Забіць шведам не змаглі

Источник материала:  

2 чэрвеня адбылася ледзь не самая значная падзея беларускага футбола гэтага лета — анансаваная зорная каманда Швецыі правяла таварыскі матч з нашай нацыянальнай зборнай. Гэты матч завяршаў цыкл з трох таварыскіх сустрэч, дзве з якіх большасць беларускіх гледачоў магла ўбачыць толькі па тэлевізары — у Аўстрыі беларусы згулялі супраць зборнай Гандураса (нічыя 2:2) і Паўднёвай Карэі (выйгралі 1:0). Швецыі наша каманда, на жаль саступіла — 0:1.

Забіць шведам не змагліСклад у каманды Швецыі прыбыў не самы аптымальны, затое ў ім знайшлося месца чатыром прадстаўнікам леташняй "маладзёжкі" (Лусціг, Берг, Вернблом, Тойванен), якая ў стартавым матчы фінальнай часткі чэмпіянату Еўропы разграміла нашу каманду 5:1. Былі і ў камандзе Штанге бітыя летась шведамі футбалісты — Пуціла, Кісляк, Мартыновіч, Крывец, Шытаў, Верхаўцоў. Праўда, зараз шведы не прагнулі разгрому, ды і да перамогі не надта імкнуліся, як падалося ў першым тайме. Першая палова матчу выдалася даволі сумнай. Праўда, індывідуальнае майстэрства шведаў было на вышыні — тройчы выратоўваць каманду прыйшлося Юрыю Жаўнову. А вось другі тайм пачаўся для беларусаў з гола, які на 47-й хвіліне забіў Крысціян Вільхельмсан. Шытаў занадта лёгка даў прайсці шведскаму паўабаронцу, не спыніў яго і Мартыновіч, ну а Жаўноў не здолеў узяць мяч, забіты літаральна з нулявога вугла, што недаравальна галкіперу такога ўзроўню. Так што гол — вынік усеагульнай абыякавасці і індывідуальных памылак. Пасля беларусы хоць і мелі моманты (узгадаем удары Пуцілы і Кісляка, якому двойчы не хапіла дакладнасці), і другі тайм правялі значна лепш, чым першы, згуляць нават унічыю не змаглі.

Пасля матчу галоўны трэнер нашай каманды растлумачыў пройгрыш адсутнасцю свежасці. Што і нядзіўна — каманда правяла трэці матч за сем дзён. Дзіўна, чаму Бернд Штанге на кожны матч пакідаў стартавы склад нязменным. Сам галоўны трэнер растлумачыў гэта пастаянства наступным чынам: "Мне, як кожнаму трэнеру, хочацца спадзявацца, што аднаўленне гульцоў адбываецца добра. Спачатку я планаваў памяняць Жаўнова на Амельчанку, але калі убачыў стан палявых гульцоў, вырашыў на іх скарыстаць усе шэсць замен. Мы хацелі атрымаць вынік у гэтым матчы, але не змаглі. Чаму мы праводзілі тры гульні за такі кароткі час? Еўрапейскія каманды праводзяць па 60 гульняў за сезон, а пасля гуляюць на чэмпіянаце свету. І мы павінны імкнуцца прайсці праз такі напружаны графік". Бернд Штанге заклікаў з павагай ставіцца да яго каманды: "За сем дзён мы згулялі тры гульні, гэта з паездкамі і пералётамі. У першым тайме шведы выглядалі лепш, але ў другім тайме дамінавалі мы. І мы стараліся згуляць унічыю, таму вельмі расчараваныя вынікам."

Шведскі трэнер Эрык Хамрэн, які ўзначаліў зборную зусім нядаўна, у лістападзе 2009 года, адзначыў, што для яго было важна паглядзець футбалістаў у матчы на выездзе. "Я задаволены, што мы добра згулялі ў цяжкай гульні на выездзе. Гэта быў карысны матч, дзе мне ўдалося паглядзець, як паводзіць сябе мая каманда".

Што ж, на стадыёне "Дынама" праграма вялікага футбола ў выкананні нацыянальнай зборнай на гэта лета скончана. 11 жніўня каманда правядзе на выездзе таварыскі матч супраць Літвы, а 3 верасня беларусы стартуюць у адборачным цыкле да Еўра-2012 выязным матчам супраць Францыі.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Публицистика. ПЛАТТное будущее. Стеснение выбора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика