ты паспеў пагуляць у розных клубах і ў Беларусі, і за яе межамі. Дзе больш спадабалася?
— Мне больш падабаецца выступаць на паўночнаамерыканскіх пляцоўках, бо яны меншыя па памерах. Атрымліваецца больш рухаў, кідкоў па варотах, шмат сілавой барацьбы. Там людзі неяк больш любяць хакей, трыбуны заўсёды поўныя. Яны проста хварэюць душой. Мне і Міша шмат расказваў, якія там заўзятары. Людзі ходзяць на хакей цэлымі сем'ямі, усе ў майках сваёй каманды, размаляваныя ў яе колеры. І гэта пры тым, што білеты на матч у НХЛ каштуюць далёка не танна нават для амерыканцаў. А яны ўсё роўна ходзяць.
— А сам любіш хадзіць на хакей у якасці гледача?
— Я на "Дынама-Мінск" часта хаджу. Мне вельмі падабаецца на "Мінск-Арэне", там хакей выглядае зусім інакш.
— Людзі пазнаюць?
— Бывае, што пазнаюць, поспехаў жадаюць. Прыемна.
— Калі на трыбунах твае сябры, родныя, як сябе адчуваеш?
— Зараз нармальна. Раней нерваваўся, бо так хацелася паказаць сябе з лепшага боку. А калі нерваваўся, мала што атрымлівалася. У любым выпадку здорава гуляць для родных.
— З іншымі відамі спорту сябруеш?
— Я вельмі люблю тэніс. Летам на адпачынку пастаянна гуляю. Нават ракетку купіў фірменную ад Надаля. Мне здаецца, нават калі ў будучыні ў маіх дзяцей будзе выбар паміж хакеем і тэнісам, я буду больш за тэніс.
— У цябе ёсць нейкія талісманы, якія дапамагаюць выступаць паспяхова?
— Не, такога ў мяне няма. Я ўвогуле не веру ў такія рэчы. Лепш добра падрыхтавацца псіхалагічна. Я вось люблю расслабіцца перад матчам. Калі вельмі напружваешся, то ніколі не выступіш добра.
— У гэтым годзе ты выступаў за нацыянальную зборную. Успомні свой першы матч.
— Гэта была гульня супраць фінаў. Адчуванні ўвогуле немагчыма перадаць словамі. Калі была размінка, я ўбачыў тых, на каго заўсёды глядзеў па тэлевізары — Койву, Сяляне. А тут выходзіш на лёд супраць іх. Не скажу, што было страшна, хутчэй неяк незвычайна. Памятаю, што той першы матч у нас не атрымаўся, потым гульня лепш пайшла. Увогуле, выступаць за зборную заўсёды вельмі прыемна.
— Можаш назваць сябе патрыётам?
— Вядома, я патрыёт. Калі вось так прадстаўляеш краіну на міжнародным узроўні, то разумееш, колькі людзей на цябе глядзіць, як яны ўсе спадзяюцца на поспех.
— Тое, што твой бацька — вядомы хакеіст і трэнер, неяк адбіваецца на табе?
— Зараз я магу сказаць, што не. Раней мне не падабалася, што я больш асацыіруюся з Міхаілам Захаравым. Цяпер мяне ўспрымаюць асобна, проста як хакеіста. Так што ўсё нармальна.
— У тваім характары шмат чаго ад бацькі?
— Я думаю, што так. Асабліва шмат было, калі мы жылі разам. А пасля, калі я пераехаў у Амерыку і далей — ужо не так. Мама часам гаворыць мне: "Копія бацькі!" Значыць, нешта сапраўды ёсць.
— Па-за хакеем застаецца не так шмат вольнага часу. Калі ён усё ж ёсць, што робіш?
— Я гатаваць люблю. Напрыклад, макарону ў італьянскім соусе. Рыбу магу прыгатаваць. З гэтым праблем няма.
— А як наконт культурных мерапрыемстваў?
— У тэатры я ніколі не быў, хоць збіраюся схадзіць ужо даўно. Усё ніяк не атрымлівалася. У кіно хаджу, асабліва спадабалася ў 3D кінатэатры. Музыку люблю, у машыне часта слухаю. Перад матчам што-небудзь цяжкае магу ўключыць. Вельмі шкадую, што не схадзіў на "Rаmmstеіn", калі яны прыязджалі ў Мінск.
— А кнігу якую апошнюю прачытаў?
— Прызнаюся шчыра: кнігі чытаю рэдка. Вось часопісы ці газеты спартыўныя люблю пагартаць.
— Ты больш любіш дома пасядзець ці схадзіць куды з сябрамі павесяліцца?
— Зараз мне больш падабаецца дома бываць. Сезон у разгары, нікуды асабліва і не сходзіш. А летам з сябрамі адпачываю.
— Ёсць якія-небудзь рысы характару, якія табе не падабаюцца ў сябе самім?
— Пра гэта лепш запытаць у тых, хто побач.
— Што добрага можаш пра сябе сказаць?
— Я вясёлы, спагадны. Думаю, пазітыўнага ў маім характары больш. Адзін раз жывём, таму не бачу сэнсу засяроджвацца на негатыўным.
— Як у цябе, такога вясёлага і добрага, складваецца асабістае жыццё?
— Хакей — вось маё асабістае жыццё. Вядома, у мяне былі сур'ёзныя адносіны. Зараз знаходжуся, так сказаць, у актыўным пошуку. Але пакуль што насамрэч хакей для мяне пад нумарам адзін, а потым — усё астатняе.
— Яшчэ доўга будзеш хадзіць у халасцяках?
— Пакуль збіраюся пагуляць, грошы зарабіць. Трэба, каб усё было ўладкавана. Я стаўлюся да такіх рэчаў сур'ёзна, не магу так узяць і спантанна ажаніцца.
— Якой павінна быць дзяўчына, каб прыцягнуць тваю ўвагу?
— У першую чаргу яна павінна быць добрай гаспадыняй. А пасля ўжо прыгожай і ўсё астатняе. А калі казаць пра знешнасць, то мне падабаюцца брунеткі.
— Можаш назваць сябе рамантычным чалавекам?
— Магу. Магчыма, серэнады спяваць не буду, але прыемнае люблю рабіць. Напрыклад, рамантычную вячэру.
— Як наконт тваіх мар? І хакейных, і нехакейных.
— Прафесійная мара — выступаць у НХЛ. І замацавацца там. А ў жыцці, напэўна, завесці сям'ю, купіць дом дзе-небудзь каля рэчкі, жыць для сябе.
Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота з асабістага архіва Канстанціна Захарава.