Беларусы кінуліся галасаваць і вывелі свайго байца ў сусветны фінал К-1
Упершыню ў гісторыі адразу двое нашых землякоў паб'юцца за карону найлепшых ударнікаў планеты. Гэта тайбаксёр Віталь Гуркоў і баец без правілаў Андрэй Арлоўскі. Апошні трапіў у фінальны турнір дзякуючы галасаванню фанатаў, якое разрэкламавалі ў "Звяздзе" і на інтэрнэт-партале TUT.BY.
Другога верасня на старонках "Звязды" з'явіўся матэрыял "Прагаласуйце за беларускіх байцоў у фінале адзінаборстваў К-1". Ініцыятыву падтрымаў папулярны інтэрнэт-партал TUT.BY.
Арганізатары К-1склалі спіс з 21 прэтэндэнта, сярод якіх былі тры беларусы. Шасцёра з гэтага спісу траплялі ў сусветны фінал. Яшчэ дзесяць фіналістаў вызначылі раней — па выніках кваліфікацыйных Гран-пры і леташніх выступленнях.
Тысячы чалавек кінуліся галасаваць за беларускіх байцоў.
І ў жаданую шасцёрку трапілі адразу два беларускія суперцяжы — Андрэй Арлоўскі (трэцяе месца) і Аляксей Ігнашоў (чацвёртае месца). На жаль, апошні атрымаў траўму і не зможа прыняць удзел у фінале. А вось пра Арлоўскага днямі напісалі ўсе байцоўскія сайты планеты.
Арлоўскі зрабіў сабе імя ў так званых баях змяшанага стылю (іх у народзе называюць "баямі без правілаў": можна біць, дужацца, рабіць болевыя прыёмы, душыць). Быў чэмпіёнам свету ў звышпрэстыжнай версіі UFС. А вось па правілах К-1, дзе можна толькі біцца рукамі і нагамі, Андрэй не выступаў ніколі.
Сёння Арлоўскі жыве ў Чыкага, і яго папулярнасць — гэта не журналісцкія казкі. На сайце аrlоvskі.соm хапае цікавых фотаздымкаў і відэазапісаў з амерыканскімі суперзоркамі. Вось Андрэй размаўляе са сваім прыяцелем — акцёрам Мікі Руркам, былым баксёрам. Вось фатаграфуецца з Жан Клодам Ван Дамам, які зняў Арлоўскага ў адной з частак свайго фільма "Універсальны салдат".
Хоць Андрэй доўгія гады жыве ў ЗША, ён выходзіць біцца пад беларускім сцягам. Яго першым супернікам у фінале К-1 будзе румынскі накаўцёр Рауль Кацінас, якога паставілі ў турнір замест траўмаванага Аляксея Ігнашова.
Ніколі не бачыў жыўцом Андрэя Арлоўскага, а вось з яго супернікам Кацінасам пазнаёміцца давялося. Мелі таварыскую гутарку ўлетку 2009 года, за дзень да Гран-пры К-1 у Лодзі.
— Я вельмі матываваны, я гатовы біцца з любым і, калі патраплю, накаўтую любога, — упэўнена і натхнёна паведаміў мне Рауль. На наступны дзень ён сышоўся на рынгу з яшчэ адным беларускім байцом, Забітам Самедавым, які важыў на 20 кг меней, але прыгожа перамог румына ў ашаламляльным двубоі. І вось яна, несправядлівасць: Забіта на фінал гэтага года не запрасілі, а румын атрымаў свой шанц. Такім чынам, былому самбісту Андрэю Арлоўскаму давядзецца адстойваць гонар усіх беларускіх суперцяжаў.
Трэцяга кастрычніка, на наступны дзень пасля фінальнай шаснаццаткі суперцяжаў, на рынг выйдуць лепшыя ўдарнікі свету сярэдняй вагавай катэгорыі (70 кг, так званае K-1 MАХ). Тут усе ўдзельнікі вызначыліся па кваліфікацыйных Гран-пры. Гонар Беларусі будзе адстойваць чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў (клуб "Патрыёт"). Ужо вядомы яго супернік — мінулагодні чэмпіён К-1 Джорджыа Петрасян (Італія).
Пераважная большасць экспертаў лічыць, што шанцаў у беларуса, адразу кінутага пад танкі, няма. Асноўная прычына ў тым, што ў К-1 забароненая барацьба ў стойцы, а гэта — галоўная каронка Гуркова. Тым не менш Віталь вылучаецца бескампрамісным характарам (апантана змагаецца да тае самае пары, пакуль стаіць на нагах) і тактычнай непрадказальнасцю.
— Большасць думае, што ён (Петрасян, — "Звязда") мяне ўдарыць. Але ўсё гэта — раскручанае імя Петрасяна. Лічу, што ў мяне будуць шанцы, — суха пракаментаваў свой хуткі двубой Віталь Гуркоў.
Вынік бітвы паміж беларусам і італьянцам — гэта поўная загадка.
Яўген ВАЛОШЫН.
Хто такі Віталь Гуркоў?
Узрост — 25 гадоў.
Рост — 184 см.
Вага — ад 67 да 71 кг.
Нарадзіўся ў Мінску. Займацца тайскім боксам пачаў з 14 гадоў. У 17-гадовым узросце нечакана перамог на чэмпіянаце свету па муай-тай у вазе 60 кг. З тае пары на чэмпіянатах планеты паразаў не меў. І гэта абсалютны рэкорд.
Выступіць па правілах К-1 (а менавіта гэтыя спаборніцтвы яднаюць найлепшых у свеце байцоў-ударнікаў) атрымалася толькі ў 2010 годзе. Правілы для Віталя аказаліся вельмі нязручнымі. Перамагчы на ўсходнееўрапейскім Гран-пры аказалася складана. Тым не менш Гуркоў стаў найлепшым і ўвайшоў у шаснаццатку найлепшых байцоў свету.
Віталь Гуркоў стаў першым беларускім спартсменам, які даў нацыянальнаму тэлебачанню інтэрв'ю на роднай мове.
Вышэйшую адукацыю атрымаў па спецыяльнасці "менеджмент у сферы турызму". У вольны ад трэніровак час займаецца музыкай.
Хто такі Андрэй Арлоўскі?
Узрост — 31 год.
Рост — 193 см.
Вага — 109 кг.
Мянушка — Пітбуль.
Нарадзіўся ў Бабруйску. У дзяцінстве не мог за сябе пастаяць. У 14-гадовым узросце пайшоў у трэнажорную залу, потым — у секцыю самба. Актыўна трэніравацца пачаў пасля паступлення ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Міліцыянерам не стаў.
У 20-гадовым узросце перамог на моладзевым чэмпіянаце свету па самба. Паралельна пачаў займацца кікбоксінгам і тайскім боксам, выступаць у змешаных адзінаборствах.
Пад кіраўніцтвам трэнера Дзмітрыя Сцяпанава стаў чэмпіёнам свету ў версіі UFС (адна з дзвюх самых прэстыжных версій на планеце па баях без правілаў).
Калі ж Андрэй пасварыўся са сваім трэнерам і пераехаў жыць у Чыкага, то атрымаў празмерную ўвагу з боку журналістаў і фанатаў.
У выніку мінулы сезон стаў самым няўдалым у карьеры беларуса. Ён прайграў накаўтамі Фёдару Емяльяненку (наймацнейшы баец свету), Брэту Роджэрсу (ЗША) і па ачках саступіў Антоніа Сільве (Бразілія).
Нягледзячы на мінулагоднія няўдачы, усе аўтарытэтныя байцоўскія часопісы пазначаюць, што Арлоўскі дагэтуль уваходзіць у дзясятку найлепшых байцоў змяшанага стылю. Андрэю ўсяго 31 год. Спадзяемся, што яго найлепшыя байцоўскія дасягненні яшчэ наперадзе.