Гандурасу і Паўднёвай Карэі ні ў чым не саступілі

Источник материала:  
Так лічыць Бернд Штанге, але паказваць сябе прызывае са Швецыяй

Нацыянальная каманда па футболе правяла два таварыскія матчы, і ў абодвух выпадках супернікамі былі фіналісты чэмпіянату свету па футболе, які праз дзесяць дзён стартуе ў ПАР. Беларусы згулялі ўнічыю з Гандурасам (2:2) і абыгралі Паўднёвую Карэю (1:0). Цяпер наша каманда вядзе падрыхтоўку да таварыскага матчу са Швецыяй, які 2 чэрвеня пройдзе на стадыёне "Дынама". Галоўны трэнер зборнай Бернд Штанге пасля вяртання з Аўстрыі, дзе праходзілі паядынкі з карэйцамі і гандурасцамі, пракаментаваў гульню беларусаў.

"Нашай галоўнай задачай было паказаць вынік, і мы гэтага дасягнулі, — заявіў Бернд Штанге. — Гэта поспех, бо нашымі супернікамі былі зборныя, якія знаходзяцца вышэй у рэйтынгу. Гандурас — 38-ы, Паўднёвая Карэя — 47-я, а Беларусь толькі 82-я. Нашы маладыя гульцы дасягнулі відавочнага прагрэсу. Калі раней яны ціха стукаліся ў зборную, то цяпер кулаком адчыняюць дзверы. Бачна, што з футбалістамі правільна працуюць у клубах." Пагадзіўся з галоўным трэнерам і старшыня федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас, які выказаў задаволенасць развіццём нацыянальнай зборнай і яе маладымі гульцамі, якія раней не мелі там "пастаяннай прапіскі".

У той жа час Бернд Штанге адзначыў, што ў першай гульні супраць каманды Гандураса беларусы маглі і перамагчы, але не выкарысталі некалькі выгадных момантаў. Супраць Паўднёвай Карэі беларусы дзейнічалі лепш, асабліва ў другой палове гульні, аднак зноў не рэалізавалі галявыя моманты. З добрых пазіцый прамахнуліся, у прыватнасці, Сяргей Кісляк і Віталь Радзівонаў. "Было шмат шанцаў, якімі нам не ўдалося скарыстацца. І ў гэтым ёсць міжнародны клас гульні — умець выкарыстаць шанц", — заўважыў галоўны трэнер. Пры гэтым нямецкі спецыяліст падкрэсліў, што зборная заўсёды нядрэнна выступае ў таварыскіх матчах. "Наша задача — дасягаць выніку ў матчах, якія маюць турнірнае значэнне".

Нягледзячы на няўдалую гульню з Гандурасам, Юрый Жаўноў застанецца капітанам каманды і асноўным варатаром. Бернд Штанге падкрэсліў, што ў яго няма падстаў не давяраць тром нашым варатарам. "Юрый няўдала згуляў з Гандурасам, і цяпер усе кажуць пра неабходнасць пошуку новага галкіпера. Але варатарам трэба давяраць, асабліва такім, як Жаўноў. У клубе ён сам павінен настойваць на тым, каб яго часцей выпускалі на поле. Не магу сказаць, хто згуляе ў матчы супраць Францыі 3 верасня, у варотах будзе той, хто лепш выглядае. Але ў камандзе фантастычны настрой. Кожны ведае, што яму рабіць. Мы ідзём правільным шляхам і не дазволім сябе спіхнуць." Разам з гэтым Штанге падкрэсліў, што ў каманды няма ўстойлівай псіхалогіі пераможцаў, і ёй трэба дзейнічаць больш агрэсіўна. Не ўдалося пакуль дасягнуць і таго, каб на кожнай пазіцыі было па 2 гульцы, існуе праблема канкурэнцыі ў нападзенні.

Паядынак супраць каманды Швецыі стане для нашай зборнай трэцім за 7 дзён. Ён, на думку Штанге, і прадэманструе, ці змогуць нашы маладыя гульцы захаваць свае фізічныя кандыцыі і на роўных згуляць з аўтарытэтным супернікам. "Гэта фактычна графік каманды-ўдзельніцы Лігі чэмпіёнаў. І вынік будзе важным у псіхалагічным плане", — сказаў Бернд Штанге.

Бернд Штанге і Генадзь Нявыглас далі свае прагнозы і на чэмпіянат свету. Нямецкі спецыяліст упэўнены, што планетарнае першынство выйграе Іспанія. Прычым у фінале яна адолее Аргенціну з лікам 1:0, а пераможны гол заб'е на 88-й хвіліне Фернанда Торэс. А вось Генадзь Нявыглас паставіў на Англію і растлумачыў свой прагноз выйгрышам гэтай зборнай апошняга чэмпіянату Еўропы. У той жа час Бернд Штанге сказаў, што было б нядрэнна, калі б Францыя стала чэмпіёнам свету, а Беларусь перамагла яе ў стартавым матчы адбору да Еўра-2012.

Сёння ў 19 гадзін на стадыёне "Дынама" адбудзецца адкрытая трэніроўка нашых футбалістаў, і балельшчыкі змогуць кантактаваць з гульцамі і трэнерамі. Да 19 футбалістаў, якія гулялі ў Аўстрыі, далучацца Ягор Філіпенка і Вячаслаў Глеб. Тытулаваная каманда Швецыі таксама сёння апрабуе газон сталічнага "Дынама". Нагадаем, што ў фінальную частку чэмпіянату свету зборная прабіцца не змагла, але да нас прыедуць гульцы сусветнага ўзроўню. Сярод іх Андэрс Свенсан, які правёў 106 матчаў у нацыянальнай камандзе, Кім Чэльстром — паўфіналіст сёлетняй Лігі чэмпіёнаў у складзе французскага "Ліёна", Йохан Эльмандэр, які выступае за англійскі "Болтан". І крыўдзіцель нашай моладзевай зборнай на леташнім чэмпіянаце Еўропы, футбаліст "Гамбурга" Маркус Берг, які забіў нашай камандзе 3 мячы ў стартавым матчы, а таксама яго напарнік па "маладзёжцы" Ола Тойванен, які выступае за галандскі "ПСВ Эйндховен". Так што паглядзець ёсць на каго. Нагадаем, што таварыскі паядынак пачнецца 2 чэрвеня ў 20.30, за гадзіну да пачатку матчу на стадыёне адбудзецца канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады.

Алена АЎЧЫННІКАВА.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика