Пачалі з двух авертаймаў
Вечарам аўторка на крытым катку ў сталічным парку Горкага гульнёй паміж мінскім "Юнацтвам" і салігорскім "Шахцёрам" стартавала фінальная серыя адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакею.
Сталічны клуб сёмы раз запар даходзіць да фіналу чэмпіянату Беларусі, а вось "гарнякі" ўжо ўвайшлі ў гісторыю як першая каманда, якая дабралася да такіх вышынь у дэбютны год свайго існавання. Наогул, салігорская каманда носіць статус фарм-клуба мінскага "Дынама", і сярод яе гульцоў нямала тых, хто паспеў пагуляць і ў складзе нашага адзінага прадстаўніка ў КХЛ. Напрыклад, пачыналі сезон ў "бела-блакітнай" форме Андрушчанка і Развадоўскі, на працягу ўсяго году гулялі за "зубраў" Кулакаў, Чупрыс, яшчэ некалькі хакеістаў.
Дадатковую інтрыгу можна пабачыць таксама ў прынцыповым супрацьстаянні трэнераў. Міхаіл Захараў (які, дарэчы, аб'явіў часовы байкот прэсе) супраць Андрэя Гусава. Іх шляхі перасякаліся яшчэ ў той час, калі апошні ўзначальваў "Керамін". І тады паядынкі гэтых дзвюх каманд заўсёды вызначаліся напружанай барацьбой.
Шмат нервовых клетак спалілі гледачы і ў першым паядынку серыі. Лік адкрылі госці — на 16 хвіліне стартавага перыяду вызначыўся Аляксей Страхаў, аднак на гэтай жа 16 хвіліне, праўда, другой дваццаціхвілінкі, украінскі легіянер "Юнацтва" Аляксандр Мацярухін аднавіў раўнавагу. Хто б у гэты момант мог падумаць, што наступнага ўзяцця варот прыйдзецца чакаць... 52 хвіліны! Толькі ў другім авертайме (у фінале пры нічыйным ліку адзін за адным прызначаюцца авертаймы па 20 хвілін да першай закінутай шайбы) доўгачаканую перамогу сваёй камандзе прынёс "гарняк" Віктар Андрушчанка. 2:1 і "Шахцёр" павёў у серыі 1:0.
Другая гульня серыі прайшла ўчора вечарам, але скончылася, на жаль, пасля падпісання нумара ў друк. Падрабязнасці заўтра.
Яўген ВАРАКСА