На Заслаўскім вадасховішчы будзе пабудаваны Цэнтр паруснага спорту
Пра гэта 12 мая паведаміў журналістам старшыня федэрацыі, кіраўнік пагранведамства Беларусі Ігар Рачкоўскі.
Паводле яго слоў, у адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта ў 2010 годзе будзе падрыхтавана праектна‑каштарысная дакументацыя будаўніцтва, у 2011 годзе пачнуцца работы. Іх кошт ацэньваецца ў 3—5 млн. еўра. Інвестыцыйны праект ужо падрыхтаваны. Цэнтр будзе пабудаваны на базе дзейнай дзіцяча‑юнацкай школы. На гэтай пляцоўцы размесцяцца як сама школа, так і офіс Беларускай федэрацыі паруснага спорту, ангары для суднаў, гатэль для спартсменаў і шэраг іншых аб’ектаў.
За ўзор пры будаўніцтве Цэнтра паруснага спорту ўзяты адзін з элітных яхт‑клубаў у Падмаскоўі, сказаў Ігар Рачкоўскі.
Ён паведаміў, што ў найбліжэйшых планах федэрацыі таксама рэканструкцыя Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, які знаходзіцца на Заслаўскім вадасховішчы і будаўніцтва Школы паруснага спорту ў Гродне.
Ігар Рачкоўскі падкрэсліў, што на ўсе гэтыя работы не плануецца прыцягваць бюджэтныя сродкі. Паводле яго слоў, федэрацыя сама мае намер заняцца гаспадарчай дзейнасцю і зарабляць сродкі. Яна таксама разлічвае на свайго генеральнага спонсара СТАА «Дыяніс».
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН