Футбол па-чорнаму

Источник материала:  
11.06.2010 10:10 — Новости Спорта

Футбол па-чорнаму
Стадыён у Ёханэсбургу прыме і матч адкрыцця, і фінал, фота Reuters

Ад 11 чэрвеня да 11 ліпеня ў Паўднёвай Афрыцы пройдзе 19‑ы чэмпіянат свету па футболе. Упершыню спаборніцтва такога рангу прымае Чорны кантынент.

З гэтай нагоды і афрыканскіх каманд на мундыялі будзе рэкордна шмат — цэлых шэсць. Апроч ПАР, удзел возьмуць Гана, Нігерыя, Алжыр, Камерун, Кот‑д’Івуар.

Апошнюю каманду ўзначаліў вядомы шведскі спецыяліст Свен‑Горан Эрыксан. Але «сланам» зноў не пашанцавала з лёсаваннем. Другі чэмпіянат запар яны трапляюць у «групу смерці».

Чатыры гады таму краіна слановай косткі не змагла выйсці з групы, дзе трапіліся Галандыя, Аргенціна і Сербія. Сёлета фартуна падрыхтавала ім у супернікі Бразілію, Партугалію і КНДР. Адзіная на¬дзея — на найлепшага бамбардзіра англійскай прэм’ер‑лігі Дзідзье Драгбу.

Афрыканскія зборныя звычайна паказваюць незвычайны футбол — трохі бессістэмны і карнавальны. Асалода.

Паўночныя карэйцы на сусветнае першынство трапілі толькі ў другі раз. Упершыню яны ўдзельнічалі ў чэмпіянаце 1966 года ў Англіі. Зборная непрафесіяналаў выклікала сапраўдны шок у заўзятараў.

Спачатку карэйцы прайгралі СССР — 0:3 (два галы тады забіў будучы трэнер зборнай Беларусі Эдуард Малафееў). Потым згулялі ўнічыю з Чылі. А ў вырашальным групавым матчы абсалютна нечакана перамаглі Італію — 1:0. На Апенінах тая гульня і сёння лічыцца адной з найбольш драматычных у гісторыі «скуадры адзуры».

У чвэрцьфінале карэйцы сустракаліся з партугальцамі і ўжо на 24‑й хвіліне выйгравалі з лікам 3:0. Але геніяльны Эйсебіё змог пераламаць ход той сустрэчы.

Той пройгрыш жахліва раззлаваў карэйскага дыктатара Кір Ір Сена. Амаль у поўным складзе зборная была адпраўленая ў канцлагеры. Тым не менш, гэта быў першы поспех азіяцкага футбола.

Інтрыга першынства ў тым, як зможа падрыхтаваць аргенцінцаў да матчаў адзін з найвялікшых футбалістаў ХХ стагоддзя Дыега Марадона. У ягоным распараджэнні — найлепшы футбаліст сучаснасці Ліянэль Месі. Ці змогуць дзве зоркі ўжыцца разам?

Чэмпіёны Еўропы з Іспаніі ніколі не выйгравалі сусветнае першынство. Ім хочацца зламаць такую сумную традыцыю. Англічане, немцы, італьянцы, бразільцы таксама настройваюцца на перамогу.

Беларусаў у Афрыцы не будзе. Тут няма нічога нечаканага. Не будзе на першынстве таксама і бліжэйшых суседзяў — Расіі, Украіны, Польшчы. Самая блізкая да нас краіна, якая паедзе ў ПАР, — Славаччына.

Цікава, што напярэдадні мундыялю гадаванцы Штанге сыгралі дзве гульні ў Аўстрыі з камандамі‑ўдзельніцамі чэмпіянату. З Гандурасам разышліся мірам — 2:2, а вось у Паўднёвай Карэі выйгралі — 1:0. Такіх вынікаў магло б хапіць для выхаду з групы.

У любым выпадку, нават без беларусаў, нас чакае месяц якаснага футбола з афрыканскім каларытам.

Зміцер Панкавец

«Мужчынская гульня, а не балет»

За каго на чэмпіянаце свету будуць перажываць беларусы? Апытанне «НН».

Сяргей Крывец, футбаліст зборнай Беларусі: «Італія. Увогуле буду за прыгожы футбол. А іншыя сімпатыі ўзнікнуць цягам чэмпіянату».

Віталь Сіліцкі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў: «1. ЗША. Краіна, дзе я пражыў шэсць гадоў і адбыўся як прафесіянал. 2. Славакія. Проста там у мяне шмат сяброў і іх мова вельмі падобная да нашай».

Альгерд Бахарэвіч, літаратар, жыве ў Гамбургу: «Deutschland, Deutschland ьber alles. І, мяркую, нашы выйграюць гэты чэмпіянат. А яшчэ за Славенію, бо даўно сімпатызую гэтай краіне. І за КНДР — яна мае шанец «адпомсціць» партугальцам за 1966 год».

Лявон Баршчэўскі, перакладчык: «З дзяцінства хварэю за Германію. На гэты раз таксама буду за іх».

Павел Севярынец, сустаршыня БХД: «За англічан. Прыгожа гуляюць. Падабаецца іхняя воля да перамогі. Б’юцца да апошняга. Іх футбол адпавядае майму характару, напэўна».

Багдан Арлоў, заўзятар, аўтар беларуска‑расійскага слоўніка спартовых тэрмінаў: «За Іспанію. Я па адукацыі іспаніст. Крыху крыўдна, што такая прыстойная зборная не можа выйграць мундыяль. Злыя языкі нават называлі іспанскую зборную «футбольнымі імпатэнтамі». Мінулы чэмпіянат Еўропы гэта абверг, буду чакаць працягу. Таксама буду заўзець за ўсіх аўтсайдэраў, за сенсацыі».

Андрэй Хадановіч, паэт: «За харошы футбол. А так сімпатызую Англіі і Аргенціне».

Зміцер Бусел, праграміст: «За Англію. Мне падабаецца англійская прэм’ер‑ліга, увогуле англійскі футбол. Да таго ж, даўненька яны ўжо не выйгравалі чэмпіянат свету. Буду таксама перажываць за Аргенціну, за Марадону».

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ: «За англічан. Гэтая краіна родапачынальніца футбола, людзі там проста жывуць футболам. Англічанам даўно не шанцуе на чэмпіянатах свету, і мне хочацца, каб ім нарэшце пашанцавала».

Іван Шыла, палітык з Салігорска: «За англічан. Увесь час хварэю за зборную Англіі, за «Манчэстэр Юнайтэд». Мне крыўдна, што гэтая зборная даўно нічога не выйгравала».

Аляксандр Старыкевіч, журналіст: «Адной такой каманды не будзе. Калі б былі беларусы, то гэта адна справа. Тады цябе проста падкідвае ўверх у парыве заўзятарскай жарсці. Тут жа буду глядзець футбол спакойна. Можа, хацелася б, каб Англія нешта выйграла. Але калі і не выйграе, то нічога страшнага».

Алег Іваноўскі, рэдактар часопіса kiwi.mag: «Буду хварэць за зборную Германіі. Мне падабаецца іх упарты стыль, на мяжы грубіянства. У выкананні немцаў футбол больш падобны да сапраўднай мужчынскай гульні, а не да балета. Не памятаю такіх матчаў, калі б яны змірыліся, апусцілі рукі. Даволі сімпатычна выглядае Аргенціна, хацелася б, каб Марадона дадаў да сваіх тытулаў нешта істотнае з гэтага чэмпіянату. Пры такім нелагічным, але моцным падборы гульцоў».

Апытаў Зміцер Панкавец

***

Матчы будуць пачынацца паводле мінскага часу ў 14:30, 17:00 і 21:30. Усе гульні пакажуць у жывым эфіры тэлеканалы «Лад» і БТ. Стартуе чэмпіянат сёння, 11 чэрвеня, матчам гаспадароў турніру, зборнай Паўднёвай Афрыкі з камандай Мексікі.

Пачатак трансляцыі ў 16:50 на БТ.

Сёння, у пятніцу, пройдзе яшчэ адна гульня: Уругвай - Мексіка (трансляцыя ў 21:30 на БТ)

12 чэрвеня, субота:

Паўднёвая Карэя - Грэцыя (14:25, Лад), Аргенціна - Нігерыя (16:55, Лад), Англія - ЗША (21:25, БТ)

13 чэрвеня, нядзеля:

Алжыр - Славенія (14:25, Лад), Сербія - Гана (16:55, Лад), Германія - Аўстралія (21:25, БТ).

***

Партал Спорт-Сегодня (sports.ru) ставіць на тое, што чэмпіёнам свету стане зборная Англіі,

Прессбол аддае чэмпіёнства Іспаніі, такой жа думкі трымаецца і букмекерская фірма William Hill.

Іспанія - чэмпіён Еўропы 2008 года, а мінулы чэмпіянат свету, што прайшоў у Нямеччыне, выйграла Італія.

←«Да, уже попрощались с ребятами из сборной. Но пока мы в Минске…»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика