БАТЭ (Барысаў) — «Хабнарф’ёрдзюр» (Ісландыя) — 5:1
Тры гады назад каманды ўжо сустракаліся ў рамках гэтага самага турніру. Тады ў гасцях барысаўцы былі мацней з лікам 3:1, а вось дома не перагулялі суперніка 1:1.
Варта адзначыць, што сёлета ў еўракубках гэта не першае процістаянне беларускіх і ісландскіх клубаў. Жодзінскае «Тарпеда» выбіла з розыгрышу Лігі Еўропы рэйк’явіцкі «Фюлкір».
Першы тайм матча ў Барысаве прайшоў пры істотнай перавазе БАТЭ, але прабіць масіраваную абарону «Хабнарф’ёрдзюра» не атрымлівалася. Ён так і скончыўся з лікам 0:0.
Затое ў другім тайме ісландцы пасыпаліся. І галоўным магільшчыкам «Хабнарф’ёрдзюра» стаў паўабаронца Павел Нехайчык. На ягоным рахунку хет‑трык. Яшчэ па аднаму голу забілі Рэнан Брэсан і Віталь Радзівонаў. Ісландцы змаглі адказаць толькі мячом Б’ёрнсана.
Лік 5:1 дазваляе БАТЭ досыць камфортна сябе адчуваць напярэдадні выездкі ў краіну гейзераў, што адбудзецца праз тыдзень.Зміцер Панкавец