Нападаючы Руслан Піменаў: Усе чакаюць ад "Дынама" перамог 5:0. Гэта скоўвае
Набытак расійскага футбаліста Руслана Піменава стаў сёлета літаральна самым гучным трансферам сталічнага "Дынама". 29-гадовы нападаючы ў свой час выступаў за зборную Расіі, маскоўскія "Лакаматыў і "Дынама", французскі клуб "Мец". Апошнія два гады форвард правёў у маскоўскім "Дынама", праўда, у яго аснове амаль не выходзіў. Мы распыталі футбаліста пра яго мінскі этап у спартыўнай кар'еры.

— "Дынама" гуляла ў Маскве таварыскі матч з "Лакаматывам". Наш з Сяргеем Гурэнка агульны знаёмы прапанаваў маю кандыдатуру мінскаму клубу. Гурэнка сказаў, што спачатку мне трэба прыехаць на невялікі прагляд, пасля гэтага прымуць рашэнне, паколькі цікавасць такая была. Пасля гэтай размовы я прыехаў у Мінск, прайшоў прагляд.
— Прычым спачатку ў прэсе з'явілася інфармацыя пра тое, што ў вас быццам бы праблемы са здароўем і кантракт не будзе падпісаны...
— Гэта прыкрая недарэчнасць. Але мне было вельмі непрыемна, што гэта неправераная інфармацыя трапіла ў СМІ. Навошта гэта было зроблена, калі яшчэ не было ніякай канкрэтыкі, мне незразумела. А так усё добра.
— Як вам ўмовы ў мінскай камандзе?
— Мяне ўсё задавальняе. Усё ж такі гэта сталіца. Каманда сур'ёзная, з тытуламі, з сур'ёзнымі намерамі. Адзінае, што пакуль не задавальняе — гэта вынік. Але гэта папраўна.
— У чым тады, на ваш погляд, прычына такой невыразнай гульні каманды на старце?
— Я чалавек новы ў камандзе, мне складана меркаваць. Здаецца, кваліфікаваныя гульцы, добры трэнер. Мяркую, што гэта перадстартавае хваляванне. Усё ж такі усе чакаюць перамог, па 5:0 у кожным матчы, і гэты ціск адчуваецца. Гэта скоўвае хлопцаў.
— Як вас прынялі ў камандзе?
— Выдатна. Футбалісты хутка ўліваюцца ў калектыў. Тым больш я рускамоўны.
— Магчыма, вы сустракаліся з уладальнікам клуба Юрыем Чыжом і ён даваў вам нейкія парады?
— Я нават не бачыў яго ні разу.
— Вы ведаеце, што ён і пасля матчу можа падысці да гульца паразмаўляць?
— Пакуль не ведаю. Я так разумею: калі каманда перамагае, тады ёсць сэнс падыходзіць. А калі прайграе, і так усё зразумела: усе стараліся, трэніраваліся, аддавалі на полі ўсе сілы, але ў футболе станоўчы вынік чаргуецца з адмоўным. Трэба працаваць, і вынік не прымусіць сябе чакаць.
— Як складваюцца вашы адносіны з Сяргеем Гурэнкам? Калісьці вы разам гулялі, а цяпер павінны выконваць яго патрабаванні. Ці маеце вы права выказаць сваё меркаванне, не пагадзіцца з трэнерам у чымсьці?
— Прыемна тое, што кожны гулец у камандзе можа ў любы момант падыйсці да галоўнага трэнера. Перашкод ніякіх няма, і выдатна, што любыя моманты можна абмяркоўваць. А наконт патрабаванняў, на тое ён і трэнер, каб выстаўляць патрабаванні, а мы іх выконвалі.
— У маскоўскім "Дынама" быццам бы былі незадаволеныя вашай фізічнай формай, у прыватнасці, папракалі вас у лішняй вазе. Сяргея Гурэнку задавальняе ваша фізічная форма?
— У маскоўскім "Дынама" я паспрачаўся з галоўным трэнерам, мы не сышліся характарамі. Менавіта ён прыпісваў мне праблемы з вагой. Трэнер пайшоў на прынцып, і адзінае, што я мог зрабіць — разарваць кантракт з маскоўскім "Дынама". І перайшоў у мінскае "Дынама".
— Пры пераходзе ў вас былі нейкія асаблівыя патрабаванні? Ці, магчыма, да вас?
— Патрабаванне да мяне адно — хутчэй забіваць і дапамагаць камандзе.
— Як у бытавым плане асвоіліся ў Мінску?
— Аўтамабіля пакуль няма, пры неабходнасці карыстаюся паслугамі таксі — усё без празмернасцяў. Клуб выдаткоўвае мне невялікую суму на арэнду кватэры. Гэта дзесяць хвілін пешшу да цэнтра горада. Хоць мне тут падказваюць, што гэта ўсё-такі цэнтр. Я яшчэ не вельмі добра ведаю горад. А па фінансавых умовах я не самы высокааплатны гулец. Грошы тут не адыгрывалі галоўнай ролі. Сярод гульцоў клуба ў ведамасці зарплат я дзесьці, напэўна, ў сярэдзіне.
—У Мінску бывалі раней?
— Сёлета я ўпершыню прыехаў у Мінск. Музеяў і адметнасцяў пакуль не бачыў. У нас трэніроўкі, гульні. У перапынку паміж першым і другім кругам планую нікуды не ездзіць, а застацца тут і пазнаёміцца з горадам. На першы погляд, цэнтр горада вельмі прыгожы, добразычлівыя людзі — спрыяльная атмасфера, адным словам.
Алена АЎЧЫННІКАВА.