"Дынама" разграміла "Партызан" у матчы без гледачоў

Источник материала:  

Праўда, балельшчыкі былі "недзе побач"

У выхадныя прайшлі матчы 28-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Вялікіх турнірных змен яны не прынеслі — і лідары, і аўтсайдары засталіся на сваіх месцах.

Барысаўскі БАТЭ праводзіў няпросты матч з магілёўскім "Дняпром", і ў пачатку сустрэчы нават саступаў. Праўда, праз восем хвілін чэмпіён аднавіў раўнавагу намаганнямі Рэнана Брэсана, а да перапынку каманды забілі яшчэ па мячы. Толькі ў дабаўлены арбітрам час да другога тайма барысаўчане здолелі забіць яшчэ раз (3:2) і атрымаць тры ачкі, пакуль не падпусціўшы да чэмпіёнскіх разборак "Шахцёр".

Салігорская каманда адстае ў турнірнай табліцы на 5 ачкоў, нягледзячы на сваю перамогу над "Віцебскам". "Шахцёр" меў відавочную перавагу над супернікам, праўда, забіць здолеў толькі двойчы. У канцы матча і ўвогуле "Віцебск" ледзь не здолеў адыграцца, праўда, часу камандзе хапіла толькі на адзін гол (2:1). З такім жа лікам брэсцкае "Дынама" абыграла "Нёман".

А вось яшчэ адзін прэтэндэнт на п'едэстал "Мінск" нечакана страціў ачкі ў Жодзіна. Справы ў атацы ў сталічнага клуба не ладзіліся, і дапамог ім з выніковай нічыёй 1:1 паўабаронца жодзінцаў Андрэй Лаўрык, які забіў у свае вароты аўтагол. Яшчэ адна нічыя з такім вынікам прайшла паміж бабруйскай "Белшынай" і наваполацкім "Нафтанам".

Сталічнае "Дынама" разграміла "Партызан" з лікам 5:1. Праўда, матч гэты давялося ўбачыць нямногім: дысцыплінарны камітэт федэрацыі футбола пакараў дынамаўскіх балельшчыкаў за паводзіны на беларускім "класіка" БАТЭ — "Дынама", які праходзіў 22 верасня. Тады дынамаўскі сектар скандзіраваў ці то "просім-просім-адзін-чатыры", ці то "восем-восем-адзін-чатыры". Апошняе якраз-такі з'яўляецца прапагандай нацысцкай сімволікі, за што клуб і пацярпеў ужо другі раз у сёлетнім сезоне. АМАП не прапускаў балельшчыкаў не тое, што на стадыён, а нават у вёску Кунцаўшчына, дзе знаходзіцца хатняя дынамаўская арэна. Праўда, адданыя заўзятары "бела-блакітных" рознымі шляхамі абыходзілі міліцыю, а некаторыя аб'язджалі на таксі і глядзелі футбол з навакольных шматпавярховак і трэніровачнага поля. Асабліва адданыя нават здолелі трапіць на стадыён і вывесіць банер "Мы неДзе побач". Гульцы ў даўгу не засталіся і правялі адзін са сваіх самых бескампрамісных і прыгожых матчаў.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Жлобинский «Металлург» одержал волевую победу над солигорским «Шахтером»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика