“У нас шмат відаў спорту, якія мы згубілі, і амаль няма тых, якія здабылі”

Источник материала:  
“У нас шмат відаў спорту, якія мы згубілі, і амаль няма тых, якія здабылі”У інтэрв’ю Еўрарадыё вядомы спартыўны журналіст Сяргей Новікаў расказаў пра галоўныя праблемы беларускага спорту – камандна-адміністратыўнае кіраванне, прагу хуткіх вынікаў, завоз легіянераў з замежжа, а таксама пра тое, як грошы разбэшчваюць нашых спартсменаў.

Амаль кожная краіна асацыюецца з нейкім сваім відам спорту. У Чэхіі – гэта хакей, у Англіі – футбол, у Нарвегіі – лыжы, у Літве ― баскетбол. А ці ёсць у Беларусі такі від спорту, які можна было б назваць нацыянальным?

Сяргей Новікаў: Калі мы зараз вельмі напружым наш розум, правядзем мазгавую атаку і прызначым нейкі від спорту нацыянальным, ад гэтага абсалютна нічога не зменіцца – ні для нас з вамі, ні для гэтага віду спорту. Таму, напэўна, такая пастаноўка пытання часткова штучная ў нашых рэаліях. Хаця б па той прычыне, што нацыянальны від спорту мае на ўвазе нацыю, якая ўжо сфарміравалася.

У гэтым сэнсе казаць пра паняцце “нацыянальны” ў дачыненні да беларускага спорту мне падаецца яшчэ рана. Хаця б па той прычыне, што сацыяльнае асяроддзе, якое займаецца развіццём нашага спорту, пакуль яшчэ не вельмі адарвалася ад мінулых савецка-саюзных рэалій. Для мяне сведчаннем гэтага з'яўляецца частата ўжывання слова “рэспубліканскі”. Вы заўважалі, напэўна, што ў нас дагэтуль кажуць “рэспубліканскі турнір па шахматах”, “рэспубліканскі фестываль масавага футбола”, “рэгламент рэспубліканскіх спаборніцтваў”.

У нас не спяшаюцца адрывацца ад таго асяроддзя, той псіхалогіі, калі мы сябе асацыявалі як частку чагосьці цэлага, большага ў памерах і ва ўсіх сэнсах больш значнага. Большасць людзей, якія займаюцца спортам і яго развіццём у нашай краіне, на жаль, не адышлі ад той ментальнасці.

Таму цяпер мы можам казаць толькі пра тыя віды спорту, якія карыстаюцца найбольшай любоўю, папулярнасцю, якімі перш за ўсё займаюцца нашы людзі. У гэтым сэнсе, безумоўна, на першае месца трэба ставіць футбол, хакей, аздараўляльны бег. Па колькасці чыста глядацкай увагі сюды можна ўключыць і біятлон.

Што тычыцца перспектыў развіцця відаў спорту, якія могуць стаць для нас нацыянальным гонарам, тут таксама не трэба нічога выдумляць – гэта ў першую чаргу гульнявыя віды. З негульнявых можа атрымаць нейкую глабальную папулярнасць біятлон, таму што ён найбольш спалучае ў сабе забаўляльнасць, дынамічнасць і прастату. Таму глядзець яго вельмі цікава. Але, натуральна, стаць масавым ён не можа, хаця б у сілу таго, што патрабуе сур'ёзнага і не таннага тэхнічнага абсталявання.

З аднаго боку, вы кажаце, што з часоў, калі Беларусь была часткай чагосьці вялікага, мала што змянілася, таму што паняцце “нацыя” ўсё яшчэ не сфармавалася. З іншага боку, папулярнасць відаў спорту ўсё ж такі змянілася – у савецкія часы мы былі вядомыя гімнастыкай, гандболам… Цяпер гэтыя віды спорту адышлі на другі план. Што змянілася ў нашым спорце з савецкіх часоў?

У нас, на жаль, вельмі шмат відаў спорту, якія мы, па вялікім рахунку, згубілі, і амаль няма такіх, якія б мы здабылі. Калі казаць больш канкрэтна, то, безумоўна, мы згубілі гімнастыку, якую вы ўзгадалі. Тое ж самае з фехтаваннем, з некаторымі відамі барацьбы – грэка-рымскай, вольнай, таксама скачкі ў ваду, стральба. З тых, якія захаваліся на ўзроўні хаця б параўнальным з савецкімі часамі, напэўна, лёгкая атлетыка, веславанне акадэмічнае, на байдарках і каноэ… Ну, і, напэўна, ўсё.

Чаму адбываецца такое адступленне?

Справа ў тым, што наш спорт, як і ўся грамадска-палітычная сістэма нашай краіны, у першую чаргу сыходзіць з камандна-адміністраўтыўных асноў кіравання. Спорт у нас таксама жыве па планах, па спушчаных з верху разнарадках, па колькасці заваяваных медалёў... Ён арыентаваны на вынік. Да кіравання спортам прыходзяць людзі, якія, што называецца, “з малаком маці” сваю спартыўную спецыялізацыю не ўсмакталі. Значную частку жыцця спорт ім не быў настолькі блізкі, каб яны раптам, па загадзе сталі ўкладваць у яго душу. Прадстаўнікі палітычнай эліты, што прызначаюцца на федэрацыі – гэта як раз такі прыклад.

Хтосьці сапраўды займаецца гэтай працай з жаданнем… Але самая галоўная бяда ў тым, што ў кожным выпадку іх галоўная мэта – хуткі вынік. А ў спорце хутка нічога не даецца, тут планаваць поспех можна толькі праз гады, калі пачынаеш працаваць з моладдзю, дзецьмі і плануеш іх выхад на нейкі пік ужо ў сталым узросце.

У нас, на жаль, гэтай планамернасці дасягнуць не атрымоўваецца. У свой час пераемнасць на ўзроўні дзіцяча-юнацкага спорту была моцна парушаная, а дзесьці – проста зруйнаваная. І абсалютна зразумела, што калі яе не ўзнавіць, да мінулага ўзроўню не вернешся. А ўзнаўленне патрабуе нашмат большых высілкаў, часу, планамернага стварэння, чым спробы зрабіць штосьці вельмі хутка і імгненна. Адсюль гэта стаўка на вынік – медалі, медалі, медалі, развіццё відаў спорту, якія могуць хутка прынесці медалі, але якія ні душы, ні сэрцу не патрэбныя…

Самае страшнае, што іржой раз’ядае наш спорт – гэта спробы хутка завезці на нашу прастору ўжо сфармаваных, нібыта добрых спартсменаў з блізкага замежжа, якія той самы вынік хутка прынясуць. Гэта каласальная памылка, якая ўжо прывяла да краху бокс, барацьбу, абумовіла страшнае адступленне ў лыжах, штосьці падобнае пачынаецца і ў біятлоне, магчыма, дзесьці яшчэ… Гэта так званае “легіянерства наадварот”, калі спартсмены не едуць за мяжу ў клубы, а калі іх запрашаюць у краіну, выдаюць паспешліва пашпарты – гэта самая вялікая шкода і біч, вынік той нацэленасці на вынік, пра якую мы сказалі.

Наколькі развіццё і папулярнасць віду спорту залежыць ад зацікаўленасцяў кіраўніка дзяржавы? Вось, напрыклад, калі Лукашэнка толькі прыйшоў да ўлады, ён гуляў у тэніс, пасля ў футбол, затым – у хакей. І цяпер паўсюль будуюцца лядовыя палацы… А калі прэзідэнт зацікавіцца кёрлінгам, то ў нас пачнуць гэты від спорту развіваць ці не?

Я хачу сказаць, што ў іншых відаў спорту яшчэ ёсць шансы і пры цяперашнім прэзідэнце расквітнець пышным цветам.

Я б не стаў зацыклівацца на хакейным прыкладзе, хаця ён наглядны. Хакей, напэўна, ці не адзіны від спорту, які ў параўнанні з савецкімі часамі прыбавіў. І навошта лукавіць і казаць, што гэта ніяк не звязана з зацікаўленасцямі прэзідэнта. Напэўна, звязана ў першую чаргу.

