Домрачава на п'едэстале ў шосты раз
На этапе Кубка свету ў Халменколене беларуска Дар'я Домрачава заняла другое месца ў гонцы пераследавання на 10 км. Біятланістка стартавала з другой пазіцыі праз 5 секундаў пасля пераможцы спрынта Сімоны Хаўсвальд з Германіі, узначаліла гонку пасля першай стральбы і не ўпускала лідарства большую частку дыстанцыі, дапусціўшы промах на апошнім, чацвёртым, агнявым рубяжы. Але незадоўга да фінішу Дар'ю усё-такі была дагнала немка Сімона Хаўсвальд, якая захавала больш сілаў на апошні рывок. У выніку Сімона Хаўсвальд з трыма промахамі стала пераможцай (32 хв. 05,5 сек.), Дар'я Домрачава з адным промахам і адставаннем усяго 5,4 сек. заняла другое месца, шведка Ганна-Карын Олафсан-Зідэк фінішавала трэцяй (2 промахі, +39,8 сек.). У сёлетнім сезоне Дар'я Домрачава ўжо шосты раз паднялася на п'едэстал.
Лёгкаатлеты заваявалі Кубак ЕўропыМужчынская зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы ў французскім Арле завaаявала Кубак Еўропы па зімовых штурханнях. Беларуская каманда ў складзе 12 чалавек выступала ў дзвюх узроставых катэгорыях — сярод дарослых і моладзі да 23 гадоў. У камандным заліку мужчынская зборная Беларусі стала ўладальніцай Кубка Еўропы, а дзяўчаты да 23 гадоў сталі сярэбранымі прызёрамі. У асабістым заліку у актыве беларускіх спартсменаў 7 медалёў: 3 залатыя, 3 сярэбраныя і 1 бронзавы. Прычым пяць узнагародаў на рахунку штурхальнікаў ядра.У мужчынскіх спаборніцтвах штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч, які нядаўна стаў сярэбраным прызёрам зімовага чэмпіянату свету ў Катары, выйграў "золата" (21,04 м), устанавіўшы рэкорд Кубкаў Еўропы і амаль на метр апярэдзіўшы сярэбранага прызёра серба Асміра Каласінача (20,15 м). У жаночых спаборнітцвах сярод штурхальніц ядра пераможцай стала Надзея Астапчук (20,16 м), а Наталля Міхневіч заваявала "серабро" (19,55 м).
У моладзевых спаборніцтвах беларускія "ядзершчыкі" заваявалі дзве ўзнагароды. 20-гадовая Алёна Грышко, якая дэбютавала на Кубку Еўропы, адправіла снарад на адзнаку 17,66 м і выйграла "золата". "Серабром" скарбонку беларускай дружыны папоўніў штурхальнік ядра Сяргей Бахар (17,65 м). У кіданні молата сярод мужчын дэбютант дарослага Кубка Еўропы Юрый Шаюноў заваяваў "серабро" (76,30 м). У моладзевых спаборніцтвах Настасся Каштанава стала бронзавым прызёрам у кіданні дыска (54,65 м).