Чэмпiянат свету па хакею-2014 бярэ адлiк... зараз

Источник материала:  

Белтэлерадыёкампанiя сумесна з Прэзiдэнцкiм спартыўным клубам i Федэрацыяй хакею Беларусi абвясцiла аб запуску новага праекту — "Кропка адлiку".

Менавiта так, загадзя, на думку ўсiх удзельнiкаў, варта рыхтавацца да Чэмпiянату свету па хакею, што прыме наша краiна ў 2014 годзе. "Бо перад намi стаiць мэта не толькi арганiзаваць маштабнае спартыўнае мерапрыемства, але зрабiць сапраўднае вялiкае свята, якое аб'яднае ўсю краiну", — мяркуе генеральны сакратар нацыянальнай Федэрацыi хакею Сяргей Ганчароў.

Гэта не першы сумесны праект тэлевiзiйнiкаў з вядучымi спартыўнымi арганiзацыямi рэспублiкi, аднак першы настолькi доўгатэрмiновы, разлiчаны на некалькi гадоў. Цягам гэтага часу творчая група Белтэлерадыёкампанii плануе падрыхтаваць шэраг дакументальных фiльмаў i iнфармацыйных сюжэтаў з краiн, што прымаюць хакейнае першынства ў 2010—2013 гадах (Германiя, Славакiя, Фiнляндыя i Швецыя), падрабязна расказаць i паказаць беларускiм балельшчыкам, якiя нацыянальныя асаблiвасцi штогод набывае падрыхтоўка да чэмпiянату, якая атмасфера пануе напярэдаднi турнiру i падчас яго правядзення, i нават прабрацца ў тыя месцы, куды раней здымачныя групы не дапускалiся. Зрэшты, паводле слоў намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Мартыненкi, эксклюзiўныя рэпартажы мяркуецца рабiць не толькi з краiн-гаспадынь чэмпiянату, але i таксама з гасцявых паездак у канкрэтныя хакейныя клубы, прычым не толькi еўрапейскiя.

Праект "Кропка адлiку", як разлiчваюць яго стваральнiкi, павiнен атрымацца цiкавым не толькi для беларускiх балельшчыкаў, але i для нашых арганiзатараў, якiя змогуць "падгледзець" i павучыцца, як ладзiцца мерапрыемства падобнага ўзроўню ў iншых краiнах. Дарэчы, кожны аматар спорту зможа выказаць свае пажаданнi i прапановы, аб чым хацелася б даведацца з праекту — зваротная сувязь будзе наладжана на афiцыйных сайтах усiх трох арганiзацый, так што вашы меркаваннi, шаноўныя балельшчыкi, заўважаць i ўлiчаць.

Першыя серыi "Кропкi адлiку" мы ўбачым толькi ў новым тэлевiзiйным сезоне, пачынаючы з верасня, а вось здымачны працэс возьме адлiк ужо ў самы блiжэйшы час. 30 красавiка ў Германiю, што прымае сёлета — з 7 па 23 мая — Чэмпiянат свету па хакею, выпраўляецца карэспандэнт Агенцтва тэленавiнаў Дзмiтрый Анiсавец, неўзабаве да яго далучыцца iншы творчы дэсант. А да супрацоўнiцтва з праектам "Кропка адлiку" i падрыхтоўкi беларускага iнфармацыйнага поля да чэмпiянату 2014 года арганiзатары запрашаюць далучыцца ўсiх спартыўных журналiстаў краiны, для самых актыўных з якiх рыхтуюцца прыемныя бонусы.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

←Особая статья

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика