Бітва ў Кёльне: Занкавец супраць Хэнлана
У групу «А» разам з Беларуссю трапілі Расія, што перамагала ў двух апошніх чэмпіянатах свету, паўфіналісты Алімпіяды са Славакіі, а таксама Казахстан, якія вярнуўся ў найвышэйшы дывізіён.
Гуляць беларусы будуць у Кёльне на «Ланксес‑Арэне». А матч адкрыцця першынства паміж зборнымі ЗША і Германіі пройдзе ў Гельзенкірхене на футбольнай «Фелтынс‑Арэне» — дзеля гэтага на ёй заліюць лёд. Арэна змяшчае 75 976 гледачоў. Такім чынам будзе пабіты рэкорд наведвальнасці матчаў хакейных чэмпіянатаў свету.
Для выхаду з групы беларусам дастаткова заняць не апошняе месца. Калі гэта ўдасца,
у кваліфікацыйным раўндзе нашы хлопцы сустрэнуцца з трыма найлепшымі камандамі групы «D», дзе сабраліся ЗША, Германія, Данія і Фінляндыя.На чэмпіянат зборная едзе з новым галоўным трэнерам, 41‑гадовым Эдуардам Занкаўцом. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што яшчэ летась Занкавец дапамагаў у зборнай канадцу Глену Хэнлану. У Кёльне ж Занкавец і Хэнлан, які пасля беларускай узначаліў славацкую зборную, будуць па розныя бакі барыкадаў.
На мінулым чэмпіянаце ў Швейцарыі беларусы змаглі трапіць у васьмёрку наймацнейшых.
Сёлета ад каманды чакаюць не менш паспяховага выступу.Сярод тых, хто пакуль не даехаў у зборную — браты Касціцыны. Іх «Манрэаль» у Кубку Стэнлі нечакана перамог у серыі «Вашынгтон», а цяпер яны будуць змагацца з «Пітсбургам». Траўмаваны таксама Канстанцін Кальцоў з «Салавата Юлаева».
Быў скандал і з нашым асноўным варатаром Андрэем Мезіным, які нават пакінуў базу зборнай і з’ехаў у Кіеў, бо мінскае «Дынама» не хацела працягваць з галкіперам кантракт. Але потым пытанне з Андрэем было вырашана станоўча. Ён будзе на чэмпіянаце.
Што да небеларускіх справаў чэмпіянату, то цікава, ці паўторыцца трэці год запар фінал паміж Расіяй і Канадай. Але што зробіш, класіка жанру.
Зміцер Панкавец
Расклад гульняў зборнай Беларусі
9 мая (нядзеля). Беларусь — Казахстан. Пачатак у 17:15.
11 мая (аўторак). Беларусь — Славакія. Пачатак у 21:15.
13 мая (чацвер). Расія — Беларусь. Пачатак у 17:15.
Для тых, хто не зможа падтрымаць зборную ў Германіі, будуць прамыя трансляцыі на тэлеканале «Лад».