Але нават тое, што зроблена ў гэтым плане пры Лукашэнку ў разы адстае ад таго, што ёсць цяпер у Фінляндыі, Скандынавіі, той самай Чэхіі ― краінах, якія ў прынцыпе маюць той самы клімат і традыцыі. Гэта добра, што хаця б на нейкім асобным участку робіцца больш, чым на ўсіх іншых, хаця гэта, вядома, абсалютна кропля ў моры ў параўнанні з тым, што патрэбна для развіцця спартыўнай інфраструктуры ва ўсёй нашай краіне.

Напэўна маладым футбалістам крыўдна, што не з’яўляецца больш футбольных пляцовак…

Дарэчы, футбольных пляцовак цяпер таксама з’яўляецца не мала. У гэтым плане робіцца вельмі шмат і сапраўды добра.

А што з буйнымі пляцоўкамі? Мы з цяжкасцю ў 2014 годзе прымаем чэмпіянат свету па хакеі, тэрміновымі тэмпамі ўсё будуем... Чаму ў нас па-сутнасці адзін стадыён для футбола, які можа праводзіць міжнародныя матчы, адна арэна на дадзены момант, якая можа прымаць міжнародныя хакейныя матчы? А ў той жа час мы будуем маленькія хакейныя палацы, у якіх можна толькі трэніравацца і катацца на каньках…

Гэта адсутнасць сістэмнага падыходу. І тая адзіная футбольная арэна, пра якую вы сказалі, не сёння дык заўтра стане нашай ганьбай, таму што яна старэе катастрафічнымі тэмпамі, адстае ад таго, што адбываецца вакол. І цяпер у нас ва ўсіх абласных цэнтрах стадыёны на парадак больш камфортныя і сучасныя, чым мінскі стадыён “Дынама”. Розніца толькі ў тым, што там змяшчаецца менш людзей.

Будаваць добры і вялікі стадыён у Мінску, які быў бы сімвалам нацыянальнага спорту, трэба было, на мой погляд, яшчэ пазаўчора.

Якія ў нас ёсць перспектывы ў якіх відах спорту? Вось, мы гаворым цяпер, што будуюцца лядовыя палацы, але ў той жа час у хакеі “старыкі” яшчэ хоць неяк трымаюцца, а моладзь нідзе вынікаў не паказвае. У футболе ж наадварот – моладзевая зборная прайшла на чэмпіянат Еўропы…

У хакеі гэта як раз прыклад стаўкі на хуткі вынік, пра які мы казалі. Там не выбудавалася такая піраміда, каб сапраўды ўсё базіравалася на дзецях. Пляцовак для заняткаў ужо нібыта хапае, але з іншага боку, не хапае трэнераў. Магчыма іх хапае па колькасці людзей, якія выкатваюцца на лёд і праводзяць трэніроўкі, але часта яны проста даюць свісток да пачатку катання, не больш за тое. А трэнераў адукаваных, якія б былі, што называецца, “у тэме”, якія прытрымліваюцца сусветнага мэйнстрыму, якія ведаюць не адну мову, чытаюць… Такіх трэнераў не хапае.

Калі вяртацца да перспектываў... У якіх відах спорту ў нас ёсць перспектывы? Які від спорту можна назваць самым перспектыўным, дзе падрастае моладзь?

Я магу сказаць пра віды спорту, да якіх я маю дачыненне, у сілу сваіх прафесійных інтарэсаў – гандбол, футбол… Там такіх грандыёзных перспектываў і прагрэсу не праглядаецца. У гандболе асабліва.

А з савецкіх часоў, за апошнія 20 гадоў, які від спорту развіўся больш за ўсё?

Калі браць від спорту ў цэлым, то, напэўна, ўсё ж такі гэта акадэмічнае веславанне. Цяпер яно ў нас у самым фаворы і росквіце. З гульнявых відаў можна назваць хіба толькі дамскую галіну баскетболу, яна не прагрэсіравала, але прынамсі вярнула вышыні, на якіх была ў савецкія часы.

Прадукт чыста суверэнных часоў – гэта фрыстайл. Але, на мой погляд, масавым ён ніколі не стане, таму што гэта экстрэмальны занятак, звязаны з вялікай рызыкай для здароўя. Ім проста не зоймецца шмат людзей. І па-сапраўднаму нейкім сімвалам нацыянальнага спорту ён наўрад ці зможа стаць, таму што пра фрыстайл ва ўсім свеце ў масавым маштабе ўзгадваюць толькі падчас Алімпіяд, раз у чатыры гады, а пасля ён сыходзіць у цень…

Чаму ў баскетболе нашы жанчыны паказваюць вынікі, а мужчыны – не? Ад чаго тут залежыць? Від спорту адзін, краіна адна, умовы адны і тыя ж…

Тут у першую чаргу, напэўна, можна казаць пра персаналію трэнера – гэта Анатоль Буяльскі. Па-другое, дзяўчаты, якія ўваходзяць у зборную, усе ўдала размеркаваліся па замежжы, добрых клубах, маюць там добрую практыку і магчымасці ўдасканальваць сваё майстэрства. А на беларускіх мужчын попыту няма ніякага, яны калі і гуляюць за мяжой, то ў асноўным у клубах невыбітных. А калі і ў выбітных, то далёка не на першых ролях. Плюс – з трэнерам не склалася.

І яшчэ вельмі важны фактар, на мой погляд. У жаночым баскетболе, з гульнявых відаў спорту, якія культывуюцца ў свеце, канкурэнцыя самая невысокая. Там проста ўзровень саперніцтва прынцыпова не той, як скажам, у жаночым валейболе ці гандболе. І таму там выбіцца на ўзровень першай пяцёркі, я не кажу ўжо пра дзясятку, нашмат прасцей.

А што ў персанальных дасягненнях было самым яркім у беларускім спорце за апошнія 20 гадоў?

Па сукупнасці і важкасці дасягненняў – гэта безумоўна Карстэн-Хадатовіч, яе два алімпійскія золаты, пасля працяг медалёў на чэмпіянатах свету… А па планетарным рэзанансе, калі пра Беларусь сапраўды загаварылі і сталі цікавіцца, што за яна – гэта, безумоўна, Юля Несцярэнка на афінскай Алімпіядзе, проста па-за канкурэнцыяй.

Наколькі залежыць развіццё віду спорту ад дасягненняў у ім спартсменаў? Цылінская, 8-мі разовая чэмпіёнка свету, паказвала вынікі, а ў веласпорце амаль нічога не рабілася. Толькі цяпер пачалі будаваць веладарожкі, розныя трасы. У веславанні – тое ж самае. Толькі што пачалі будаваць базы, хаця яшчэ ў савецкія часы нашы весляры паказвалі высокія вынікі...

Безумоўна, калі б у нас раней з'явіўся велатрэк, то, напэўна, не адбылося б такога разрыву рэгулярнасці дасягненняў, пасля таго, як перастала актыўна выступаць Наталля Цылінская. Калі б у нас пабудавалі канал у Брэсце троху раней, то ў нас, напэўна, была б цяпер цалкам іншая сітуацыя ў веславанні пасля Карстэн, я не кажу ўжо пра мужчын. Не пачалі будаваць своечасова, але каго цяпер за гэта папракнеш?

А як плануецца ў спорце, постфактум ці спачатку? Напрыклад, выйграла Карстэн Алімпіяду, і потым падумалі – трэба развіваць гэты від спорту… Ці спачатку – “мы будзем развіваць веславанне”, і ў нас з'явілася Карстэн?

Зразумела, што ў нас атрымліваецца так, як вы сказалі – спачатку вынік, а пасля ён як іголка цягне за сабой нітку. Для таго, каб працаваць на будучыню, трэба даверыцца людзям, якія выраслі ў гэтым асяроддзі, якія гэта ўсё ведаюць і могуць спланаваць штосьці наперад. Усё ж такі я лічу, што трэба імкнуцца да таго, каб федэрацыямі кіравалі спецыялісты гэтых відаў спорту, а не людзі прызначаныя збоку, якія прыйшлі зверху, і не прапускалі праз сябе праблемы гэтага віду спорту, пачынаючы з вытокаў.


Ёсць меркаванне, што нашых спартсменаў псуюць грошы. Кажуць, у футболе мы паказвалі лепшыя вынікі, калі грошай было мала. А цяпер нібыта ў спартсменаў няма стымулу… Ці гатовыя нашы спартсмены да вялікіх заробкаў?

Гэта пытанне матывацыі. Матывацыя сапраўды часта залежыць ад грамадскіх і сацыяльна-эканамічных умоваў, у якіх спартсмен жыве. Зразумела, у савецкія часы грашыма з нашых спартсменаў ніхто не быў разбэшчаны. І імкненне зарабіць хоць штосьці было каласальным стымулам у занятках спортам. На гэтым у свае часы будаваліся фантастычныя дасягненні. Узяць той саамы хакей савецкіх часоў, баскетбол, гандбол.

Цяпер адбываецца пераарыентацыя ва ўсім. І гэты раздрай у розумах моладзі вядома ўплывае на спартыўную рэчаіснасць і часам вельмі адмоўна. Цяпер такая стадыя, калі грошы, дарэчы невялікія па мерках усяго свету, сапраўды пачынаюць разбэшчваць наш спорт і нашу спартыўную моладзь. Платы, што павялічыліся ў 2-3 разы ў параўнанні з тым, што было нядаўна, многім падаюцца настолькі фантастычным вынікам, што сапраўды знікае стымул і жаданне працаваць на вынік.

Яскравы і блізкі мне прыклад – наш сённяшні гандбол. Ён быў проста ў занядбаным выглядзе гадоў 10 таму, усё знікла, людзі з'ехалі, трэнеры працаваць перасталі і вынікаў не стала. Спахапіліся, вырашылі папраўляць – да кіраўніцтва прыйшоў Уладзімір Канаплёў, чалавек з палітычнай эліты. І сапраўды, з яго прыходам, са з'яўленнем пратэкцыянісцкіх прэзідэнцкіх указаў, у гандболе ўсё рэзка пайшло ўгару, заробкі на працягу года выраслі ў разы тры, людзі сталі натхнёна працаваць, усё закруцілася, завярцелася. Але прайшоў год-паўтара і ўсе зрабілі для сябе цікавую выснову пра тое, “а чаго мы напружваемся, нам і так ідзе заробак”… І ўсё.

Але ж гэта ненармальная сітуацыя, калі грошы не стымулююць, а наадварот – дэстэмулююць?

Гэта абсалютна наша самабытная ўнікальная сітуацыя, якая склалася пасля таго, як у нас былі прынятыя меры па стымуляванні гульнявога спорту за кошт прымусовых пратэкцыянісцкіх мер. Спонсары, якія падтрымліваюць гэтыя віды спорту былі, па вялікім рахунку, прызначаныя, іх абавязалі, каб яны давалі грошы.

Ва ўсім прагрэсіўным свеце спансараванне спорту адбываецца абсалютна на іншых умовах. Там робіцца так, каб бізнесмену было ўсё роўна куды аддаваць грошы – у выглядзе падаткаў дзяржаве або аддаць у спорт, а дзяржава такую ж суму ў выглядзе падаткаў у яго браць не стане. Затое ён атрымае іміджавыя выгады, бясплатную рэкламу, будзе навідавоку, яго будуць любіць. Там ад спонсараў адбою няма.

У нас жа ў спонсараў цікавасці няма. Спартсмены, якія былі падсаджаныя на іголку вялікіх заробкаў, цяпер ужо гэтых заробкаў не атрымоўваюць… І самае галоўнае – за ўвесь час дзейнасці мер у падтрымку, ніякіх вялікіх вынікаў наш гандбол на міжнародным узроўні не дасягнуў. Тое ж самае можна сказаць, я упэўнены, і пра баскетбол, і пра валейбол, дый пра хакей з футболам таксама.

Мы вызначылі шмат праблем у нашым спорце, а цяпер давайце прапануем нейкі рэцэпт, як з гэтымі праблемамі можна змагацца і вырашыць іх?

На жаль, нейкага універсальнага рэцэпту, які б ўсё хуценька ў нашым жыцці памяняў, няма. Ніхто не адмяняў пастулатаў класікаў пра тое, што эканоміка вызначае свядомасць і ўсю надбудову, куды ўваходзіць спорт. То бок, пакуль у нас не з'явіцца эканоміка, якая жыве па законах рэальнага, а не названага рынку, у нас і спорт па лагічных законах наўрад ці зможа зажыць

←Оксана Менькова: трудная дорога к Олимпу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика