Меркель выкарыстоўвае тэму нямецкай ідэнтычнасці нават у раздзявалцы футбалістаў
Фотаздымкамі задаволеныя далёка не ўсе. Паводле нямецкай газеты Bild, Ангела Меркель ужо размаўляла па тэлефоне з кіраўніком нямецкай футбольнай асацыяцыі Тэа Цванцыгерам і папрасіла прабачэння за «налёт» на раздзявалку гульцоў.
Здымак Меркель побач з футбалістам турэцкага паходжання Азілам трапіў у газеты. Азіл, асвістаны турэцкімі заўзятарамі, спрычыніўся да перамогі нямецкай зборнай у матчы з Турцыяй 8 кастрычніка — забіў адзін з трох галоў.
Раней ужо здаралася так, што пасля матчу Меркель наведвала нямецкіх гульцоў у раздзявалцы, каб павіншаваць іх. Аднак цяпер упершыню ўзяла з сабой фатографа.Паводле звестак спартовага дадатку Bild, Тэа Цванцыгер скардзіўся, што футбольную каманду выкарыстоўваюць у палітычных мэтах. Але пасля размовы з Меркель сказаў, што больш не мае падставаў быць незадаволеным.
З прычыны гарачых спрэчак у Германіі што да імігрантаў некаторыя СМІ прыпісалі сцэне з фатаграфіямі сімвалічнае значэнне.А сам Азіл неафіцыйна прызнаўся, што праз гэтыя здымкі яму няёмка таму, што на іх ён без кашулі.
КаМ паводле deser.pl