Катком па аўтарытэтах
Самы прэстыжны клубны турнiр Еўропы застаўся без сваiх найбольш тытулаваных удзельнiкаў. Нельга сказаць, што iм не пашанцавала. "Мiлан" i "Рэал" сустрэлi на сваёй дарозе годных супернiкаў i вымушаныя былi саступiць, прапусцiўшы наперад "МЮ" з "Лiёнам". Кампанiю апошнiм складуць футбалiсты "Баварыi" i "Арсенала".
Сёлета фiнал Лiгi чэмпiёнаў пройдзе на мадрыдскiм "Санцьягу Бернабеу". Не трэба казаць, якiя планы з гэтай гульнёй звязвалi Кака, Раналду i астатнiя зоркi "Рэала". Прайграўшы першы паядынак у Францыi з лiкам 0:1, "каралеўскi клуб" ужо на шостай хвiлiне другой гульнi зраўняў агульны лiк — вызначыўся ўсё той жа Крышцiяну Раналду. Але, чым менш часу заставалася да фiнальнага свiстка, тым больш нервовым станавiлася становiшча на полi. Кожная памылка магла дорага абысцiся кожнай з камандаў, што i пацвердзiлася на 76-й хвiлiне. Гол у адказ, якi правёў П'янiч, дэмаралiзаваў "Рэал". Далей iдзе "Лiён".
Звышвопытны "Мiлан" на чале з маладым Леанарда i малады "МЮ" са звышвопытным Фергюсанам на трэнерскай лаўцы сышлiся на самай першай стадыi плэй-оф. Камусьцi трэба было саступiць, але нiхто не чакаў, што перавага англiчан будзе настолькi вялiкай. Італьянскую каманду хапiла толькi на адзiн тайм першай гульнi. Далей на полi быў толькi "МЮ". Пасля перамогi ў гасцях з лiкам 3:2 "манкунiянцы" разграмiлi "Мiлан" на сваiм полi з лiкам 4:0. Дубль правёў Уэйн Рунi, яшчэ па голе на рахунку Пака i Флэтчэра.
Цяжка нават сабе ўявiць, але Фларэнцыю, з яе сярэднямесячнай тэмпературай у сакавiку +19, засыпала снегам. Была нават верагоднасць адмены гульнi мясцовых "фiялак" супраць "Баварыi". Падчас тэлевiзiйнага прагляду складвалася ўражанне, што на трыбунах нiяк не менш, чым тысяч восемдзясят (пры рэальных сарака) заўзятараў — такая гучная падтрымка была ў гаспадароў. I нiхто з гэтых прыхiльнiкаў на 54-й хвiлiне, калi чарнагорац Явецiч зрабiў лiк 2:0 на карысць фларэнцiйцаў, не мог нават уявiць, якiя змены адбудуцца на табло лiтаральна праз 11 абаротаў секунднай стрэлкi. Тым больш што да гэтага "Фiярэнтына" валодала iнiцыятывай i яе атакi выглядалi нашмат больш вострымi, чым спробы баварцаў. Але ў складзе немцаў ёсць два галандскiя майстры — Ван Бомель i Рабен, якiя сваiмi вынiковымi ўдарамi размежавалi яшчэ адзiн гол Явецiча. 3:2 на карысць гаспадароў, 4:4 па суме двух паядынкаў, але далей iдзе "Баварыя", якая забiла на адзiн "гасцявы" мяч больш.
Можна бясконца назiраць за тым, як гарыць агонь, цячэ вада i... футбалiсты "Арсенала" "пад арэх" раскатваюць гасцей з "Порту". Хуткiя "крайкi" лонданцаў Аршавiн i Насры проста разрывалi абарону "Порту". Вялiкая колькасць вострых момантаў вылiлася хет-трыкам Нiкласа Бэнднэра, трыма галявымi перадачамi Аршавiна i "аргенцiна-ямайскiм" лiкам 5:0.
Яўген ВАРАКСА.