Мары пра маленькi адпачынак пасля бясконцай працы

Источник материала:  

Яшчэ некалькі дзён таму мы не спалi начамi i назiралi за iх выступленнямi на другiм канцы свету, а цяпер яны расказваюць пра свае адчуваннi, поспехi i змаганнi. Нядаўна прайшла сустрэча з журналiстамi алiмпiйскага чэмпiёна па фрыстайле Аляксея ГРЫШЫНА, сярэбранага прызёра ў бiятлоннай iндывiдуальнай гонцы на 20 кiламетраў Сяргея НОВІКАВА, бронзавай медалiсткi гульняў на дыстанцыi 15 кiламетраў бiятланiсткi Дар'i ДОМРАЧАВАЙ, фiналiстаў спаборнiцтваў фрыстайлiстаў Дзмiтрыя ДАШЧЫНСКАГА, Асоль i Цiмафея СЛIЎЦОЎ.

Мары пра маленькi адпачынак пасля бясконцай працыАляксей Грышын: вайна з ручнiкамi

— У пачатку спартыўнай кар'еры цi думалi вы, што калiсьцi станеце алiмпiйскiм чэмпiёнам?

— З самага ранняга дзяцiнства мяне аддалi ў спорт i я хацеў займацца толькi гэтым. Ужо ў пачатку кар'еры планаваў дабiвацца вялiкiх поспехаў, а калi пачаў заваёўваць першыя медалi, канчаткова зразумеў, што гэта маё i я зраблю ўсё, каб узысцi на вяршыню алiмпiйскага п'едэстала. Для фрыстайлiста важна жаданне, iмкненне да перамог. Ну i, безумоўна, храбрасць. Трэба перамагчы сябе ў момант старту i паехаць. Я заўсёды баюся перад скачком, i гэта нармальна — кожны з нас трошкi баiцца, але мы змагаемся са страхам. Ды i ў кожным вiдзе спорту трэба баяцца, калi такога пачуцця няма — у чалавека нейкiя парушэннi ў псiхiцы.

— Цi ёсць жаданне зараз закiнуць усё i проста адпачыць?

— Шчыра прызнацца, адразу пасля стартаў, калi вярнуўся ў алiмпiйскую вёску, на душы была пустата. Не верылася, што ўсё скончылася, здавалася, наперадзе яшчэ старты, старты.. Толькi калi мы прыляцелi ў Мiнск, зразумеў, што можна адпачыць i расслабiцца. А што далей? Трэба праверыць яшчэ раз сваю спiну, зрабiць МРТ, паглядзець, цi няма пагоршанняў. Потым невялiкi адпачынак — i новая праца, падрыхтоўка да новых выступленняў, да Алiмпiяды ў Сочы. А пакуль вельмi цяжка прызвычаiцца, усё ж рознiца з Ванкуверам 10 гадзiн, днём хочацца спаць, уначы — наадварот. Сёння я прачнуўся з думкамi, што зараз скачкi, лыжы, i толькi потым зразумеў, што ўжо ўсё, я дома. Добра быць алiмпiйскiм чэмпiёнам, але яшчэ лепш двухразовым цi трохразовым пераможцам. Але пакуль хочацца проста сямейнай утульнасцi i спакою. Зараз мы ўдваiх з жонкай, але, спадзяюся, неўзабаве нас стане больш.

— Перад турнiрам вы казалi, што прыехалi перамагаць. Не баялiся так самаўпэўнена выказвацца? I як вы ставiцеся да рознага кшталту забабонаў?

— Думаю, што кожны спартсмен ставiць перад сабою максiмальную задачу. Я сам максiмалiст па жыццi i ў Ванкувер ехаў з упэўненасцю, што буду ў прызёрах. Мы правялi вялiкую працу з Мiкалаем Iванавiчам Казекам, i ўсё гэта проста павiнна было прынесцi пэўны плён. Вельмi ўдзячны СМI, што перад гульнямi асноўная ўвага надавалася не мне i можна было спакойна рыхтавацца. Мяне не чапалi, далi магчымасць схавацца ад усiх. А наконт забабонаў — не, нiчога такога няма.

— Цi задавальнялi бытавыя ўмовы?

