Фонд Марыі Шарапавай выдзяляе $250 тысяч Расіі, Украіне і Беларусі

Источник материала:  
01.07.2010 14:26 — Новости Спорта
Фонд Марыі Шарапавай выдзяляе 250 тысяч даляраў на рэалізацыю новых ініцыятыў для вырашэння постчарнобыльскіх праблем у Расіі, Украіне і Беларусі.

Гэтымі днямі Марыя Шарапава наведвае Гомельшчыну.

Пра гэта заявіў 1 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Гомелі прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніус Брук. «Праект разлічаны на 2011—2012 гады, і гэта сімвалічна, бо ў 2011 годзе спаўняецца 25 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС», — сказаў Брук.

Вядомая тэнісістка Марыя Шарапава, якая прысутнічала на прэс‑канферэнцыі, дадала, што,

хутчэй за ўсё, гэтыя грошы будуць накіраваны на праекты па развіцці спорту для дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

«Калі раней мы накіроўвалі сродкі на рэалізацыю праектаў у забруджаных рэгіёнах у сферы экалогіі і адукацыі, то зараз накіруем на спорт. Вельмі важна, каб дзеці праяўлялі фізічную актыўнасць. Неабавязкова гэта будзе тэніс, можа быць, хакей або фігурнае катанне», — зазначыла Шарапава.

Тры гады таму Фонд Марыі Шарапавай выдзеліў 100 тысяч даляраў на рэалізацыю праектаў, прысвечаных постчарнобыльскім праблемам ва Украіне, у Беларусі і Расіі. З гэтай сумы 35 тысяч даляраў былі выдзелены на тры беларускія праекты, скіраваныя на паляпшэнне жыцця ў забруджаных раёнах Гомельскай вобласці.

У Брагінскім раёне на гэтыя грошы былі закуплены музычныя інструменты для дзіцячых школ, у Чачэрску была падтрымана праца экалагічнага гуртка і створаны пакой рэлаксацыі для дзяцей у раённай бальніцы. 30 чэрвеня Шарапава пабывала ў Чачэрску, дзе азнаёмілася з працай фінансаваных ёю аб’ектаў. Тэнісістка засталася задаволенай убачаным. «Я ўбачыла шмат таленавітых дзяцей, якія танцуюць, спяваюць, малююць, у якіх вялікі патэнцыял, але ім трэба дапамагаць, з імі трэба працаваць», — сказала Шарапава.

1 ліпеня яна сустрэлася ў Гомелі са стыпендыятамі свайго фонду, якія вывучаюць мастацтва ў БДУ і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Першыя тры такія стыпендыяты былі адабраны восенню 2009 года. Усяго фонд Шарапавай выдзеліў на стыпендыі таленавітай моладзі 210 тысяч даляраў.

30 чэрвеня —1 ліпеня Марыя Шарапава ажыццяўляе паездку ў Гомельскую вобласць. Сёння яна правядзе майстар‑клас па тэнісе для вучняў Цэнтра алімпійскага рэзерву вобласці.


Алена Германовіч, БелаПАН.

←Руководство «Динамо» предложило Виталию Ковалю пересмотреть контракт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика