Хварэй, перажывай, але ведай меру
Калi мы навучымся цывiлiзавана паводзiць сябе на футболе?
Я, можа, не такi апантаны балельшчык, але сёе-тое кемлю ў футболе i нярэдка выбiраюся на “дамашнiя” матчы бабруйскай каманды “Белшына”. А тым больш калi прынцыповая сустрэча, якая вырашае, каму з сапернiкаў узнiмацца па турнiрнай таблiцы, а каму асесцi. Ды i проста пабыць на стадыёне, адчуць атмасферу свята, каму не хочацца?
I вось я на матчы. Стадыён, якi ўмяшчае да сямi тысяч гледачоў, запоўнены цалкам. Паўночная i паўднёвая трыбуны пад “казырком”, светавое табло, роўненькае, бы выгладжанае, поле. Суддзi выклiкаюць футбалiстаў на поле. Тыя выходзяць разам з юнай зменай, выконваецца гiмн нашай рэспублiкi – усе ўстаюць. Такi ўрачысты момант.
Пачатак, якi ўражвае. Але вось пачалася гульня i настрой пачаў мяняцца. Калi арбiтр даваў свiсток у бок гасцей, гэта ўспрымалася як належнае, а калi наадварот — неадабральнае гудзенне: “Суддзю на мыла…” А чаму ён павiнен падыгрываць гаспадарам, ён судзiць аб’ектыўна! Так, бываюць дробныя памылкi i ў арбiтраў, але яны iстотна не ўплываюць на ход матча. Дык чаму так балюча ўспрымаць? Асаблiва даставалася бакавому рэферы, якi быў блiжэй да трыбун, яго так зневажалi, што проста сорамна было чуць… Ды хто? Пара-тройка крыкуноў, якiм падпявалi яшчэ некалькi чалавек.
А тут яшчэ побач са мной усеўся нейкi ў пiсягах, ад якога несла перагарам, ужо немалады чалавек. I адразу з вокрыкамi: “Душы iх”. “Як такiх прапускаюць на трыбуны? – мiжволi падумалася. – Не можаш выходзiць да людзей, сядзi дома. Такiм трэба адразу даваць ад варот паварот. Больш настойлiва гэта рабiць, каб падпарадкоўвацца агульнапрызнаным нормам i правiлам”.
У адзiн з момантаў па радах прайшоўся якiсьцi шумок: “Глядзiце, глядзiце”. Я зiрнуў у бок крайняга сектара, дзе размяшчалiся так называемыя фанаты клуба. Яны раптам распранулiся па пояс (добра яшчэ, што не зусiм) i давай хiстацца туды-сюды… А цi эстэтычна ўсё гэта, што дазволена фанатам, а што не, хто ўвогуле выпрацоўвае “сцэнарый” iх паводзiн?
Я нездарма кажу так, бо не так даўно, як паведамлялася ў друку, група фанатаў мiнскага “Дынама” вывесiла на сваёй трыбуне… нацысцкi лозунг. Вядома, што прапаганда фашызму ў нашай краiне, якая так пацярпела ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, забаронена законам. Iнцыдэнт стаў прадметам разбiральнiцтва Беларускай федэрацыi футбола, да вiнаватых былi прыменены жорсткiя санкцыi. Мабыць, будуць зроблены вывады i ў адносiнах да iншых падобных фармiраванняў.
Неабходна памятаць, што мы прыходзiм на футбол атрымлiваць задавальненне. Чаму нехта павiнен азмрочваць настрой? Хварэй, перажывай, але меру ведай. Футбол, як i любое вiдовiшча, патрабуе да сябе павышанай увагi. Гэта трэба ясна ўсведамляць i адпаведным чынам паступаць.
Аднак вернемся да матча, на якiм давялося прысутнiчаць. У другiм тайме гульня абвастрылася да мяжы. Гаспадары павялi ў лiку, але ў iх вароты за грубую гульню абаронцы быў назначаны адзiнаццацiметровы штрафны ўдар, а затым выдалiлi за дапушчаныя парушэннi аднаго iграка i другога. Што тут пачалося… Ну, падумалася, “змыляць” суддзю, але той устаяў i давёў матч да канца.
Засмуцiла вось яшчэ што: насупраць кожнага сектара дзяжурыў мiлiцыянер, але не кожны iмкнуўся спынiць крыкуноў, зласлоўцаў. Мы са сваiм таварышам у перапынку падышлi да аднаго з вартавых парадку: “Чаму не рэагуеце на зняважлiвыя выхадкi?” Той пацiснуў плячамi: маўляў, а што тут такога… А мне падумалася, што ён не атрымаў належнага iнструктажу цi не захацеў выконваць тое, што ад яго патрабавалася. Зрэшты, не адна мiлiцыя павiнна падтрымлiваць парадак – усе балельшчыкi, большасць з якiх – прыстойныя людзi.
Падагульняючы, што хочацца сказаць. Мы жывём у iншы час, у больш культурным асяроддзi. “На мыла”, “Душы яго…” i iншыя зняважлiвыя выкрыкi – даўно мiнулае, пра якое трэба забываць i не ўспамiнаць. Сённяшнi балельшчык не той, што ўчора, пазаўчора, ён павiнен быць культурным. Тым больш на стадыён прыходзяць з дзецьмi, якi ж прыклад iм падаём?
…Збiраюся на наступны матч нашай каманды. Спадзяюся, што ён парадуе не толькi добрай гульнёй футбалiстаў, але i адпаведнымi паводзiнамi балельшчыкаў. Вось тады i будзе дасягнута перамога, наша агульная!