То коса, то міма
29.06.2010 19:57
—
Новости Спорта
На стадыі 1/8 фіналу сустрэча паміж камандамі Японіі і Парагвая была ці не самай сумнай. На полі мы бачылі мноства пазіцыйнай і сілавой барацьбы, але зусім мала небяспечных момантаў.
Японцам не давалі магчымасць скарыстаць іх фірмовую зброю — штрафныя ўдары. А Парагваю таксама не атрымлівалася закруціць атакуючую карусель ля варот суперніка.
Так каманды прамаяліся 90 хвілін. У дадатковы час парагвайцы мелі адзін выдатны шанец, але варатар Японіі выратаваў каманду.
Цана памылкі ў такія хвіліны намнога ўзрастала. Здаецца, гэта разумелі і каманды, якія вырашылі аддацца на лёс фартуне — 0:0.Пераможца вызначаўся ў серыі пасляматчавых адзінаццаціметровых удараў.
Вырашальным аказаўся ўдар Юіці Камана, які бабахнуў у перакладзіну. Больш ніхто з футбалістаў не прамахваўся— 5:3 на карысць паўднёваамерыканцаў.
Парагвай упершыню ў сваёй гісторыі трапіў у чвэрцьфінал.
Супернік Парагвая вызначыцца сёння ў гульні Іспаніі і Партугаліі, якая пачнецца а 21:30. Трансляцыя па БТ.
ЗП