Суддзя фіналу ЧС-2010 прызнаў сваю памылку
Ангельскі футбольны арбітр Говард Уэб, які судзіў фінал чэмпіянату свету 2010 года Нідэрланды-Іспанія, прызнаў, што дапусціў сур"ёзную памылку.
Паводле словаў Уэба, у сярэдзіне першага тайма ён павінен быў выдаліць галандца Найджала Дэ Ёнга за грубы фол супраць іспанца Хабі Алонса, піша The Guardian.
На 28-й хвіліне сустрэчы Дэ Ёнг у барацьбе за мяч падчас скоку стукнуў Хабі Алонса нагой у грудзіну. Уэб паказаў галандскаму паўабаронцу жоўтую картку. Паводле словаў рэферы, калі ён перагледзеў гэты эпізод «седзячы ў крэсле», то прыйшоў да высновы, што Дэ Ёнга трэба было выдаляць.
Уэб адзначыў, што ён бачыў двубой пад нязручым вуглом і не змог вызначыць, наколькі высока была паднятая нага Дэ Ёнга. Арбітр падкрэсліў, што ён не паказаў галандцу чырвоную картку не таму, што баяўся выдаліць футбаліста ў фінале чэмпіянату свету, а таму, што не быў упэўнены, наколькі груба сыграў Дэ Ёнг.
Фінал ЧС-2010 завяршыўся перамогай зборнай Іспаніі з лікам 1:0 у дадатковы час. Уэб паказаў пяць жоўтых картак іспанцам і восем - галандцам. Пры гэтым абаронца зборнай Галандыі Джон Гёйтынга атрымаў два папярэджанні і на 110-й хвіліне быў выдалены з поля.
The Guardian у перакладзе Charter97.org