— Адзiнае, што не задавальняла мяне, з чым я змагаўся на працягу ўсiх гульняў — гэта ручнiкi. Яны былi новыя i зусiм нiчога не выцiралi, прычым сам ручнiк увесь заставаўся на табе. Бярэш фен i пачынаеш з сябе здзiмаць. Я хадзiў мыў гэтыя ручнiкi, але нiчога не дапамагала. Выцiраеш твар — ручнiк прылiпае да шчацiння, як Дзед Мароз выглядаеш! Праўда, потым ужо больш-менш стала нармальна, напэўна, iх добра прамылi. А наогул, у Ванкуверы была вельмi прыемная атмасфера, самыя добрыя валанцёры, якiх я бачыў. Хочацца туды вярнуцца: спадзяюся, яшчэ прыедзем на этап Кубка свету. А ўсiм чытачам пажадаю любовi. I абавязкова падтрымлiвайце адзiн аднаго — тады ўсё атрымаецца!

Мары пра маленькi адпачынак пасля бясконцай працыАсоль Слiвец: не паддавалiся на прапановы эстонцаў

— Якiя ў вас былi ўзаемаадносiны з братам у дзяцiнстве?

— У нас з Цiмафеем рознiца ў паўтара года — я старэйшая. Дзяцiнства ў нас было такое ж, як i ва ўсiх: мы заўсёды сварылiся, не маглi нiчога падзялiць, бiлiся падушкамi. I так год да 10-12. Але з тых часоў мы сябруем. Наогул, брат — мой самы блiзкi сябар.

— Вашыя блiжэйшыя планы?

— Трэба адпачыць: мы вярнулiся на радзiму як на другую планету. У вас тут дзень, у нас яшчэ ноч, i наадварот. Яшчэ не можам гэтага зразумець. Уночы снедаем, падымаемся ў чатыры ранiцы, тут звонiць тэлефон, усе пытаюцца аб планах. Ды няма зараз нiякiх планаў, проста хочацца адпачыць. Проста перастаць у галаве скакаць, прызямляцца, дакручваць.

— Як наогул спартсменаў прымалi ў Ванкуверы?

— Вельмi пазiтыўныя валанцёры, заўсёды сустракаюць, гатовыя дапамагчы. Ды i простыя людзi на вулiцы вельмi ветлiвыя. Пасля Лёшынага медаля мы паехалi гуляць па горадзе i на нас кiдалiся абдымацца ў метро. Крычалi "О, беларусы, вiншуем вас з золатам!" Гэта вельмi здзiўляла — нашу маленькую краiну так успрымаюць.

— Утульна сябе адчувалi ў форме, якая была спецыяльна пашытая да гэтых гульняў?

— Так! Усё проста цудоўна! Да нас падыходзiлi прадстаўнiкi iншых краiн — аўстралiйцы, амерыканцы — i прапаноўвалi абмяняцца формай, але форма шмат для нас значыць. Так што мы не паддалiся на прапановы, хоць латышы з эстонцамi нават прапаноўвалi па $500 за яе.

— Цi кантактавалi падчас гульняў з расiйскiмi спартсменамi i як можаце ацанiць iх выступленне?

— З Расii прыехала вельмi шмат чыноўнiкаў, i яны не заўсёды паводзiлi сябе належным чынам: некаторыя дэпутаты былi заўважаны ў непрыстойным выглядзе. "Рускi дом" знаходзiўся акурат на выхадзе з Алiмпiйскай вёскi, i ўсё было бачна. Магу сказаць, чыноўнiкаў, напэўна, было нават больш, чым спартсменаў з нашай усходняй суседкi. А ацэнкi складана даваць, хай гэтым лепш займаюцца ў самой Расii.

Мары пра маленькi адпачынак пасля бясконцай працыСяргей Новiкаў: просты хлопец

— Вам ужо сказалi, якiя ўзнагароды вас чакаюць за медаль?

— Пакуль яшчэ нiчога не казалi. Ды i не думаю пра тое, як размеркаваць грошы, якiя належаць за медаль. Дарэчы, сам медаль падаў ужо два разы, добра што не лопнуў. Але ўсе вырашылi, што на шчасце.

— Застануцца сiлы на старты гэтага сезона?

