Дынамаўцы адолелі ўладальніка Кубка Гагарына
А на "Мінск-арэне" устаноўлены рэкорд наведвальнасці КХЛ
Мінскае "Дынама" перайграла казанскі "Ак Барс", а на "Мінск-арэне" ўстаноўлены чарговы рэкорд наведвальнасці ў КХЛ — 15 531. З лікам 5:4 адолены двухразовы ўладальнік Кубка Гагарына, а мінчане працягнулі сваю рэкордную пераможную серыю, якая складае цяпер пяць матчаў.
Тое, што на "Мінск-арэне" у матчы з леташнім чэмпіёнам КХЛ будзе аншлаг, гаварылася яшчэ раніцай. Так і атрымалася: удалося больш чым на тры тысячы пабіць рэкорд лютага 2010 года, устаноўлены на матчы піцерскага СКА і рыжскага "Дынама", калі на гульні прысутнічала 12 090 гледачоў. Як ні дзіўна, ніякіх праблем з тым, каб хутка трапіць на арэну, не было: 2 хвіліны ў сярэднім займаў праход праз турнікет, прычым без звыклых ужо абмацванняў і выварочвання кішэняў. Праблемы былі ў балельшчыкаў, якія вырашылі прыехаць на матч на аўто. Было відавочна, што паркоўка "Мінск-арэны" не спраўляецца з патокам машын. На ўезд з вуліцы Нарачанскай утварылася вялізная пробка, якая працягнулася да праспекта Пераможцаў. У рэшце рэшт гэты ўезд быў закрыты ДАІ, і аматараў хакея накіроўвалі на стаянкі ў іншыя месцы. Гэты факт не можа не засмучаць, бо, як вядома, праектавалася "Мінск-арэна" не для пазаўчарашняга матчу з "Ак Барсам", а для фіналу чэмпіянату свету-2014.
"Мінск-арэна" не толькі сабрала поўныя трыбуны, але і паказала выдатны спектакль, які скончыўся ў авертайме, на 30-й секундзе якога была закінутая вырашальная шайба дынамаўцам Сяргеем Дзямагіным. Што адметна, шайба была закінутая, калі нашы хакеісты былі ў меншасці. Яшчэ шэсць шайб аказаліся ў варотах, калі супернікі былі ў большасці ("Ак Барс" так забіў усе свае галы), і толькі дзве — калі склад каманд быў роўны. Прыемна і тое, што нарэшце праявіла сябе звяно Ёзэфа Штумпэла, набытае ў міжсезонне ў "Барыса". Сам капітан меў дачыненне да чатырох закінутых мінчанамі шайбаў і стаў лепшым гульцом матчу. Застаецца падтрымаць нашу каманду: сёння ў матчы з ніжнекамскім "Нафтахімікам", а 25 верасня — у матчы з екацерынбургскім "Аўтамабілістам".
Алена АЎЧЫННІКАВА.