Кіеўскае "Дынама" прасіла пачакаць
БАТЭ стартавала з нічыёй у Лізе Еўропы
Здавалася б, БАТЭ, прайшоўшы пазалетась Лігу чэмпіёнаў з "Рэалам" і "Ювентусам", атрымаўшы першыя перамогі ў леташняй Лізе Еўропы, у тым ліку над англійскім "Эвертанам", нічым нас здзівіць не можа. Тым больш што група сёлета спецыфічная: два з трох супернікаў — з прастораў былога СССР. Каманды, з якімі нашы футбольныя спецыялісты сустракацца не любяць, якія, здаецца, не надта цікавыя нашаму балельшчыку.
Але БАТЭ зняважыла фаварыта групы, слаўнае кіеўскае "Дынама", забіўшы на яго полі два мячы ў адказ на столькі ж. Дарэчы, пры адпаведнай падтрымцы — беларускіх балельшчыкаў на матчы была рэкордная колькасць. У Кіеў быў арганізаваны адзін з самых масавых выездаў (акрамя ўласных аўтамабіляў і цягнікоў заўзятараў прывезла 13 аўтобусаў), беларускаму боку было прададзена крыху больш за тысячу білетаў (яны каштавалі 11 еўра). Перад матчам не толькі гульцы кіеўскай каманды, але і ўсе, акрамя адданых балельшчыкаў нашага чэмпіёна, меркавалі: і сапраўды, ну што такое БАТЭ супраць самога кіеўскага "Дынама", за якім не толькі імя, слава, але і грошы?! Магчыма, гэтак жа думалі ў свой час гульцы і "Рэала", і "Ювентуса", толькі еўрапейцам характэрная большая дыпламатыя і стрыманасць: "БАТЭ маладая каманда, якая можа прычыніць непрыемнасці любому суперніку" — прыкладна так выказваліся нашы апаненты. У інтэрв'ю гульцоў украінскай каманды ўсё было больш прама і з пагардай. Ігар Шытаў вырашыў ім адказаць і расказаў журналістам, што ад былой славы кіеўскага "Дынама" засталася толькі шыльда. Украінцы і ўсе, хто не любіць БАТЭ, потым радаваліся, калі з-пад носу і пры поўным патуранні гэтага абаронцы былі забітыя два мячы, і калі Шытаў убачыў жоўтую картку. Але гучную аплявуху атрымала ўсё ж кіеўскае "Дынама". 2:2 са слабай па іх уласных прызнаннях камандай — гэта ні ў якія вароты.
Матч быў супрацьстаяннем характараў, і наша каманда яшчэ раз пацвердзіла, што з гэтым у яе праблем няма. Хуткі гол Віталя Радзівонава зусім не збянтэжыў суперніка. Гэтак жа не павялі вокам дынамаўцы і пасля не рэалізаванага сваім капітанам Мілеўскім пенальці. Першы тайм застаўся за ўкраінцамі, якія паступова расхіствалі барысаўскую абарону і свайго дасягнулі — на перапынак каманды адпраўляліся з лікам 2:1. Праўда, такой перавагі ў другім тайме ў гаспадароў не было, а беларусы, дзякуючы Паўлу Няхайчыку, лік зраўнялі.
Асобным фактарам у супрацьстаянні быў ураджэнец Мінска Арцём Мілеўскі. Шмат гадоў таму адмовай выступаць за нашу зборную і выбарам на карысць украінскай ён знайшоў такую славу і ўвагу ў балельшчыцкім асяроддзі, якой, напэўна, і сам не рады. Але футбаліст пры любым зручным выпадку — ці то ў зборнай, ці тое ў клубе — з імкненнем, вартым лепшага прымянення, стараецца адказваць на заўзятарскую нелюбоў. Красамоўныя жэсты ў бок фанацкіх сектараў БАТЭ сведчылі, што футбалісту неабыякавая іх ўвага, у перапынку паміж таймамі ён ледзь не пабіўся з запасным варатаром БАТЭ Гутарам (у беларускай тэлетрансляцыі гэты эпізод быў пракаментаваны: "На каго там гаўкае Мілеўскі?"). А напрыканцы ў тэлеінтэрв'ю гулец заявіў: "Пачакайце, мы яшчэ ў Мінск прыедзем" . Так што, можна не сумнявацца, што ў Мінску нас чакае цікавы матч у адказ.
Валерый Газаеў, які ў свой час з маскоўскім ЦСКА выйграваў Кубак УЕФА, пасля матчу з барысаўскім клубам збіраўся падаць ў адстаўку. "Я затрымаўся ў раздзявальні, таму што была размова з гульцамі. Усё вельмі дрэнна. А калі так, то вінаваты адзін чалавек — галоўны трэнер. Звяжуся з прэзідэнтам клуба, каб ён прыняў рашэнне". Праўда, як вядома Ігар Суркіс Газаеву давярае. "Дынама" летась не здолела выйграць унутраны чэмпіянат, сёлета пакуль таксама адстае ад "Шахцёра", і галоўнае — упершыню за чатыры гады праляцела міма Лігі чэмпіёнаў.
Віктар Ганчарэнка пасля матчу прызнаўся, што ў перапынку пасля першага тайма, калі БАТЭ забіла хуткі гол і прапусціла два, размаўляў з гульцамі на "павышаных танах". Але нічыя, паводле яго слоў, — заканамерны вынік матчу, і ён удзячны сваёй камандзе. "У "Дынама" была адчувальная перавага ў першым тайме, але пасля перапынку мы выходзілі з надзеяй адыграцца. Гэта адбылося, але мы ўсё роўна не закрываліся, у абароне не сядзелі, хоць можна было паспрабаваць адысці ўсёй камандай назад і адстойваць нічыю. Мы імкнуліся наперад, песцілі надзею, што ўдасца выйграць. Хто быў лепшым гульцом? Як заўсёды, лепшай была каманда".
А вось як каментуюць матч украінскія заўзятары на сайтах у інтэрнэце:
"Брава, Ганчарэнка! Вельмі спадабаўся БАТЭ, вельмі! Розніца з украінскімі сераднячкамі, якія "абдзелываюцца" яшчэ да пачатку матчу, відавочная. А тут прыехалі мужыкі, апусцілі дынамаўцаў у перадматчавых каментах, аніякага страху перад быццам бы вялікім клубам не выказалі і слаўна паганялі гэты самы клуб па полі. Скажыце дзякуй, што судзейка яшчэ пеналь картапляным не даў, калі Маргао збіў Скавыша ў штрафной. А Ганчарэнка яўна заслугоўвае асобнай заметкі. З цікавасцю назіраю за працай гэтага юнага спецыяліста. Яны яшчэ ў 2008-м гулялі з Юве і "Зенітам" у ЛЧ і не былі мяшкамі для біцця".
Ks0і.
"Прыемна глядзець на беларусаў. Заўсёды падабаецца назіраць станаўленне характару ў каманды. Нагадалі "Дынама" у ЛЧ 97-га".
Letel_і_tayal.
"БАТЭ малайцы. Факт. Чымсьці нагадалі "Дынама"-Кіеў 97/98 98/99. Тая ж каманда аднадумцаў, землякоў (бразілец іх таксама амаль беларус). Без страху, без дрыжыкаў у каленках (толькі ў першыя хвілін 5-7, калі Гусеў павінен быў 2 класці). "Дынама"... Хіба маты, ці прамаўчаць трэба".
Akg0209.
"Толькі са стадыёна ў Кіеве, нармальная падтрымка была ў Барысава, мясцовыя ў шоку".
Хахол, Кыів.
"Годна барысяты выглядалі"...
Badger.
У другім паядынку групы Е, дзе выступаюць барысаўчане, галандскі клуб АЗ не без цяжкасці адолеў малдаўскі "Шэрыф" з Ціраспаля — 2:1. Наступныя паядынкі групы Е пройдуць 30 верасня. БАТЭ на мінскім стадыёне "Дынама" прыме галандскі АЗ, а "Шэрыф" у Ціраспалі згуляе з кіеўскім "Дынама".
Алена АЎЧЫННІКАВА.