На чэмпіянат свету не едуць Алег Антоненка і Сяргей Задзялёнаў
Прыезд братоў Касціцыных таксама пад пытаннем
Сёння нацыянальная зборная Беларусі па хакею адпраўляецца на чэмпіянат свету, а трэнерскі штаб нарэшце вызначыўся з канчатковым складам. Капітанам нашай каманды будзе вопытны абаронца Руслан Салей. У складзе адсутнічае нападаючы Алег Антоненка, які не раз выручаў каманду і закідваў важныя шайбы на чэмпіянатах. Глен Хэнлан за гэтую асаблівасць называў хакеіста "снайперам на даху", і вось у нядаўніх спарынгах з латвійскай зборнай адзіную шайбу беларусаў закінуў менавіта Антоненка. Галоўны трэнер Эдуард Занкавец растлумачыў, што Алег на чэмпіянат не едзе толькі з-за траўмы. Гэта прыкрая выпадковасць, і Эдуард Занкавец не выключае, што Антоненка яшчэ працягне кар'еру ў зборнай, нягледзячы на тое, што летам хакеісту споўніцца 39 гадоў.
Няма ў складзе і Сяргея Задзялёнава, у якога таксама траўма. Замест іх у каманду тэрмінова былі выкліканыя Арцём Сенкевіч і Міхаіл Стэфановіч. Поўны спіс хакеістаў выглядае наступным чынам: варатары — Мезін, Коваль, Шабанаў; абаронцы — Салей — Коласаў, Макрыцкі — Дзянісаў, Стасенка—Касцючонак, Гатавец — Радзінскі; нападаючыя — Калюжны—Грабоўскі—Угараў, Мялешка—Стась—Дзямагін, Чупрыс—Міхалёў—Стэфановіч, Захараў—Кавыршын—Кулакоў, Сенкевіч.
Як патлумачыў галоўны трэнер, браты Андрэй і Сяргей Касціцыны могуць далучыцца да каманды ў любы момант — "Манрэаль" выйграў у "Пітсбурга" другі матч серыі Кубка Стэнлі, і відавочна, што супрацьстаянне можа зацягнуцца. Эдуард Занкавец захоўвае для іх месцы ў камандзе і не хавае спадзяванняў на іх прыезд. Запрашэнне моладзі ў зборную, у прыватнасці Кірыла Гатаўца, Эдуард Занкавец пракаментаваў, як працу на будучыню. Прычым ён адзначыў, што ў апошнія гады такога гульца, як Гатавец, у лініі абароны не было. У той жа час капітан каманды Руслан Салей зусім не супраць з'яўлення маладых хакеістаў: "Я гуляю з тымі, каго мне дасць трэнер. Калі гэта будзе Гатавец, буду ставіцца з такім жа энтузіязмам, як калі б гэта быў, скажам, Алег Хмыль".
Гэты чэмпіянат свету стане дэбютным не толькі для Эдуарда Занкаўца ў якасці галоўнага трэнера, але і для яго асістэнтаў. Першым матчам, які правядзе наша зборная, будзе гульня супраць казахаў. Менавіта яе Эдуард Занкавец і лічыць самай складанай. "У псіхалагічным плане першы матч заўсёды самы складаны. Да таго ж зборная Казахстана рыхтавалася да чэмпіянату свету надзвычай сур'ёзна. Яе гульцы — аснова каманды, якая выступае ў КХЛ", — патлумачыў трэнер.
Руслан Салей выказаў меркаванне, што частая змена трэнера не ідзе зборнай на карысць. Але заклік адносіцца да гэтага з разуменнем, а не апраўдваць такім чынам няўдачы. "Мне заўсёды камфортна ў зборнай. Які б трэнер не быў, я стаўлюся спакойна і імкнуся знайсці агульную мову з любым чалавекам, з якім працую. У любым выпадку мы гуляем не за трэнера, а за краіну", — расказаў капітан нашай каманды.
Задача, якая стаіць перад камандай, — трапіць на чэмпіянаце свету ў васьмёрку наймацнейшых. У адрозненне ад Міхаіла Захарава, які аддаваў перавагу гульні ў адкат, Эдуард Занкавец прыхільнік больш агрэсіўнага хакея, праўда, з дысцыплінай у абароне. "Мы зробім акцэнт на тое, што добрая абарона — залог паспяховай атакі. Уся пяцёрка павінна арганізавана і агрэсіўна дзейнічаць у абароне з добрым пераходам у атаку". Як удасца нашай камандзе рэалізаваць гэтыя пастулаты, мы пабачым у хуткім часе. Ужо 6 мая наша каманда правядзе ў Празе апошні перад чэмпіянатам спарынг з чэхамі, а 9 мая пройдзе першая гульня чэмпіянату супраць зборнай Казахстана. Акрамя гэтага, нашымі супернікамі на групавым этапе будуць каманды Расіі і Славакіі. Апошняй, як вядома, кіруе Глен Хэнлан.
Алена АЎЧЫННІКАВА.