Эдуард Занкавец: Гэты чэмпіянат свету можна лічыць мастком у будучыню
«Вядома, на гульню наклала адбітак нядзельная страта пункта (ачка), — зазначыў Занкавец. — Калі хлопцы ўжо ведалі, што працягу турніру ў іх не будзе, такіх эмацыянальных адчуванняў у гэтым матчы не было. Але, тым не менш, хлопцы паступова ўвайшлі ў гульню, адчулі яе смак, адыгралі, я мяркую, добра, у канцы праявілі мужнасць, самаахвярнасць і, у прынцыпе, заслужылі перамогу».
17 мая ў заключным матчы другога этапу Беларусь выйграла ў Даніі з лікам 2:1 (0:1, 1:0, 1:0). За паўтары хвіліны да канца трэцяга перыяду беларусы засталіся ўтрох супраць пяцёркі сапернікаў, але здолелі выстаяць. Пры гэтым за 13 секунд да сірэны датчане замянілі варатара шостым палявым гульцом.
Напярэдадні зборная Беларусі страціла перамогу ў асноўны час паядынку з Германіяй і страціла шанцы на выхад у чвэрцьфінал.
Паводле слоў Занкаўца, не толькі матч з датчанамі, але і ўвесь чэмпіянат можна лічыць мастком у будучыню. «У нас дэбютавалі некалькі маладых гульцоў, якія праявілі сябе з лепшага боку,
і я думаю, што вось гэта і ёсць наша будучыня», — сказаў трэнер.Ён зазначыў, што ключавым на чэмпіянаце стаў прайграны матч са славакамі на першым этапе. Беларусы вялі 2:0, але ў выніку саступілі 2:4 і выйшлі ў другі этап без заліковых пунктаў.
Раней у інтэрв’ю БелаПАН старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін заявіў, што схіляецца да таго,
што квартэту трэнераў зборнай (Эдуарду Занкаўцу, Аляксандру Андрыеўскаму, Уладзіміру Цыплакову і Андрэю Гусаву) «можна даручаць і далей працаваць».Адказваючы на пытанне аб жаданні прадоўжыць працу са зборнай, Занкавец сказаў: «Пакуль рана пра гэта казаць. Безумоўна, я атрымаў найвыдатнейшы вопыт, і я проста ўдзячны лёсу, што так здарылася — мне выпаў шанц папрацаваць са зборнай. Пра далейшае я пакуль не думаў. Мяркую, што пакуль мне патрэбны час адысці, адпачыць ад чэмпіянату, таму што ён выдаўся цяжкім, і я вельмі моцна стаміўся». Пры гэтым Занкавец зазначыў, што »нічога нельга ў жыцці выключаць».
Дзмітры Уласаў, БелаПАН