Ціхан і Дзевятоўскі апраўданыя

Источник материала:  

Сусветныя лідары ў штурханні молата даказалі сваю праўду і вярнулі медалі

Беларускія малатабойцы Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан, якія заваявалі на Алімпійскіх гульнях у Пекіне сярэбраны і бронзавы медалі, апраўданыя спартыўным арбітражным судом (CAS). 10 чэрвеня, у апошні тэрмін разгляду справы, самая высокая спартыўная судовая інстанцыя вынесла сваё рашэнне на карысць беларускіх спартсменаў. Судовая цяжба беларусаў цягнулася каля двух гадоў.

Спартыўны арбітражны суд пастанавіў, што допінг-тэсты Дзевятоўскага і Ціхана несапраўдныя, паколькі не адпавядаюць міжнародным лабараторным стандартам. Спартсменам вяртаюцца іх тытулы і медалі.

Нагадаем, што непрыемная вестка, якая шакіравала ўсю беларускую спартыўную грамадскасць, прыйшла ў снежні 2008-га — спартсмены былі абвінавачаныя ў выкарыстанні допінгу. У прыватнасці, у іх допінг-пробах быў перавышаны ўзровень тэстастэрону. Згодна з рашэннем дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта , абодва беларусы былі дыскваліфікаваныя і пазбаўленыя медалёў. Ціхан і Дзевятоўскі адразу ж заявілі, што адмаўляюць прыём забароненых прэпаратаў і сталі аспрэчваць рашэнне МАК у спартыўным арбітражным судзе. Беларускі бок заяўляў пра неакуратную арганізацыю працы пекінскай лабараторыі і адхіленнях ад стандартаў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва падчас даследавання проб беларускіх малатабойцаў. Спартсмены настойвалі, што дапушчаныя антыдопінгавымі службамі парушэнні і нестыкоўкі маглі паўплываць на вынік аналізаў. Рашэнне арбітражнага суда, прынятае на карысць беларускіх легкаатлетаў, апублікаванае на афіцыйным сайце CAS. Згодна з ім, беларусам павінны выплаціць кампенсацыю ў памеры 50 тысяч еўра.

Гэту навіну Іван Ціхан сустрэў за межамі Беларусі. Як паведаміла прэс-аташэ федэрацыі лёгкай атлетыкі Настасся Марыніна, спартсмен знаходзіцца на аднаўленчым зборы. Іван удзячны ўсім тым, хто верыў у яго і Вадзіма, і паабяцаў далей радаваць прыхільнікаў вынікамі. А вось Вадзім Дзевятоўскі прызнаўся, што цяпер галоўнае жаданне — пра ўсё забыць. — Наша з Іванам перамога — вынік цяжкай карпатлівай працы, якая працягвалася два гады. Для таго, каб адстаяць сваю праўду, мы аддавалі ўвесь свой час. Пры гэтым працягвалі трэніравацца, бо ведалі, што аргументы, прадстаўленыя суду, адпавядаюць ісціне. Хочацца падзякаваць тым, хто верыў у мяне і Івана. Мы адчувалі сапраўды народную падтрымку, — падзяліўся Вадзім Дзевятоўскі.

Што ж, і сапраўды, вельмі прыемная навіна не толькі для беларускіх заўзятараў, але і для прыхільнікаў лёгкай атлетыкі па ўсім свеце. Рэч у тым, што за апошнія два гады, калі Ціхан і Дзвятоўскі не выступалі, дастойнай замены ў свеце ім так і не знайшлося, а вынікі ў штурханні молата ў мужчынскім сектары былі значна ніжэйшыя. Віншуем спартсменаў з перамогай і чакаем новых!

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Пять новостей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика