Астапчук: Атрымалася, што падчас спаборніцтваў у мяне аднялі адну нагу

Источник материала:  
19.03.2010 13:57 — Новости Спорта
З Абу-Дабі на радзіму вярнуліся беларускія легкаатлеты - пераможцы і прызеры чэмпіянату свету ў закрытых памяшканнях. Нагадаем, што ен праходзіў у выхадныя ў сталіцы Катара, горадзе Доха. Чэмпіенскі тытул у штурханні ядра там заваявала Надзея Астапчук, на трэцюю прыступку п'едэстала паднялася яшчэ адна беларуска - Наталля Міхневіч, а ў мужчынскіх спаборніцтвах серабро ўзяў Андрэй Міхневіч.

Сустракаць у аэрапорце беларускую каманду прыехалі не толькі блізкія спартсменаў, але і балельшчыкі. Найбольшую колькасць прыхільнікаў сабрала трыўмфатарка чэмпіянату Надзея Астапчук. Блізкія падрыхтавалі нават плакат "Надзея, ты наша ўсе". Праўда, спартсменка выглядала стомленай: на просьбы фатографаў бясконца ўсміхацца, проста адказала: "Пасля ночы ў аэрапорце якія ўсмешкі?" Нагадаем, што падчас спаборніцтваў беларуска атрымала траўму - паслізнуўшыся ў сектары, яна ўпала і пакуль урачы аказвалі дапамогу, вымушаная была прапусціць дзве спробы. Але сабраўшыся, у пятай і шостай спробах лідар селетняга сезона даказала, што пакуль яна ў свеце - нумар адзін.

- Надзея, якія адчуванні пасля перамогі?

- Пасля выйгрышу адразу наступае спустошанасць. Мне патрэбна яшчэ дні два-тры, каб асэнсаваць, што адбылося. Безумоўна, я вельмі задаволеная - гэта мой шосты чэмпіянат свету, дзе шостая спроба прынесла мне ўдачу. І залаты медаль у мяне.

- Пры гэтым вы ўстанавілі рэкорд чэмпіянату свету ў залах...

- Гэта прыемная акалічнасць. Хацелася, каб ен быў крыху большым. Але не атрымалася, на жаль.

- Вы часта былі другой. Комплексу ў сувязі з гэтым не ўзнікла?

- Абсалютна не. На любых спаборніцтвах я настройваюся толькі на першае месца, а атрымліваецца і другое, і трэцяе.

- Падзенне, пасля якога ўрачы аказвалі вам дапамогу, як бачна, не дэмаралізавала вас...

- Атрымалася, што ў мяне аднялі адну нагу ў другой спробе. Ведаеце, такая крыўда накаціла, што я нават болю не адчувала. Я столькі трэніравалася і рыхтавалася і раптам усё страціць... Сціснула зубы і рабіла сваю справу.

- Раскажыце, чаму адбылася гэта непрыемнасць?

- Круг быў вельмі слізкі, правая нага паслізнулася, трапіла на абмежавальнік і я вельмі моцна пацягнула галёнкаступню.

- На гэты раз вам удалася менавіта шостая спроба...

- Яна часта мяне выручала. Чацвертая спроба ў мяне была добрая, але я не ўстаяла, яе не залічылі.

- Ваша вечная суперніца новазеландка Валеры Вілі па-філасофску паставілася да паражэння?

- Спачатку яна моцна па-філасофску паплакала, а пасля і аднеслася па-філасофску. Я таксама нярэдка пасля спаборніцтваў плачу, праўда, гэтага ніхто не бачыў. Гэта спорт, сёння ты перамагаеш, заўтра - цябе.

- Вы заўседы вельмі эмацыйна выступаеце ў сектары, з-за чаго нярэдка памыляецеся. Як цяпер удалося справіцца з эмоцыямі?

- Сталею, напэўна. Цяпер з фізічнымі нагрузкамі значна складаней спраўляцца, чым з эмоцыямі.

- На наступныя выхадныя ў Францыі пройдзе Кубак Еўропы па штурханнях. З-за траўмы прыйдзецца яго прапусціць?

- Калі маю нагу пачыняць і падлатаюць, буду ўдзельнічаць. Мне б вельмі гэтага хацелася. Хоць часу на аднаўленне няма.

- Спаборніцтвы праходзілі ў Катары, дзе летняе надвор'е...

- Надвор'е там і сапраўды летняе, і калі заходзілі ў манеж, дзе праходзілі спаборніцтвы, вельмі адчуваўся кантраст ад кандыцыянераў, якія моцна ахалоджвалі паветра. Але ўмовы былі добрыя, усе было разумна разлічана. Прэтэнзіі арганізатарам складана прад'явіць.

- Цяжка было пераехаць з зімы ў лета?

- Цяжка назад у зіму вяртацца.

- Паспелі штосьці ў Катары пабачыць?

- Праехаліся крыху па горадзе на машыне - там аказаліся нашы землякі. Прыйшлі пахварэць за нас на спаборніцтвы, а на наступны дзень пакаталіся па горадзе.

- Чым будзеце займацца цяпер? Як адзначыце перамогу?

- Трэба імкнуцца аднавіць ступню як мага хутчэй. Будзем імкнуцца штосьці зрабіць з доктарам. Адзначаць буду, напэўна, на наступным тыдні пасля Кубка Еўропы.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы Анатоль Бадуеў пракаментаваў выступленне Надзеі Астапчук і астатніх прызераў чэмпіянату наступным чынам:

- Надзея не змагла паехаць на летні чэмпіянат свету, і ў цяперашнім выступленні яна рэалізоўвала тое, што павінна была паказаць у Берліне. Крыху не пашчасціла, атрымала траўму. Спачатку яна зрабіла проста заліковую спробу - 20, 24, у другой траўмавалася. Падчас трэцяй і чацвертай спробы яна ставіла тэйп. У пятай і шостай яна зрабіла ўсё, што магла, улічваючы, што ногі яна ўжо не магла выкарыстоўваць.

- Анатоль Іванавіч, якая была ў вас першая думка, калі Надзея атрымала траўму? Было адчуванне, што медаля не будзе?

- Зусім не, я ведаў валявы характар Надзі. А медалі яны размеркавалі яшчэ ў першай спробе. Стаяла пытанне, будзе першае месца ці не. Наталля Міхневіч выдатна выступіла, гэта яе асабісты рэкорд. Андрэй Міхневіч веў сур'ёзную барацьбу з амерыканцамі і таксама паказаў выдатны вынік.

←Бывшие клубы Александра Глеба "Арсенал" и "Барселона" встретятся в четвертьфинале Лиги чемпионов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика