Суддзі раззлавалі Сяргея Гурэнку і Ігара Кавалевіча

Источник материала:  

Футбол. Чэмпіянат краіны

Пасля матча з БАТЭ трэнер дынамаўцаў падаў у адстаўку

Прайшлі матчы 9-га туру чэмпіянату краіны па футболе ў вышэйшай лізе. Матч паміж чэмпіёнам барысаўскім БАТЭ і віцэ-чэмпіёнам сталічным "Дынама" называлі "беларускім класіка". І выйграў яго чэмпіён — 1:0. "Дынама" такім чынам адкацілася на пяты радок турнірнай табліцы і адстае ад лідара БАТЭ на 7 ачкоў.

Сапраўды, гэта было галоўнае супрацьстаянне першага круга чэмпіянату. З адпаведным антуражам — амаль цалкам запоўнены стадыён у Кунцаўшчыне, праўда, білеты можна было набыць і за гадзіну да матча. Якраз за гадзіну да гульні галоўны трэнер мінчан Сяргей Гурэнка доўга сядзеў на трэнерскай лаўцы на пустым стадыёне, куды яшчэ не дапускалі прыхільнікаў. Залішне казаць, што "Дынама" выйшла на гульню надзвычай зараджаным на перамогу. Бессэнсоўна пералічваць моманты і паўмоманты, якія былі ў абедзвюх камандаў, рэалізаваць у асноўны час ні аднаму з супернікаў іх не ўдалося. Толькі на другой дабаўленай хвіліне апошняй паловы матча Рэнан Брэсан па-майстэрску разрэзаў абарону дынамаўцаў і без варыянтаў для галкіпера прабіў у правы ніжні вугал.

А вось 73-я хвіліна гэтага паядынку, якая дагэтуль выклікае спрэчкі прыхільнікаў, цалкам магла стаць выніковай для "Дынама". Павел Няхайчык збіў на подступах да штрафной Антона Пуцілу, праўда, мяч паспеў адляцець да дынамаўскага форварда Аляксандра Гаўрушкі, які на пару з Андрэем Чухлеем выходзіў на варатара гасцей. Галоўны арбітр сустрэчы прыняў рашэнне спыніць гульню і прад'явіць жоўтую картку Няхайчыку, і свісток гэты тым часам быў на карысць тых, хто сфаліў. У дынамаўцаў, якія і дагэтуль наатрымлівалі картак за размовы з суддзёй, накіпела, і праз хвіліну сітуацыя ледзь не скончылася ўсеагульнай патасоўкай каля дынамаўскіх варот. Зноў у ход пайшлі жоўтыя карткі, і матч удалося-такі вярнуць у футбольнае рэчышча.

Затое пасляматчавая прэс-канферэнцыя стала працягам тэатра дынамаўскіх эмоцый. Сяргей Гурэнка ўзгадаў паядынак з БАТЭ, які адбыўся паўгода таму: "Мой калега (Віктар Ганчарэнка. — аўт.) прадузята выказаўся пра тую гульню. Ён сказаў, што матч быў еўрапейскага ўзроўню, але на полі была адна каманда. У якой бы камандзе я ні быў, я ўсё жыццё буду памятаць гэтыя словы. Ніхто не мае права абражаць маю каманду", — пры гэтым дынамаўскі глаўком ударыў па стале з такой сілай, што ўздрыгнуў увесь прэс-цэнтр. І выйшаў, не стаўшы чакаць пытанняў журналістаў. Як высветлілася, для разборак з суддзямі. Там зноў былі ўдары па дзвярах судзейскай і заклікі зайсці ў распранальню і паглядзець у вочы хлопцам. Здаецца, Сяргей Гурэнка моцна пагарачыўся. І ў суддзяў бываюць памылкі, і магчыма, на 73-й хвіліне была менавіта такая, ад якой залежыць будучы лёс галоўнага трэнера "Дынама" ў такім прынцыповым матчы. Але прайграваць трэба таксама ўмець. Махаць кулакамі пасля прайгранага матча па меншай меры бессэнсоўна, ды і даказваць штосьці Ганчарэнку больш мэтазгодна было б падчас гульні. Учора Сяргей Гурэнка падаў у адстаўку. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера ў "Дынама" пакуль будзе Сяргей Саладоўнікаў.

Віктар Ганчарэнка пракаментаваў спіч калегі наступным чынам: "Не разумею, чаму Сяргей так эмацыйна рэагуе на мае выказванні пасля сустрэчы паўгода таму. Я добра памятую той паядынак. Нам удалося правесці шмат пазіцыйных атак, нягледзячы на тое, што каманда была стомленая пасля выязнога еўракубкавага матча з "Літэксам". Лічу, што нічога крыўднага ў адрас суперніка я тады не сказаў. Мяркую, што эмоцыі ўлягуцца і Сяргей па-іншаму паглядзіць на гэту сітуацыю".

Эмацыйна выказаўся ў бок суддзяў і галоўны трэнер "Нафтана" пасля паядынку з "Мінскам", які скончыўся нулявой нічыёй. Суддзі адмянілі ўзяцце варот наваполацкай камандай, за што і атрымалі рэкамендацыю ад Ігара Кавалевіча паўдзельнічаць у парадзе сэксуальных меншасцяў. Яшчэ адзін паядынак закончыўся з нулявой нічыёй — паміж гродзенскім "Нёманам" і салігорскім "Шахцёрам".

А бабруйская "Белшына", дэбютант вышэйшай лігі, працягвае свае сенсацыйныя подзвігі, не адпускаючы БАТЭ на далёкую адлегласць. На гэты раз, саступаючы "Партызану" (0:1), падапечныя Сяднёва спачатку лік зраўнялі, а потым і выйшлі наперад. Ад БАТЭ іх аддзяляе ўсяго два ачкі. На трэцім месцы, нягледзячы на паражэнне, застаецца брэсцкае "Дынама". Падапечныя Юрыя Пунтуса ў матчы з магілёўскім "Дняпром" забілі першымі, але потым двойчы прапусцілі. Двойчы прапусцілі і віцябчане ад жодзінскага "Тарпеда".

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←А если бы был Ананидзе?..

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика