Генадзь Нявыглас: Дзяржаўныя сродкі футбольныя клубы накіроўваюць на замежныя зборы і зарплату гульцам, а зарабляць імкнуцца... на дзецях
Старшыня федэрацыі футбола раскрытыкаваў фінансавую палітыку футбольных клубаў
У суботу ў Доме футбола прайшло пасяджэнне чарговай справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускай федэрацыі футбола, дзе былі падведзены вынікі мінулага сезона і пастаўленыя задачы на наступны. Старшыня федэрацыі Генадзь Нявыглас пакрытыкаваў футбольныя клубы, якія расходуюць сродкі дзяржпадтрымкі на зборы і зарплату футбалістаў, узняў праблему адсутнасці на футбольных палях падагрэву і асвятлення і пакрытыкаваў тых, хто імкнецца рабіць грошы на дзецях.
У пачатку сваёй справаздачы Генадзь Нявыглас засяродзіўся на станоўчых момантах. У прыватнасці, узгадаў выступленне ў адборачным цыкле-2010 нацыянальнай каманды. І хоць, паводле слоў старшыні федэрацыі, трэнерскі штаб ацэнены "жорстка і крытычна", федэрацыя выказала яму давер і на наступную кваліфікацыю. У якасці асноўных дасягненняў беларускага футбола Генадзь Нявыглас узгадаў поспехі моладзевай зборнай і нацыянальнай каманды па міні-футболе — фіналістак чэмпіянату Еўропы, а таксама футбольны клуб БАТЭ. Станоўча былі ацэненыя УЕФА намаганні беларускай федэрацыі футбола ў частцы правядзення трэнерскіх семінараў і сімпозіумаў, у выніку Беларусі даверылі правесці выканкам УЕФА ў кастрычніку гэтага года.
Другую частку справаздачы старшыні федэрацыі занялі праблемныя моманты беларускага футбола. У прыватнасці, адсутнасць на стадыёнах падагрэву палёў і асвятлення. У краіне толькі 6 палёў маюць падагрэў і 9 стадыёнаў — асвятленне. "Сістэмай падагрэву не абсталяваны нават поле футбольнага клуба БАТЭ, а стадыён, дзе гуляе "Нафтан", не мае ні падагрэву, ні асвятлення", — пакрытыкаваў неаператыўнае развіццё інфраструктуры клубаў Генадзь Нявыглас. Год таму, дарэчы, на аналагічнай канферэнцыі размова ішла пра тое ж, праўда, не змянілася літаральна нічога. Далей Генадзь Нявыглас узгадаў, што футбольным клубам вышэйшай лігі аказваецца дзяржпадтрымка. І згодна з адпаведным указам, 20 % ад яе клубы павінны расходаваць на развіццё інфраструктуры, 10 % укладваць у дзіцячы футбол. У сапраўднасці атрымліваецца, што сродкі ідуць на зарплату і зборы. "Футбольны клуб "Граніт" патраціў вялізныя сродкі на каманду, у выніку вылецеў з вышэйшай лігі, не пакінуўшы пасля сябе нічога", — прывёў прыклад кіраўнік беларускага футбола. І нагадаў, што патрабаванні Указа аб дзяржпадтрымцы павінны выконвацца клубамі бездакорна.
Далей Генадзь Нявыглас звярнуўся да праблем дзіцяча-юнацкага футбола. Ён паведаміў, што сёлета зроблена "каласальна шмат". У прыватнасці, усе школы атрымалі самыя сучасныя метадычныя дапаможнікі, але чамусьці працягваюць вучыць па-старому. Далей старшыня федэрацыі прывёў прыклады, як імкнуцца рабіць грошы на дзецях: "У Віцебску стадыён імкнецца выбіць грошы з дзіцячай школы. Хоць у нас усё павінна быць прызначана для бясплатнага развіцця дзіцячага футбола".
Яшчэ адзін праблемны момант — будаўніцтва футбольных палёў. Генадзь Нявыглас расказаў пра няўдалую практыку супрацоўніцтва з САКам "Алімпійскі" ў сталіцы. "На сродкі федэрацыі было пабудавана поле САК "Алімпійскі". Прайшло два гады і падагрэў не працуе. Гэта сведчыць пра тое, што належнага догляду там няма. Мы планавалі пабудаваць там і другое поле, але цяпер рабіць гэтага не будзем. Поле будзе ўкладзена ў Барысаве". Акрамя таго, палі будуць пабудаваныя ў Бабруйску, Лідзе і Рудзенску. Застаецца спадзявацца, што намеры стануць рэальнасцю, і на старце наступнага сезона кубкавыя матчы пройдуць не на заснежаных "агародах".
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Андрэй Гусаў: "Наша каманда злуе суровага і раз'юшанага суперніка"Міхаіл Захараў адмовіўся кантактаваць з журналістамі падчас плэй-оф
Учора стартавала фінальная серыя плэй-оф чэмпіянату па хакеі ў экстра-лізе, дзе вызначыцца ўладальнік залатых узнагародаў. Як вядома, у фінале пазмагаюцца сталічнае "Юнацтва" і салігорскі "Шахцёр". Серыя можа доўжыцца сем матчаў — да чатырох перамог адной з камандаў. Напярэдадні серыі плэй-оф трэнеры камандаў сустрэліся з журналістамі.
Праўда, прадстаўнікоў СМІ чакала невялікае расчараванне — галоўны трэнер "Юнацтва" Міхаіл Захараў, любое выказванне якога неардынарнае і заўсёды крыху скандальнае, пасляматчавыя прэс-канферэнцыі наведваць не будзе, нягледзячы на тое, што проста абавязаны гэта рабіць, згодна з рэгламентам. Як растлумачыў спартыўны дырэктар федэрацыі хакея Уладзімір Швабоўскі, кіраўніцтва федэрацыі пайшло насустрач Міхаілу Захараву і задаволіла яго просьбу дэлегаваць на прэс-канферэнцыі Аляксея Шчабланава. Пры гэтым Уладзімір Швабоўскі не змог растлумачыць, чаму пайшлі насустрач Міхаілу Міхайлавічу. Што ж, вельмі шкада і журналістам, і балельшчыкам, бо кожнае тлумачэнне галоўнага трэнера "Юнацтва" і нацыянальнай зборнай выклікала заўсёды вялікі рэзананс у СМІ і на старонках інтэрнэт-форумаў.
Аляксей Шчабланаў паведаміў, што ўсе гульцы і галоўны трэнер каманды ў добрым настроі рыхтуюцца да чарговага фіналу. І той факт, што ў рэгулярным чэмпіянаце "Юнацтва" тройчы з чатырох сустрэч саступіла "Шахцёру", ніколькі не засмучае амбіцыйны клуб. Андрэй Гусаў, галоўны трэнер "Шахцёра", дадаў, што гэты факт "злуе суровага і раз'юшанага суперніка". Таму цалкам верагодна, што серыя будзе працяглай і апошні, сёмы, матч адбудзецца на "Мінск-Арэне". Пакуль, дарэчы, запланавана, што два першыя матчы пройдуць на катку ў сталічным парку Горкага (хатняй арэне "Юнацтва"). Затым дзве сустрэчы адбудуцца на хатняй пляцоўцы салігорскай дружыны. Пяты і шосты матчы мяркуецца правесці ў сталічным Палацы спорту. Будзем спадзявацца, што сёлетні фінал падорыць прыхільнікам сапраўдную інтрыгу і прыгожы хакей.
Алена КРАВЕЦ.