— Толькi што прыехаў з Магiлёва, там сёння а палове восьмай ранiцы была сустрэча з губернатарам. Да гэтага таксама шмат карэспандэнтаў вакол, а ў цябе аклiматызацыя, не разумееш, дзе ты знаходзiшся, спаць хочацца. Хацелася б цяпер пару дзён адпачыць, патрэнiравацца i яшчэ тры этапы Кубка свету правесцi на высокiм узроўнi.

— Некаторыя спартсмены кажуць, што харчаванне было не вельмi добрым...

— Мне падабалася толькi першы тыдзень, а потым неяк усё прыелася, занадта салёнае ўсё, своеасаблiвае. Напрыканцы хадзiў у сталовую ўжо на аўтамаце з устаноўкай, што "трэба штосьцi з'есцi".

— Не крыўдна, што ваш поспех могуць успрымаць як выпадковы?

— Выпадковасцяў не бывае. Мы рыхтавалiся, i я ведаў, што калi на 20 кiламетрах адстраляю на "нуль", то буду даволi высока. А наконт увагi прэсы... Ды мне неяк не да гэтага, я просты хлопец, мая задача трэнiравацца i выступаць.

Мары пра маленькi адпачынак пасля бясконцай працыДар'я Домрачава: трошкi пачакайце

— У вас наперадзе яшчэ некалькi стартаў у гэтым годзе, цi хопiць эмацыйнага настрою пасля такога поспеху?

— Мы стараемся захаваць азарт, спартыўны баявы настрой. На жаль, тут, у Мiнску, не ўсе людзi (тыя самыя журналiсты) разумеюць, што сезон працягваецца. Алiмпiйскiя медалi заваяваныя, i ўсiм хочацца пачуць нашыя каментары, але вялiкая просьба да журналiстаў: трошкi пачакайце. У нас павiнен заставацца нейкi час на адпачынак, трэнiроўкi таксама працягваюцца. А пасля стартаў Кубка свету мы адкажам на ўсе пытаннi.

— Верылi ў свой поспех?

— Упэўнена, што ў кожнага спартсмена, якi едзе на Алiмпiяду, адна мэта — перамога, проста хтосьцi гаворыць пра гэта, а хтосьцi трымае ў сабе i проста iдзе да яе.

— Цi былi праблемы з харчаваннем, пра якiя часам узнiкалi чуткi ў розных СМI?

— Акрамя Макдональдса, там было яшчэ шмат iншых месцаў, з рознымi стравамi, кухнямi. Магчыма камусьцi i не падабалася, але асабiста мне спадабалася, нiчога не перашкаджала заваяваць алiмпiйскую ўзнагароду.

Мары пра маленькi адпачынак пасля бясконцай працыДзмiтрый Дашчынскi: у алiмпiйскую вёску, як дахаты

— Што можа паўплываць на вашае рашэнне працягваць цi не кар'еру? Магчыма, смс-кi ад шматлiкiх заўзятараў з просьбай застацца?

— Цяпер цяжка казаць канкрэтна. Хадзiлi чуткi, што ў Ванкуверы я наогул выступаў апошнi раз, але я такога нiколi не казаў. Час пакажа, цi будзе жаданне працягваць. У некаторы момант разумееш, што пасля доўгай кар'еры цяжка знаходзiць матывацыю, таму што Алiмпiйскiя гульнi толькi раз у чатыры гады, а ў астатнi час таксама трэба трэнiравацца, выступаць, падтрымлiваць сябе ў добрай форме. Так што пакуль не ведаю, трэба пачакаць, а потым будзе бачна.

— Для вас гэта была ўжо чацвёртая Алiмпiяда, можаце параўнаць яе з папярэднiмi?

— Мне здаецца, арганiзатары зрабiлi вельмi шмат, каб спартсмены адчувалi сябе як дома. Калi вярталiся ў вёску, шмат людзей падыходзiла, вiталiся. Праз тыдзень ужо вярталiся туды як дахаты. Для мясцовых жыхароў гэта было сапраўднае свята. Вялiкая колькасць людзей была заўсёды i паўсюль. Ды i да харчавання нiякiх прэтэнзiй. Я так разумею, незадаволеныя былi толькi хакеiсты, а мы простыя людзi. Пры жаданнi можна было без праблем паесцi.

Яўген ВАРАКСА.

 

←Манежный галоп

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика