На матч БАТЭ — AZ прададзена пакуль 6 тыс. білетаў
Цікавасць да матча зусім невысокая Прычын таму можа быць некалькі – восеньскія дажджы, «нягучнае" імя суперніка, позні час матчу і цяжкасці з транспарціроўкай балельшчыкаў.
У самім Барысаве з 6 тысяч прадастаўленых квіткоў прададзена ўсяго 2300. Па словах працаўнікоў стадыёна, гэта вельмі мала. У Мінску ажыятаж таксама не назіраецца. За дзень да гульні прададзена ўсяго чатыры тысячы квіткоў. Разам плюсуем з Барысавам – атрымліваецца крыху больш за шэсць тысяч.
Зрэшты, дзівіцца слабым продажам, напэўна, не варта. Гэта «Рэал», «Ювентус» і «Зеніт» бударажылі розумы і фантазію, прымушаючы ісці на стадыён пры тэмпературы нуль градусаў.
Галандскі клуб – не той супернік, дзеля якога людзі, часта далёкія ад футбола, будуць мерзнуць на стадыёне.
А ў дзень гульні сіноптыкі абяцаюць ўсяго 5-7 градусаў цяпла. Грып зараз можна падчапіць і без футбола – мабыць, так разважае абывацель.
Але ёсць і яшчэ адна, прыхаваная, прычына слабой цікавасці да БАТЭ ў родным горадзе.Клуб не займаецца дастаўкай заўзятараў, лічачы, што гэта справа прадпрыемстваў, якія падаюць заяўкі на квіткі. Але ж ёсць заўзятары, якія едуць на гульню самастойна, а не калектыўна. Калі дабрацца да Мінска будзе нескладана, то з вяртаннем дадому могуць паўстаць праблемы.
Гульня заканчваецца прыблізна апоўначы, а апошняя электрычка на Барысаў сыходзіць са станцыі Інстытут Культуры ў 0.30. Такім чынам, у распараджэнні барысаўчан будзе паўгадзіны, каб дабрацца да цягніка. Улічваючы нашу «прапускную сістэму» на стадыёне, можна выказаць здагадку, што камусьці давядзецца заначаваць у сталіцы. Праўда, гатэль «Мінск» знаходзіцца непадалёк.
Дзмітрый Крышталёў, goals.by