Раўней роўнага

Источник материала:  

Завяршыўшы рэгулярны сезон на двух першых радках турнірнай табліцы, мінскае "Юнацтва" і салігорскі "Шахцёр" без праблем прайшлі ўсіх астатніх супернікаў, каб у бітве паміж сабой выявіць наймацнейшага. Пакуль назіраецца поўны парытэт: каманды абмяняліся дзвюма перамогамі.

У суботу серыя са сталіцы пераехала на невялічкую, але ўтульную салігорскую арэну. Ранні пачатак матча не перашкодзіў аншлагу — пры наяўнай умяшчальнасці 1760 гледачоў афіцыйны пратакол зафіксаваў нават на 50 чалавек больш.

Пачатак паядынку нагадваў папярэднюю сустрэчу фіналістаў. Зноў больш актыўна распачаў "Шахцёр", і ўжо на сыходзе трэцяй хвіліны "гарнякі" адкрылі лік — на пятачку ўдала згуляў Камбовіч. А вось падначаленыя Міхаіла Захарава мала пагражалі галкіперу гаспадароў, мінчане пачалі прачынацца толькі ў сярэдзіне другога перыяду. І атрымалі гол у свае вароты. Перадача з фланга ад Міхайлава — і Дзямкоў падвоіў перавагу салігорцаў.

Такімі лічбы заставаліся на табло ажно да 50-ай хвіліны. Здавалася, у "Юнацтва" ўжо не застаецца шанцаў, але зноў паўтарылася сітуацыя другога мінскага супрацьстаяння. Спачатку Баранаў скараціў лік, а за 17 секунд да фінальнай сірэны Сянькевіч перавёў гульню ў чарговы авертайм (трэці раз за тры паядынкі). Ужо не дзіўна прагучыць, але адным авертаймам каманды не нагуляліся. І толькі на 64 секундзе пятага перыяду Кавыршын паставіў кропку, вывеўшы "Шахцёр" наперад у серыі 2:1.

На наступны дзень каманды памяняліся ролямі. Цяпер ужо прадстаўнікі сталіцы з дапамогай шайб Захарава, Бараўкова і Мацярухіна павялі 3:0, а гаспадары вымушаныя былі адыгрывацца. Атрымалася не поўнасцю. "Шахцёр" змог закінуць толькі дзве шайбы (вызначыліся Міхайлаў і Страхаў) пры 33 кідках па варотах Шабанава, тым самым упершыню аставіўшы гэтую серыю без авертайму. Цяпер дуэт фіналістаў зноў вяртаецца ў сталіцу. Аднак ужо дакладна можна сказаць, што і на салігорскую зямлю каманды вернуцца. Вось толькі пакуль не вядома, наколькі яна будзе "салігорскай", бо "гарнякі" могуць выбраць дамашняй пляцоўкай як мінскі Палац спорту (даючы магчымасць большай колькасці заўзятараў патрапіць на гульню), так і лядовы палац "Магілёў" у аднайменным абласным цэнтры, дзе, як вядома, вельмі не любяць каманду Міхаіла Захарава.

Яўген ВАРАКСА.

←Сборные сыграют между собой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика