Штанге: Мы
Сустрэча прайшла 12 кастрычніка на мінскім стадыёне «Дынама» і завяршылася перамогай гаспадароў — 2:0 (Радыёнаў, 10, Крывец, 77).
«Сёння ўдалы дзень для беларускага футбола, — адзначыў Штанге. — Маладзёжная зборная стварыла вялікую міжнародную сенсацыю, калі абыграла італьянцаў і выйшла ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы. Наш жа вынік сенсацыяй не з’яўляецца. Нармальны вынік, і ўсё ж мы ганарымся тым, што набралі восем ачкоў і толькі крыху адстаём ад Францыі».
Перамогу над Албаніяй Штанге назваў заслужанай. «З першай хвіліны мы стараліся паказаць, што ўнеслі карэктывы пасля нічыёй з Люксембургам. Хтосьці можа сказаць, што Албанія — кепская каманда, але яна згуляла ўнічыю з Румыніяй і Босніяй і Герцагавінай», — сказаў нямецкі спецыяліст.
Штанге лічыць, што «энтузіязм і натхненне гульцоў заслугоўвалі большай колькасці гледачоў», якіх прыйшло каля сямі тысяч.На яго думку, моцнай абаронай (ніводнага прапушчанага мяча ў чатырох стартавых матчах) можа ганарыцца любы трэнер. «Добрая абарона — аснова поспеху, і мы дабіліся невялікага прагрэсу», — адзначыў Штанге.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў складзе каманды выступалі пяць футбалістаў маладзёжнай зборнай папярэдняга склікання. «Гэта амаль палова гульцоў, што сведчыць аб правільнасці выбранага шляху», — заявіў трэнер.
Штанге лічыць неабходным умацоўваць гульнявую дысцыпліну, у адваротным выпадку жоўтыя карткі могуць стаць праблемай. У наступным матчы (у гасцях супраць Албаніі 26 сакавіка)
Галоўны трэнер зборнай падкрэсліў, што ў Албаніі пра нічыю не можа быць і гаворкі, каманда будзе імкнуцца толькі да перамогі.
«Наш шлях вельмі складаны. Ніякіх прычын для эйфарыі няма. У раздзявальні я сказаў гульцам: радуйцеся, але нядоўга», — сказаў Штанге.
Трэнер зборнай Албаніі Джамал Мустаданагіч паскардзіўся на адсутнасць трох вядучых гульцоў (траўмы і дыскваліфікацыя), а таксама галоўнага трэнера Ёсіпа Кужэ, у якога 30 верасня здарыўся інсульт. «У першым тайме ў нас было шмат недакладных пасаў — 25 з 30, і гэта стала вялікай праблемай», — адзначыў ён.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН