Сёння: Беларусь — Швецыя. Галоўны трэнер шведаў разлічвае на перамогу
«З нецярплівасцю чакаем гэтай сустрэчы. Думаю, каманды пакажуць цікавы футбол», — сказаў Хамрэн на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 1 чэрвеня.
Гэты спецыяліст пачаў працу са зборнай у лістападзе 2009 года, змяніўшы Ларса Лагербека, пад кіраўніцтвам якога шведы не змаглі выйсці ў фінал чэмпіянату свету‑2010. «Я не так доўга працую са зборнай, таму мне важна ўбачыць каманду ў справе, адносіны футбалістаў да гульні, камандны дух, асабліва на чужым полі. Заўсёды хочацца выйграць. Паглядзім, як атрымаецца заўтра. Наша мэта — перамога», — адзначыў Хамрэн.
Паводле слоў трэнера шведаў, пра беларускую зборную яму вядома няшмат. «Ведаю, што яна дабілася добрых вынікаў у апошніх таварыскіх матчах (2:2 з Гандурасам, 1:0 з Паўднёвай Карэяй). Памятаю, як летась ваша маладзёжная зборная гуляла ў фінале чэмпіянату Еўропы ў Швецы».
У складзе зборнай Швецыі 17 гульцоў. Хамрэн не лічыць, што гэта мала: «У матчы дазволена шэсць замен, таму не бачу праблемы».
Трэнер таксама паведаміў, што паспрабуе вярнуць у зборную яе лідэра Златана Ібрагімавіча, які адмовіўся ад выступленняў пасля няўдачы Швецыі ў кваліфікацыі ЧС‑2010.
Зборная Беларусі сустракалася са шведамі ў кваліфікацыі чэмпіянату свету 1998 года (1:5 у Стакгольме, 1:2 у Мінску).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН